Як задаваць пытанні, каб стымуляваць навучанне?
Гаворка пойдзе як пра форму пытанняў, так і пра іх змест і магчымасці выкарыстання на ўроках.
Настаўнікі звычайна не задумваюцца пра тое, якім чынам яны працуюць з пытаннямі. Таму спачатку вызначым праблемы, звязаныя з пытаннямі ў навучанні:
-
- настаўнікі задаюць шмат закрытых пытанняў і часта самі на іх адказваюць. Напрыклад: “Ад якіх велічынь залежыць электрычнае супраціўленне?”
-
- настаўнікі занадта захапляюцца пытаннямі на праверку ведаў вучняў – так званыя пытанні пра факты. Напрыклад: “Калі адбылася Грунвальдская бітва?”, “У якіх адзінках вымяраецца напружанне?” Вядома, такія пытанні таксама неабходныя, яны паказваюць, наколькі вучань добра ведае матэрыял. Але пры гэтым яны не прымушаюць школьнікаў разважаць.
-
- дзеці, якія да школы ахвотна распытваюць бацькоў і выхавальнікаў пра ўсё, што яны бачаць, страчваюць такую цікаўнасць у школе. Магчыма, гэта вынікае з таго, што інфармацыю яны атрымліваюць раней, чым паспяваюць ёй зацікавіцца.
-
- настаўнікі даюць зашмат паведамленняў, не пакідаючы дзецям часу на роздум і развагі. На пытанне “Як доўга пасля пастаноўкі пытання Вы чакаеце адказу вучня?” настаўнікі ў большасці адказвалі так: “Некалькі секунд”. Многія педагогі ўвогуле не даюць вучням такога часу і выклікаюць першага вучня, які падымае руку. Такім чынам, час на роздум над пытаннем працягваецца да першай узнятай рукі. Калі ж такіх няма, настаўнік звычайна сам адказвае на пастаўленае пытанне. Вучні прызвычайваюцца да падобнай сітуацыі і перастаюць разважаць над адказам. Яны спадзяюцца, што на пытанне адкажа хтосьці іншы – вучань, які заўсёды падымае руку, або сам настаўнік.
-
- настаўнік выклікае толькі пэўных вучняў, як правіла, найбольш здольных. Ён робіць так таму, што хоча хутка атрымаць правільны адказ, які звычайна можа даць здольны вучань. На пытанне: “Як Вы думаеце, ці многія вучні ўдзельнічаюць у адказах на пытанні”, настаўнікі, як правіла, адказвалі, што імкнуцца задаваць пытанні розным вучням. Але насамрэч атрымліваецца іншае: апытваюцца толькі некаторыя вучні.
- настаўнік ставіць пытанні пра тое, што добра ведае сам і што дзецям нецікава.
Праца з пытаннямі можа стаць самай жаданай і запатрабаванай на ўроку. Для матывацыі прапануем паглядзець, як настаўніца пачатковых класаў Святлана Локіс з дапамогай пытанняў стварае пазітыўную атмасферу, актывізуе наяўныя веды вучняў і стымулюе ўсіх да працы (рэкамендуем падпісацца на ютуб-канал Святланы).
Актыўная ацэнка прапануе прытрымлівацца наступных рэкамендацый.
1. Пажадана па магчымасці адмаўляцца ад пастаноўкі пытанняў, адказы на якія настаўнік ведае сам. Напрыклад, замест пытання “Што называецца інерцыяй?” лепш спытаць:”Як ты разумееш гэту з’яву – інэрцыю?” Такім чынам, замест закрытага пытання, адказ на які настаўнік ведае, ён пытае тое, што сам не ведае – як вучань разумее гэту з’яву. Пры гэтым навучэнцу становіцца зразумела, што для настаўніка галоўным з’яўляецца не інэрцыя, а ён (вучань), яго разуменні гэтай з’явы. Прапануецца часцей прымяняць адкрытыя пытанні, на якія няма прамых адказаў у падручніках. Гэта пытанні, адказы на якія могуць мець альтэрнатывы, ствараюць перадумовы для вылучэння вучнямі сваіх версій і ідэй, стымулююць іх пазнавальную актыўнасць, развіваюць крытычнае мысленне.
2. Патрэбна істотна павялічваць час чакання адказаў ад вучняў. Можна палічыць пра сябе моўчкі – гэта дапамагае вытрымаць цішыню, якая павісае ў класе пасля зададзенага пытання.Некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць пясочныя гадзіннікі, змешчаныя на бачным месцы ў класе. Чакаць нялёгка – Вы, відавочна, памятаеце гэты невыносны цяжар мёртвай цішыні. Паспрабуйце спачатку пачакаць 5 секунд, а потым выклікаць каго-небудзь. Выгады ад павелічэння часу чакання неаспрэчныя, паколькі:
- вучні маюць магчымасць разважаць
- змяншаецца колькасць выпадкаў адсутнасці адказу
- вучні становяцца больш упэўненымі ў сабе
- вучні выкарыстоўваюць або ўдакладняюць адказы аднакласнікаў
- вучні прапаноўваюць больш альтэрнатыўных рашэнняў.
3. Замяніць падыманне рукі на выпадковы выбар таго, хто будзе адказваць (лёсаванне, выцягванне палоскі з іменем і інш.). Часта, асабліва ў малодшых класах, вучні адразу пасля агучвання пытання падымаюць руку, імкнучыся адказаць на яго. Руку паднімаюць нават тыя, хто не ведае адказ. Мы раім усталяваць для вучняў правіла непадымання рук. Настаўнік чакае адказу, і пасля таго, як вызначаны час скончыцца, выклікае пэўнага вучня. Гэта гарантуе, што ўсе вучні будуць думаць, шукаць адказ на гэтае пытанне, паколькі любы з іх можа быць выкліканы. Многія з настаўнікаў, якія прымалі ўдзел у курсах па АА, сталі прымяняць правіла непадымання рук і выклікаць вучняў для адказу па жрэбію. Дзякуючы гэтаму ім удалося замяніць у класе атмасферу канкурэнцыі на дух супрацоўніцтва.
Практыкуем правіла “непадымання рукі”
-
- Лёсаванне вызначае імя вучня, які адказвае. “Для лёсавання неабходны аднолькавага памеру, падпісаныя маркерам грэцкія арэхі (імёны вучняў), змешчаныя ў палатняны прыгожы мяшэчак. Арэхі дастаюцца “усляпую” настаўнікам ці асоба недаверлівым вучнем. Выняты арэх трэба пакласці назад у мяшэчак, каб дзіця ўсведамляла верагоднасць шматразовых зваротаў да яго і знаходзілася ў тонусе ўвесь урок”.
- Картачкі або палачкі з кардону з імёнамі вучняў. “Мой вучань выказаў такое меркаванне: Мне спадабалася правіла непадымання рукі. Раней калі я ведаў адказ і адразу падымаў руку, то вы казалі мне: “Я ведаю, Міша, што ты адкажаш правільна. Няхай паспрабуе адказаць Лёша. Або яшчэ хто-небудзь”. А цяпер, калі выклікаюць з дапамогай картачак з імёнамі, то мне часцей выпадае адказваць. Паразважаўшы над гэтым меркаваннем, сапраўды заўважыла такую нясправядлівасць да Мішы.
Практыкуем працу ў парах
Настаўнік можа дапамагчы навучэнцам пашукаць адказ на пытанне, рэкамендуючы размовы ў парах, каб вучні абменьваліся думкамі, узгаднялі, які адказ на пытанне больш правільны. Важна належным чынам падабраць пары вучняў, каб асоба, не вельмі моцная ў дадзеным прадмеце, магла працаваць з тым вучнем, хто мае лепшыя веды ці, напрыклад, лягчэй запамінае. Бо мэта настаўніка – не паказаць вучню, чаго ён не ведае ці не ўмее, а падтрымаць працэс навучання. Такім чынам, калі вучань чагосьці не ўмее, ці не ведае, але даведаецца ці пачуе гэта ад сябра, ён можа гэта запомніць – што паспрыяе навучанню. Пасля абмеркавання адказу настаўнік можа папрасіць агучыць яго. Гэты метад значна зніжае стрэс навучэнцаў, звязаны з неабходнасцю самастойна даваць адказ. Абмеркаванне ў парах таксама можа паказаць навучэнцам розныя спосабы ўспрымання праблемы. Яны лепш разумеюць матэрыял, калі тлумачаць яго іншым.
Прапануем тэхніку “Падумай – абмяркуй – падзяліся”
- Настаўнік задае пытанне ўсяму класу. Спачатку даецца 30 секунд, каб падумаць самастойна.
- Потым некалькі хвілін (2-3), каб абмеркаваць адказ у пары.
- Пасля гэтага пара агучвае свой адказ у групе або ўсяму класу.
Што гавораць нашы вучні пра працу ў парах?
Маргарыта: Той, з кім ты абмяркоўваеш, можа паправіць твае думкі, накіраваць іх у патрэбным накірунку, гэта дадае мне ўпэўненасці пры адказе.
Лізавета: Калі мы з суседкай па парце абдумваем адказ, то і растлумачваем, чаму мы так вырашылі.
Міхась: Гэта вельмі добра. Калі цябе не выклічуць, то можна выказаць сваё меркаванне суседу.
Антон: Добра, што Вы даеце час абмеркаваць у пары. Калі іншыя настаўнікі спачатку называюць маё прозвішча, я нават не ведаю яшчэ пытання – то пачынаю нервавацца, нават калі добра падрыхтаваўся.
Выкарыстоўваем няправільныя адказы
Пажадана змяніць стаўленне да няправільных адказаў, якія можна выкарыстаць на карысць навучання. Калі вы хочаце, каб вучні ахвотна адказвалі на вашы пытанні, трэба навучыцца правільна рэагаваць на іх няправільныя адказы. Часта няправільны адказ паказвае, як можна зрабіць недакладныя высновы або якім чынам вучні робяць тыповыя памылкі. Настаўнік можа нават парадавацца няправільнаму адказу, паколькі, дзякуючы яму, ён можа лепш растлумачыць пэўнае пытанне. Ён можа таксама падзякаваць вучням за няправільны адказ, таму што ён часам дапамагае знайсці лепшы кірунак вырашэння праблемы. Мы павінны дапускаць адказ кшталту “Я не ведаю”. Гэта таксама важная інфармацыя. Настаўнік можа ўбачыць, што вучні яшчэ не засвоілі матэрыял або што неабходна пачаць у класе дыскусію па гэтай тэме.
Ясна, што мы пачуваемся незадаволенымі, калі вучань няслушна адказвае на пытанне, нягледзячы на тое, што мы прыклалі столькі намаганняў і высілкаў на тлумачэнне матэрыялу. Але ж мы можам дапусціць, што вучань не быў уважлівым і не вучыў; што мы недастаткова добра патлумачылі матэрыял. У першым выпадку з’яўляецца думка «Ён мяне ігнаруе, не паважае», у другім мы адчуваем, што не здолелі выканаць сваю ролю. А насамрэч, памылак не дапускае толькі той, хто нічога не робіць! Памылковы адказ вучня сведчыць, што вучань мае нейкую праблему – альбо што нашыя тлумачэнні былі недастатковымі ці незразумелымі. Аднак, гэтак жа як і вучань, настаўнік таксама мае права быць недасканалым і памыляцца. Кожны вучань не падобны да іншых, а наш спосаб тлумачэння не можа быць універсальным для кожнай асобы. Належнай рэакцыяй на памылковы адказ вучня будзе спакойнае выпраўленне. Можа нават здарыцца, што такая памылка стане выдатным ключавым пытаннем да наступнага ўрока, калі яна вынікае з няведання, звязанага з новым вучэбным матэрыялам.
Прапануем тэхніку “20+3”
- Настаўнік задае пытанне класу і дае не меней 20 секунд на роздум.
- Выклікае трох чалавек (пажадана, каб гэта былі слабы, сярэдні і моцны вучні і неабавязкова, каб яны падымалі рукі) і выслухвае іх адказы. Настаўнік не агучвае, які адказ быў правільны і трымае аднолькавы выраз твару. Дзякуе кожнаму за адказ.
- Пасля трох выказванняў прапануе ўсяму класу абмеркаваць, які адказ быў правільны.
Прапануем праглядзець Вам відэа-ролік “Тэхніка задавання пытанняў”, зняты беларускімі педагогамі.
Практыкуем ключавыя пытанні
У актыўнай ацэнцы шырока выкарыстоўваюцца ключавыя пытанні – пытанні, якія стымулююць у вучняў жаданне шукаць на іх адказы і актывізуюць пазнавальную цікавасць і актыўнасць, прыцягваюць увагу, садзейнічаюць засваенню вучэбнага матэрыялу, правакуюць дыскусію, ствараюць праблемную сітуацыю. Ключавое пытанне гэта той кручок, які «чапляе» увагу вучня і не адпускае яго датуль, пакуль адказ на пытанне не знойдзены. Гэта такія пытанні, якія выводзяць навучэнцаў за межы школьнага жыцця і ствараюць на ўроку сітуацыю пазнавальнай напружанасці. Ключавое пытанне закранае больш шырокі кантэкст тэмы, якая вывучаецца на ўроку, датычыцца прадбачання і практычнага прымянення ведаў і мае некалькі функцый:
- стымуляванне мыслення і цікавасці да тэмы
- прыцягненне ўвагі і стварэнне сітуацыі выкліку
- паскарэнне засваення навучальнага матэрыялу
- арыенцір пры руху да мэты ўрока.
Настаўнік павінен знайсці ключавое пытанне яшчэ перад урокам, на этапе яго падрыхтоўкі. Мы раім задаваць ключавыя пытанні ў пачатку ўрока, каб даць вучням магчымасць шукаць на іх адказы на працягу ўсяго занятку. Па ходзе ўрока і на яго завяршэнні настаўнік і навучэнцы зноў і зноў вяртаюцца да ключавога пытання. Спачатку – як ідзе працэс пошуку адказу, а потым – які адказ на пытанне, ці знайшлі яго?
– Якую форму мае дно акіяна?
З такога простага на першы погляд пытання пачынае тэму “Рэльеф Зямлі” настаўніца геаграфіі Галіна Раманоўская. Аднак меркаванні вучняў раздзяліліся. Хтосьці з вучняў лічыць, што ўвагнутую, хтосьці – плоскую, а хтосьці – выпуклую (глядзі відэа 2.11-3.36). А што думаеце Вы? (адказ можаце знайсці тут 11.30-13.07)
Што трэба зрабіць, каб сфармуляваць добрае ключавое пытанне?
- яшчэ раз прааналізаваць мэту ўрока
- падумаць, як гэтая мэта спалучаецца з раней вывучаным матэрыялам, з іншымі ведамі пра навакольны свет, якія атрыманы на ўроках па іншых прадметах
- паразважаць, якое пытанне магло б зацікавіць вучняў і заахвоціць іх да пошуку адказаў.
Звычайна ключавыя пытанні гэта адкрытыя пытанні. Яны павінны быць сфармуляваны так, каб чалавек жадаў шукаць на іх адказы і пачынаюцца са слоў: “чаму”, “якім чынам”, “пры якіх умовах”, “якія вашы здагадкі”, “на чым будуецца ваша ўпэўненасць”, “якім будзе ваша рашэнне з нагоды”. Такое пытанне патрабуе разгорнутага адказу ў вольнай форме.
Як можа выглядаць ключавое пытанне?
Як адзначаюць эксперты, ключавыя пытанні не абавязкова маюць «пытальны» выгляд. Гэта могуць быць апісанне праблемы ці гіпотэзы, малюнак ці здымак, калаж ці паводзіны настаўніка. Настаўнікі фізікі часта выкарыстоўваюць у якасці ключавога пытання пастаноўку эксперыменту.
Грамадазнаўства,11 клас. Як выкарыстаць мапу каштоўнасцяў тут
Прыклады ключавых пытанняў, якія даслалі настаўнікі – студэнты нашых папярэдніх курсаў АА
Пачатковыя класы
- Што было б, калі б людзі не дамовіліся пісаць словы з вялікай літары?
- Якая, акрамя снега, прыкмета зімы паказвае жывёлам на спосабы зімоўкі?
- Чаму некаторыя дзеясловы не вызначыліся са сваёй формай? (Беларуская мова. 4 клас Нявызначаная форма дзеяслова)
- Як вы думаеце, грыбы – гэта расліны або жывёлы? (Чалавек і свет. Тэма “Грыбы”)
Замежная мова
- Чаму людзі імкнуцца апранацца па-сучаснаму?
- Уявіце сабе, ваш сябар з Германіі хоча даведацца, дзе вы жывяце. Як вы можаце апісаць сваю вуліцу?
- Што агульнага паміж Адамам Міцкевічам і верашчакай? (Тэма: Беларуская нацыянальная кухня, 4 клас )
- Вядомае выказванне гучыць “Памылка – першы крок да поспеху”. Калі гэта так, то чаму навокал не так шмат геніяў? ( 10 клас. Тэма: Вялікія людзі)
- У нашым падручніку – 12 урокаў пра моду. Але ніводнага слова пра эка-моду. Гэта выпадковасць ці знарок? (9 клас. Тэма : Мода)
- Што з’яўляецца асноўнымі крытэрыямі, каб назваць малюнак мастацкім творам (малюнак вучня пачатковага класа і “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча) (10 клас. Тэма: Мастацтва)
- “Кліматычныя асаблівасці Канады, ЗША і Велікабрытаніі” – абгрунтуйце, дзе лепш за ўсё адпачыць і ў які перыяд. (9 клас. Тэма: Надвор’е)
Гісторыя
- Чаму лічыцца, што грамадзянская вайна прыносіць больш бед для краіны, чым вайна з іншай дзяржавай?
- Адраджэнне – гэта нешта новае ці добра забытае старое? Ці не было Адраджэнне простым паўтарэннем антычнасці? (Сусветная гісторыя, 6 клас.Тэма: Ранняе Адраджэнне)
- У балотах і азерах Беларусі шмат жалезнай руды, а бронзы (сплаў волава і медзі) зусім няма. Чаму ж тады спачатку быў бронзавы век, а потым жалезны? ( Гісторыя Беларусі, 6 клас. Тэма: Пачатак выкарыстання металаў на беларускіх землях)
- Чаму Вітаўта называюць Вялікім? (Тэма: Княжанне Вітаўта)
- Дакажыце ці абвергніце: Падчас кіравання М.С.Хрушчова ў краіне пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Можна візуалізаваць пытанне: прадставіць два плакаты (адзін з выявай І.В.Сталіна на фоне У.І.Леніна, другі такі ж, але з выявай М.С.Хрушчова) і папрасіць параўнаць. (Гісторыя Беларусі. 9 клас. Тэма:Грамадска-паілітычнае жыццё ў другой палове 1940-х-першай палове 1960-х гг.)
Хімія
- Выстаўляю напаказ бутэльку са сталовым воцатам і бутэлечку з настойкай валяр’яны. Пытанне: “Што агульнага ў змесцівах сасудаў?”
- Мы ведаем, што вада – вадкасць без колеру, паху і смаку. Чым можна растлумачыць факт таго, што крынічная вада мае прыемны смак?
- Дзве аднолькавыя па масе і аб’ему колбы запоўнілі пры аднолькавых умовах адну – паветрам, а другую – кіслародам і герметычна зачынілі коркамі. Як можна даведацца, ў якой з колбаў знаходзіцца кісларод?
- Што змянілася б у нашым жыцці, каб кіслароду ў складзе паветра было болей? (7 клас.Тэма: Кісларод як простае рэчыва. Кісларод у прыродзе. Паветра як сумесь газаў. Метады збірання газаў.)
- Ці могуць кіслоты выпасці нам прама на галаву? Як перадухіліць іх выпадзенне? (10 клас. Тэма: Кіслоты)
- Чаму хлеб, калі яго доўга жаваць, набывае салодкі смак? (10 клас. Тэма: Крухмал)
Матэматыка
- Як Вы думаеце, ці зменіцца цана на тавар, калі яе спачатку павялічыць на 20%, а затым паменшыць на 20%?
- На аркушы паперы А4 намаляваць “амаль паралельныя прамыя” і сечаную прамую. Пытанне: “Як вы лічыце, ці перасякуцца дадзеныя прамыя, калі працягваць іх за межы ліста?”
- Паняцце “модуль ліку” сустракаецца ў матэматыцы; дзе вы сустракаліся з ім у жыцці? (Тэма урока: Модуль ліку. Процілеглыя лікі.)
Фізіка
- Казка: “У бацькі было дзве дачкі. Вырашыў ён аддаць іх замуж. Жаніху вельмі спадабалася малодшая дачка, але па правілах ён павінен ажаніцца са старэйшай. І ён паставіў умову:“Ажанюся з той, у якой хутчэй закіпіць чайнік.” З кім ён ажаніўся і чаму?
- У вас дома на балконе захоўваецца бульба. Вы даведаліся, што ноччу будуць замаразкі, але пераносіць бульбу ў кватэру вы не хочаце. Што вы зробіце?
- Выпадак на Каўказе. Для сустрэчы гасцей бацька даў сыну гліняны гарлач і папрасіў прынесці з пограба віно. Калі той паднёс гарлач з віном, бацька спытаў: “А чаму ты прынёс палову гарлача?” Як бацька здагадаўся?
- Змяненне надвор’я ў тайзе паляўнічыя вызначаюць гледзячы на галіны дрэваў (ёлак). На што яны звяртаюць увагу?
- Электрыкі кажуць: “Гарачая спайка заўсёды халодная, а халодная — заўсёды гарачая”. У чым сэнс гэтага выказвання?
- Па якой прычыне рымскі імператар Нерон назіраў за гладыятарскімі баямі, гледзячы на іх праз адшліфаваны ізумруд?
Літаратура
- Кім бы мог стаць дзядзька Антось у наш час?
- Як пазбегнуць такой сітуацыі, у якой апынуўся лірычны герой? (Тэма: Ніл Гілевіч. Верш “Маці”)
- У чым заключаецца педагагічны поспех дзядзькі Антося? 5 лайф-хакаў ад дзядзькі для заваявання аўтарытэту ў дзяцей.
- Ці апраўданы ўдзел жанчын ў вайне? Свой адказ абгрунтуйце (Тэма: Еўдакія Лось.Верш “Дзяўчаты мінулай вайны”)
Яшчэ больш прыкладаў ключавых пытанняў па розных прадметах Вы знайдзіце тут. Для настаўнікаў фізікі тут. Для настаўнікаў біялогіі тут і тут.
Калі настаўнік паспяхова працуе з пытаннямі вучні – таксама ўмеюць задаваць добрыя пытанні. Напрыканцы прапануем паглядзець відэа з ютуб-канала Святланы Локіс.
Прыдумаеце пытанне, якога няма ў падручніку? А дзеці прыдумалі…