Набор на дыстанцыйны курс “Актыўная ацэнка – 2016″ будзе праходзіць з 7 па 25 верасня 2016 г.
Апошні тэрмін падачы заявак – 25 верасня 2016 г., 17:00
Запрашаем настаўнікаў, выкладчыкаў педагагічных установаў, метадыстаў на курс дыстанцыйнага навучання «Актыўная ацэнка».
Умовы ўдзелу:
Усе кандыдаты для ўдзелу ў праграме павінны:
• Займацца актыўнай выкладчыцкай дзейнасцю і мець жаданне развіцця сваіх прафесійных навыкаў, прафесійнай самарэалізацыі;
• Быць адкрытымі да ўспрыняцця новай інфармацыі і гатовымі да апрабацыі новых ведаў на практыцы;
• Валодаць базавымі ведамі па карыстанні камп’ютарам і мець доступ да інтэрнэту, мець уласную скрыню электроннай пошты;
• Самастойна даслаць заяўку на навучанне.
Змест і арганізацыя курса
Актыўная ацэнка (АА) не разглядае ацэньванне як кантроль, яна дазваляе эфектыўна матываваць вучняў, прымушае іх браць на сябе адказнасць за сваё навучанне.
Укараненне актыўнай ацэнкі ў Вашу педагагічную дзейнасць будзе, вiдавочна, патрабаваць змены існуючых звычак і метадаў працы, а таксама прыстасавання прапанаваных элементаў актыўнай ацэнкі да Вашай сістэмы навучання. Пры гэтым актыўная ацэнка не патрабуе змяненняў у навучальнай праграме.
Як удзельнік / удзельніца курсаў Вы будзеце паступова ўводзіць на сваіх уроках элементы актыўнай ацэнкі і карыстацца дапамогай ментара. Курс складаецца з сямі модуляў. Кожны модуль працягваецца каля трох тыдняў. Прыкладна раз на тры тыдні ўдзельнікі будуць атрымліваць невялікі дыдактычны матэрыял (4 – 6 старонак) і заданне, якое будуць павінны зрабіць у класе са сваімі вучнямі (студэнтамі). Пры жаданні ўдзельнікі змогуць карыстацца дадатковай літаратурай, а таксама матэрыяламі сайта www.aacenka.by. Па выніках кожнага модуля пішацца справаздача ў выглядзе анкеты.
Настаўнікі, якія скончаць курс «Актыўная ацэнка», атрымаюць пасведчанне аб заканчэнні 90-гадзіннага курса (сертыфікат міжнароднага ўзору).
Усім студэнтам будзе даслана кніга-дапаможнік “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт беларускіх настаўнікаў”. На жаль, сёлета для ўдзельнікаў курса не прадугледжана замежная стажыроўка.
Тэрмін навучання – 6 месяцаў.
Пачатак рэгістрацыі адабраных кандыдатаў – 5 кастрычніка 2016 г.
Удзел у навучанні – бясплатны.
Хто вядзе курс:
Курс дыстанцыйнага навучання праводзіцца пры падтрымцы РГА «Таварыства беларускай школы», Цэнтра грамадзянскай адукацыі (Польшча), адукацыйных парталаў www.nastaunik.info, www.aacenka.by ды інш. У якасці ментараў і кансультантаў выступаюць найлепшыя педагогі-практыкі, метадысты, выкладчыкі ВНУ, якія самі прайшлі навучанне і ў вялікай ступені склалі гэты інтэрнэт-курс ці адаптавалі яго да беларускіх умоваў.
Як падаць заяўку:
Для ўдзелу ў конкурсным адборы трэба запоўніць анкету-заяўку анлайн. Калектыўныя заяўкі не прымаюцца. Перавага будзе аддадзена найбольш матываваным удзельнікам і прадстаўнікам школ, дзе працуюць інавацыйныя пляцоўкі.
Апошні тэрмін прыёму заявак – 25 верасня 2016 г., 17:00.
Пра вынікі адбору будзе паведамлена да 5 кастрычніка 2016 г.
Запоўніць анкету-заяўку можна тут: https://docs.google.com/forms/
Я спазнілася падаць заяўку. Што рабіць?
Шаноўная Марыя. Сёлета курс ужо пачаўся. На жаль, шмат настаўнікаў не змаглі патрапіць, бо нашыя магчымасці не дазваляюць навучаць больш за 100 чалавек. Наступны набор будзе не раней верасня наступнага года. Будзем спадзявацца, што курсам калі-небудзь зацікавяцца нашыя ІРА і АПА. Тады наборы пашырацца.