Ала Пазнякова: “Мая Актыўная ацэнка ўчора, сёння і заўтра”

Аўтар – настаўніца гісторыі СШ №10 г. Бабруйска, студэнтка дыстанцыйнага навучання па Актыўнай ацэнцы ў 2014-15 г.-  напісала свой родум пра змены, якія прынесла новая методыка ў яе працу.

Як даўно я працую у школе- 36-ы год!  Здаецца, што можна было зрабіць,- зрабіла. Працавала і працую добрасумленна, люблю тое  што раблю, і тых,  для каго працую. Выхавала шмат добрых людзей, пераможцаў рознага ўзроўню алімпіяд. Ёсць сярод маіх вучняў і настаўнікі гісторыі, чым я вельмі ганаруся. Усё, здаецца, можна ісці на пенсію, тым больш, што ўзрост дазваляе (ой-ёй, колькі мне гадоў ужо..).  Але не магу сядзець на  месцы. Колькі працую ў школе – вучуся. Часцей за ўсе сама. Настаўнік жа толькі тады мае права  вучыць, калі сам заўсёды вучыцца. Даволі даўно ўзніклі думкі пра ўдасканаленне сістэмы адукацыі. Мы, настаўнікі, шмат намаганняў і часу надаем вывучэнню фактаў, падзей, думак і г. д.. А зразумела ж, што не думкам  трэба вучыць, а вучыць думаць. Такую сучасную ідэю выказаў яшчэ І.Кант.

На сваіх уроках   і раней старалася абыходзіцца, наколькі гэта магчыма, без адзнак. Заўсёды старалася зрабіць камфортным знаходжанне нават у кабінеце гісторыі, эмацыянальна настройвала дзяцей на атрыманне ведаў не дзеля адзнакі – для жыцця.  Разам з вучнямі вызначалі мэты ўрока, каментавалі  адказы аднакласнікаў, ацэньвалі вусна станоўчыя і адмоўныя вынікі, працавалі ў парах і групах, вызначалі ключавое пытанне (праўда, называлі яго праблемным), заўседы аналізавалі зробленае на ўроку, выкарыстоўвалі для гэтага і методыку падсумоўваючых сказаў .

Таму , калі выпадкова, вось які цуд, трапіла на сайт Актыўнай ацэнкі, блукаючы ў пошуках новых ведаў па сусветнай павуціне, зразумела адразу: вось яно, маё, тое, што даўно ведала, чаго даўно чакала.  Вялікі дзякуй за тое, што я разам з зацікаўленымі, апантанымі людзьмі, якія нясуць святло новых ведаў для самага галоўнага – для карысці нашых дзяцей.

Дыстанцыйны курс – гэта яшчэ адзін шанец навучыцца вучыць, але самае галоўнае –  навучыць вучыцца сваіх дзяцей. Вядома ж, што вучыць лёгка, навучыць значна складаней.

Самае галоўнае, што далі мне курсы, гэта веды, як правільна арганізаваць адукацыйную прастору ў классе, каб дзеці зразумелі сваю адказнасць за навучанне.

Выкарыстанне НаШтоБузу – гэта яшчэ адзін карысны здабытак для мяне.     Як гэта палягчае працу дзецям, як станоўча ўплывае на псіхалагічны камфорт на ўроку, знікае страх перад дрэннай адзнакай, узнікае зацікаўленасць у працы, у працы сумеснай.

Вельмі падабаецца і мне, і вучням прыём неўздымання рукі, наш “Куфэрак лёсу”. Гэта настройвае на працу ўсіх, лёс ёсць лёс, таму адказваць прыходзіцца ўсім, нават тым, хто адседжваўся, ці на каго не трапляў мой позірк, таму што заўсёды ёсць дзеці, якія цягнуць руку, і менавіта іх, чаго хітраваць, выклікала часцей.

Зваротная сувязь, методыка пастаноўкі пытанняў, ключавыя пытанні- гэта ўсё тое, што дазваляе эффектыўна працаваць на ўроку, без чаго зараз ужо не абыходзіцца ніводны ўрок.

Выкарыстоўваючы ўзаемаацэнку дзеці вучацца з павагай ставіцца да аднакласнікаў, паважаць іх працу. Вучацца знаходзіць нават у самым слабым адказе нешта станоўчае. А як гэтага не хапала раней, заўсёды лягчэй знайсці памылкі ў адказе, чым пахваліць за здабыткі.

Я зразумела, што нельга чакаць адказу на пытанне адразу, як толькі яго задала. А як я гэта люблю : спачатку імя вучня, а потым ужо пытанне… Курс навучыў мяне даваць час на абдумванне , на прагаворванне адказу ў парах. І адказы сталі больш грунтоўныя, аргументаваныя.

З задавальненнем выкарыстоўваем метадычныя дапаможнікі. У іх усё важна: і колер, і магчымасць ўзняць перакрэсленую далоньку, і напісаць дату або імя на белай старонцы, і вызначыць патрэбную літару адказу. Карыстаемся імі на розных этапах урока.

Канешне сутнасць АА – гэта зваротная сувязь. Яна патрабуе ад настаўніка шмат працы (асабліва пісьмовая), але колькі ад гэтага карысці. Дзеці не губляюцца  ў аб’ёмным матэрыяле , лягчэй знаходзяць свой ўласны шлях да ведаў.

Выкарыстоўваць буду ўсе элементы АА . Таму што АА – гэта тое, што  дапамагае вучням    пастаянна бачыць і разумець свае поспехі (і радавацца гэтаму), памылкі (і працаваць над імі); валодаць працэдурамі ацэнкі, кіраваць уласным навучаннем, быць адказным за яго. А гэта павышае матывацыю вучэння.

Канечне, я далёкая ад думкі, што ўсё ўжо ведаю, ўсяму навучылася, і далей ўсе пойдзе, як па маслу. Вучыцца яшчэ дый вучыцца. Працаваць і працаваць, асабліва з бацькамі і настаўнікамі. Галоўнае, данесці да грамадскасці неабходнась змен стратэгіі навучання. А гэта складана.  Але ад АА ўжо не адмоўлюся ні ў якім выпадку.  АА – гэта стратэгія, якая накіроўвае на дзейнасць, а гэта значыць, што з урокаў знікае нуда.  Вядома ж , што няма нічога больш пагібельнага для ўрока, чым нуда.

Вялікі дзякуй усім, хто мае дачыненне да арганізацыі курса.


Comments

Ала Пазнякова: “Мая Актыўная ацэнка ўчора, сёння і заўтра” — 4 каментарыя

  1. Вяликi Вам дзякуй за каментар. Вельмi прыемна ведаць, што твае думкi разумеюць. I Вам поспеху , паважаная Наталля.

  2. Алла, дзякуй вам за артыкул! Паважаю вас і кахаю за адкрытасць, шчырасць і дабрату. Поспехаў, супрацоўнікаў і аднадумцаў. А ўзрост – гэта не памеха, а, нават, наадварот – багацце! усе яшчэ наперадзе!

Пакінуць адказ на Наталья Бартошик Адмяніць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: