Курс АА – змест модуля 1 “Мэты і крытэрыі ацэнкі”

Выкладаем змест модуляў курса дыстанцыйнага навучання “Актыўная ацэнка” у адкрыты доступ.Цяпер кожны зможа яго прайсці самастойна.

Што можна распавесці вучням на этапе ўвядзення актыўнай ацэнкі?

Канешне, настаўнік можа расказаць пра ўласную матывацыю навучання на курсе АА, эфектыўнасць новай методыкі паводле даследаванняў і яе шырокае выкарыстанне ў розных краінах, высокія месцы ва ўсіх міжнародных рэйтынгах ацэнкі школьных сістэм. Але ці будзе гэта цікава нашым вучням? Прапануем уключыць у размову настаўніка з вучнямі пра ўвядзенне актыўнай ацэнкі  палажэнні, якія коратка тлумачаць змест новаўводзінаў з пункту гледжання і інтарэсаў вучня.

Што можна сказаць школьнікам, дамаўляючыся пра ўвядзенне АА:

  • буду распавядаць вам пра мэту кожнага ўрока, каб вы ведалі, што і навошта будзеце вучыць, а таксама, каб напрыканцы вы змаглі самі ацаніць наколькі мы дасягнулі нашы мэты
  • буду паведамляць вам ці вызначаць разам з вамі  крытэрыі поспеху  і буду  ацэньваць вашу працу  толькі на падставе таго,  пра што мы дамовіліся
  • буду прапаноўваць вам пытанні і заданні, якія дапамогуць  лепш зразумець і засвоіць змест тэм і зробяць навучанне цікавым і карысным
  • замест адзнак вы часта будзеце атрымліваць каментарыі да вашай работы, г. зн., што вы зрабілі добра, а што і як маеце выправіць (такім чынам, у вас будзе магчымасць патрэніравацца і добра падрыхтавацца да кантролю)
  • вы навучыцеся каментаваць работы і мы часта будзем выкарыстоўваць узаемаацэнку, а таксама даваць адно аднаму парады і супрацоўнічаць
  • адзнакі вы будзеце атрымліваць галоўным чынам па самастойных выніковых працах напрыканцы тэмы ці  раздзела
  • вы навучыцеся ацэньваць сябе самі і на гэтай падставе планаваць уласнае далейшае развіццё

Каб знайсці для вучняў матывацыю ўкаранення АА, прапануем паглядзець урывак з майстар-класа Галіны Сухавай пра мэты  Актыўнай ацэнкі для настаўнікаў.

Што рабіць, каб  вучні  змаглі звязаць папярэднія веды з новым матэрыялам?

Даследаванні паказваюць, што дзеці вучацца лепш, калі ўсведамляюць значнасць і кантэкст зместу, які вывучаюць. Аднак гаворка ідзе не толькі аб прыгадванні вядомых ведаў, але і пра іх актывізацыю. Новы матэрыял неабходна нарошчваць – гэта значыць, трэба прытрымлівацца чагосьці ўжо вядомага. Гэта важная частка канструктывісцкага навучання. Камбінаваць новыя веды з ужо вядомымі/набытымі (актывізаваць веды) варта не толькі ў пачатку новага ўрока, але і падчас яго.

Вам могуць дапамагчы:

  • наступныя сказы: Гэта падобна да… Гэта адрозніваецца ад таго, што мы ўжо абмяркоўвалі, тым… Гэта аналагічна пытанню, якое абмяркоўвалася раней… Давайце знойдзем падабенства і адрозненні паміж… Што вы ўжо ведаеце пра гэта…
  • карты ці тэсты самаацэнкі, дзе вучні пазначаюць зразумелую для іх інфармацыю і матэрыял, які дагэтуль не разумеюць
  • стымулюючы матэрыял, які ўтрымлівае матэрыял папярэдніх тэм, звязаны з новай тэмай
  • тэксты ці схемы з прабеламі для запаўнення і інш…

Чым адрозніваюцца мэты для настаўніка і для вучня?

Плануючы ўрок, вы спачатку вызначаеце сваю мэту, ведаючы, што вашы вучні ўжо ведаюць і чаму вы хочаце іх навучыць далей.Тут вы ўлічваеце вучэбную праграму, вынікі папярэдняга ўрока, інтарэсы вучняў і магчымасці вашай школы. Таксама вельмі важна паставіць такую мэту, каб, з аднаго боку, гэта быў выклік для вашых вучняў, а з другога – каб яе можна было дасягнуць за адзін урок і каб вучань такім чынам апынуўся ў сітуацыі поспеху. 

Такім чынам, мэта – гэта стан да якога мы імкнемся, а не шлях да яго, напрыклад:

  • навучыцеся рашаць квадратнае ўраўненне замест практыкавацца ў рашэнні квадратных ураўненняў;
  • навучыцеся вызначаць геаграфічнае становішча замест будзеце вучыцца вызначаць геаграфічнае становішча
  • даведайцеся, як напісаць эсэ, замест паспрабуеце пісаць эсэ.

Фармулюючы мэту для сябе, вы можаце выкарыстоўваць прафесійную мову, напрыклад, вучань даследуе ход ферментатыўнага каталізу або будзе вывучаць этыкет рыцара і яго трансфармацыю ў наступныя эпохі.
Тут варта выкарыстоўваць наступныя парады:

  • тэма і мэта – гэта не адно і тое ж
  • мэты настаўніка могуць быць шырэйшымі за мэты вучня і адрознівацца ад іх
  • мэта ўрока павінна быць вызначаны перад ім, а не падчас яго
  • мы пачынаем планаваць урок з мэты, а не дадаем яе ў канцы
  • мэта павінна быць звязана з тым, што навучэнцы ўжо ведаюць
  • абмежаваная колькасць мэтаў – яны павінны быць дасягнуты на працягу 45 хвілін урока.

Беларуская мова, 4 клас. Тэма “Сувязь сказаў у тэксце”.

Мэта настаўніка: вучні будуць ведаць сродкі сувязі сказаў (лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, антонімы, выкарыстанне слоў ён, яна, яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў) і ўмець  іх знаходзіць у тэксце.

Матэматыка. 5 клас. Тэма: “Ступень ліку з натуральным паказчыкам”

Мэта настаўніка: вучні будуць ведаць уласцівасці ступеней з натуральнымі і цэлымі паказчыкамі і ўмець прымяняць азначэнні ступені з натуральным і цэлым паказчыкамі для вылічэння значэнняў і пераўтварэння лікавых выразаў

Такім чынам,  мэта настаўніка адказвае на пытанне “Якога выніку трэба дасягнуць?” Гэта праграмныя патрабаванні плюс вашы чаканні больш высокага ўзроўню (зона бліжэйшага развіцця) ад засваення зместу ўрока вучнямі.

Калі вы ўжо вызначылі мэту ўрока, сваю мэту, паспрабуйце выказаць яе на зразумелай вучню мове:

  • успомніце аднаго з вашых вучняў, які мае цяжкасці ў навучанні, і падумайце, ці зразумее ён мэту, пастаўленую перад ім
  • каб папрактыкавацца ў фармуляванні мэты на зразумелай вучню мове, вы можаце даручыць вучням у парах сказаць, што яны зразумелі і як інакш яны выказалі б мэту іншымі словамі. Так вы пабачыце, ці ўсе добра разумеюць мэту – гэта важна для эфектыўнай працы з мэтамі

Паглядзіце кароткае відэа, як вучні працуюць з мэтамі ўрока (настаўніца Кацярына Ветрава).

Беларуская мова, 4 клас. Тэма “Сувязь сказаў у тэксце”.

Мэта настаўніка: вучні будуць ведаць сродкі сувязі сказаў (лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, антонімы, выкарыстанне слоў ён, яна, яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў) і ўмець  іх знаходзіць у тэксце.

Мэта вучня: даведаюся пра сродкі сувязі сказаў і  знайду іх  у тэксце.

Такім чынам, у актыўнай ацэнцы мэтавызначэнне адбываецца, як з пазіцыі настаўніка, так і з пазіцыі вучня.

Урок, тэма

Мэта настаўніка

Мэта вучня

Хімія, 9 клас Тэма “Наменклатура алканаў”.

 

Навучэнцы змогуць даваць назвы алканам па ІЮПАК, а таксама запісваць структурныя формулы алканаў па іх назвах.

навучуся даваць назвы алканам у адпаведнасці з правіламі

Біялогія, 7 клас. Тэма “Лішайнікі”

вучні  будуць ведаць спосабы распаўсюджвання, асаблівасці будовы і працэсы жыццядзейнасці лішайнікаў, змогуць распазнаваць лішайнікі ад іншых арганізмаў.

даведаюся пра  асаблівасці будовы і жыццядзейнасці лішайнікаў

Чалавек і свет,

5 клас

Тэма “Мая краіна”

вучні будуць ведаць назвы найбуйнейшых рэк і азёр Беларусі, змогуць паказаць на фізічнай карце Рэспубліку Беларусь, яе сталіцу

 

навучуся паказываць на карце нашу краіну,  сталіцу нашай дзяржавы і  вялікія рэкі і азёры Беларусі

Русский язык,

4 класс.

Тема «Имя прилагательное. Повторение»

учащиеся систематизируют знания об имени прилагательном

смогу составить словосочетания, предложения, небольшой текст,  используя имена прилагательные

 Навошта нам НаШтоБуЗу, калі ёсць мэты?

Часам бывае цяжка адрозніць мэты ўрока ад НаШтоБуЗу па іх фармулёўцы. Каб пазбегнуць такой сітуацыі, варта з самага пачатку памятаць, што мэты – гэта стан ведаў і ўменняў (галоўны вынік урока), да якіх імкнуцца настаўнік і вучні, а наштобузу – гэта сукупнасць паказчыкаў, па якіх мы ведаем, што мэта была дасягнута. Такім чынам, варта так сфармуляваць мэты і НаШтоБуЗу, каб вучні маглі адрозніваць адно ад другога і правільна вызначаць доказы ўласных ведаў і ўменняў.

Паколькі мэта вызначае асноўны вынік урока, кірунак работы вучняў, яе неабходна паставіць у пачатку заняткаў. Крытэрыі, як сведчанні дасягнення мэты, могуць быць вызначаны ў залежнасці ад патрэбнасцей або магчымасцей вучняў: адразу пасля мэтаў або па ходу урока.

Калі мэта для вучня гучыць, напрыклад, так: буду ведаць асаблівасці хвойных дрэў, НаШтоБуЗУ павінны ўдакладняць, канкрэтызаваць мэту, напрыклад:

• апішу асаблівасці ігліцы і шышак: хвоі, піхты, елкі, лістоўніцы, хвоі горнай, сасны і шышкі і ядлоўца

• назаву адрозненні паміж двума падобнымі відамі, напрыклад, елкай і піхтай, хвояй і карлікавай хвояй, ядлоўцам і цісам

• вызначу віды пералічаных раслін па выявах галінак з шышкамі, малюнках або фотаздымках.

НаШтоБуЗУ – гэта ўдакладненне мэтаў – і трэба праверыць, ці ёсць там паказчыкі, якія дазваляюць вызначыць ступень дасягнення кожнай з мэтаў.

Варта ўдакладніць розніцу паміж веданнем азначэння паняцця і яго асэнсаваннем. Розніца палягае  ў розных працэсах разумовай дзейнасці: веданнем (памяць) і  разуменнем (уменне тлумачыць паняцце сваімі словамі, прывесці прыклады). У залежнасці ад гэтага НаШтоБуЗУ будзе адрознівацца.

Варта таксама адзначыць, што НаШтоБуЗУ павінны быць вымяральнымі, таму мэтазгодна выкарыстоўваць дзеясловы закончанага трывання, якія ўжываюцца ў любой граматычнай форме, адаптаванай да адукацыйнага ўзроўню вучняў, а таксама вызначэнне ўзроўню выканання задання з якаснымі і, часам, колькаснымі паказчыкамі (напрыклад, назваць / прывесці не менш за два прыклады, беспамылковае рашэнне і г.д.).

Беларуская мова, 4 клас. Тэма “Сувязь сказаў у тэксце”.

Мэта настаўніка: вучні будуць ведаць сродкі сувязі сказаў (лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, антонімы, выкарыстанне слоў ён, яна, яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў) і ўмець  іх знаходзіць у тэксце.

Мэта вучня: даведаюся пра сродкі сувязі сказаў і  знайду іх  у тэксце.

НаШтоБуЗУ

1) Магу  вызначыць тэму і асноўную думку тэкста

2) Назаву словы, якія паўтараюцца ў тэксце

3) Магу замяніць адно слова ў тэксце блізкім па значэнні

4) Пералічу 5 сродкаў сувязі сказаў у тэксце

Сусветная гісторыя, 5 клас. Тэма «Культура старажытных егіпцян»

Мэта настаўніка: навучэнцы будуць ведаць асноўныя культурныя дасягненні егіпецкай цывілізацыі і змогуць праілюстраваць уплыў культуры Старажытнага Егіпта на развіццё іншых цывілізацый.

Мэта вучня: даведаюся пра культуру старажытных егіпцян і яе сувязь з іншымі культурамі

НАШТОБУЗУ:

1) назаву імя чалавека, які расшыфраваў егіпецкія іерогліфы

2) пералічу асноўныя культурныя дасягненні Старажытнага Егіпта (не менш за тры)

3) прывяду прыклады сувязі  рэлігіі і мастацтва, рэлігіі і архітэктуры, рэлігіі і медыцыны ў Старажытным Егіпце

4) коратка растлумачу, як арашаемае земляробства уплывала на развіццё адукацыі, матэматыкі, астраноміі, выкарыстоўваючы словы папірус, іерогліфы, піраміды, астраномія, сонечны каляндар

Біялогія. 7 клас. Хвашчы

Мэта настаўніка: будуць ведаць распаўсюджванне, асаблівасці будовы і працэсаў жыццядзейнасці хвашчоў;
умець называць адметныя прыкметы хвашчоў, распазнаваць іх на малюнках, прыстасаванні да асяроддзя пражывання; характарызаваць ролю хвашчоў у экасістэмах і выкарыстанне іх чалавекам.
Мэта вучня: даведаюся аб будове, жыццядзейнасці і распаўсюджванні хвашчоў.
НаШтоБуЗу:
1) Пакажу месцы рассялення хвашчоў, назаву не менш за 3 прадстаўнікі.
2) Апішу знешнюю будову хвашчу і раскажу, як ён размнажаецца.
3) Назаву падабенствы і адрозненні ў будове хвашчоў, дзеразы і папараці.
4) Прывяду не менш як 5 прыкладаў значэння хвашчоў у прыродзе і ў жыцці чалавека.

Хімія. 9 клас. Хлор

Мэты настаўніка: вучні будуць ведаць асаблівасці электроннай будовы атамаў неметалаў на прыкладзе хлору і ведаць фізічныя і хімічныя ўласцівасці простага рэчыва хлору і яго распаўсюджанасць у прыродзе; змогуць характарызаваць атамы элементаў, сыходзячы з іх месца ў перыядычнай сістэме.

Мэты вучня: даведаюся аб асаблівасцяях электроннай будовы атамаў неметалаў на прыкладзе хлору і змагу характарызаваць атамы элементаў, сыходзячы з іх становішча ў перыядычнай сістэме;

НаШтоБуЗУ:

1) Самастойна прывяду электронную будову атома хлору на падставе перыядычнай сістэмы элементаў

2) Вызначу фізічныя ўласцівасці, характэрныя для хлору, з прапанаванага пераліку.

3) Запішу не менш за тры ўраўненні узаемадзеяння хлору з простымі і складанымі рэчывамі.

Рэкамендуем вам паэксперыментаваць з НаШтоБуЗУ. Як і ў выпадку з мэтамі ўрока, мы можам інфармаваць вучняў пра крытэрыі ацэнкі на пачатку ўрока: даручыць вучням запісваць крытэрыі ў сшытак, раздаць лісточкі для ўклейвання ў сшыткі (можна адразу на некалькі ўрокаў ці ўвесь раздзел), вывешваць іх на плакаце ў класе.

Безумоўна, у кожным класе ёсць вучні з рознымі здольнасцямі, таму для высокаматываваных вучняў можна дадаць крытэрый  з зорачкай – напрыклад, творчае заданне для ахвотных, а для вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі можна паменьшыць колькасць пунктаў, ці дадаць больш колькасных паказчыкаў, напрыклад, назваць 2 культурных дасягненні Старажытнага Егіпта.

Урывак з майстар-класа Элы Якубоўскай і Алены Ананчыкавай з прыкладамі, як сфармуляваць НаШтоБуЗу

Якім спосабам праінфармаваць вучняў пра мэты і крытэрыі?

  • добрай практыкай з’яўляецца пісьмовае прадстаўленне вучням мэты і НаШтоБуЗу, каб яны маглі ў любы час праверыць, ці ідзе іх навучанне ў правільным кірунку
  • варта даваць вучням мэты і НаШтоБуЗУ да ўрока, дамашняга задання, пэўнага раздзела, класнай ці самастойнай работы (вучні запісваюць у сшытак адну галоўную мэту і некалькі элементаў НаШтоБуЗУ)
  • больш амбітным настаўнікам можна  паспрабаваць вызначаць мэты разам з вучнямі – гэта вельмі карысна, паколькі робіць вучняў яшчэ больш адказнымі за сваё навучанне
  • можна запісваць мэту і НаШтоБуЗу на дошцы на перапынку альбо дыктаваць у пачатку ўрока – гэта не зойме шмат часу ці раздаваць гатовую раздрукоўку, якую трэба ўклеіць у сшытак
  • можна завесці спецыяльную тэчку, у якой захоўваць мэты і НаШтоБуЗУ для ўсіх заняткаў, і пры неабходнасці, напрыклад, раз на тыдзень, капіраваць аркушы, рэзаць іх на палоскі і раздаваць вучням у пачатку ўрока

Як можна праверыць дасягненне мэты ўрока?

Аналіз ступені дасягнення мэтаў можа прымаць розныя формы:

  • папрасіць вучняў выказаць уласнае меркаванне, задаць ім кантрольныя пытанні, папрасіць вучняў дапоўніць сказы, якія маюць сувязь з мэтамі ўрока (напрыклад, “Сёння я даведаўся, што…), альбо проста выдзеліць час на ўроку для дыскусіі пра ступень дасягнення мэтаў
  • дамовіцца з вучнямі, што пры дасягненні мэты або асобнага крытэрыя на ўроку вучні пішуць насупраць іх плюс. Гэта прымушае ўсіх сачыць за ходам урока і быць пільнымі, бо напрыканцы мы правяраем гэтыя значкі і эфектыўнасць у дасягненні пастаўленых мэтаў
  • напісаць мэты і НаШтоБуЗУ на бакавой дошцы і пакінуць іх на цэлы дзень працы з класам. Вучань, які першы заўважыць, што мэта альбо крытэрый НаШтоБуЗУ дасягнуты, размяшчае на дошцы побач з мэтай ці крытэрыем поспеху сіні магніт
  • зрабіць міні-агляд (праводзіцца ў канцы ўрока):1) Што вывучалі? Назавіце тэму ўрока 2) З якімі заданнямі вы справіліся без дапамогі настаўніка, аднакласніка? 3) Вызначце найбольш важнае на гэтым уроку 4) Што выклікала цяжкасці, засталося незразумелым? 5) Што хацелася б даведацца па тэме дадаткова? 6) Што ў мяне атрымалася лепш за ўсё? 7) Што мне неабходна ўдасканаліць?
  • галасаванне: настаўнік паслядоўна агучвае пункты НаШтоБуЗу, а вучні кожны раз падняццем рук паказваюць, ці дасягнулі яны зададзенага крытэрыя. Педагог запісвае вынікі галасавання і вырашае, да якіх пунктаў трэба вярнуцца. Дасягнутыя пункты НаШтоБуЗу можна сімвалічна сцерці, закрэсліць, пазначыць смайлікам
  • кішэня, шуфляда: намалюйце кішэню ці шуфляду на дошцы ці плакаце. Кожны вучань рыхтуе па дзве карткі. Вучань кладзе ў кішэню тое, што зразумеў, чаму навучыўся, а ў шуфляду тое, над чым яму яшчэ трэба папрацаваць, да чаго ён хацеў бы вярнуцца
  • размова ў парах пра тое, што было самым важным на ўроку.Настаўнік арганізоўвае гутарку ў парах, звяртаючы ўвагу на тое, каб вучні абмеркавалі дасягенне мэты і НаШтоБуЗу. Пасля гутаркі настаўнік апытвае вучняў, слухаючы тых, хто хоча выказацца.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: