Чаму лекары павінны быць у курсе медыцынскіх даследаванняў, а многія настаўнікі нават не ўсведамляюць важнасці навуковых даследаванняў для іх прафесіі? Як з’явілася доказная педагогіка? Што паказваюць вынікі метааналізаў адукацыі? Вылучэнне асноўных фактараў, якія ўплываюць на лепшыя вынікі навучання, мае вялікае значэнне для пабудовы паспяховай школы?
Доказная медыцына – гэта падыход, пры якім доктар абапіраецца на навуковыя доказы эфектыўнасці лекаў, медыцынскіх маніпуляцый, працэдур і прызначае толькі такое лячэнне, эфектыўнасць якога даказана фактычнымі данымі.
Сутнасць доказнай педагогікі ў тым, што пры планаванні і правядзенні ўрокаў, перавагу трэба аддаваць стратэгіям, методыкам і тэхналогіям, заснаваным на выніках навуковых даследаванняў, а не традыцыях і аўтарытэтах. Такі падыход да адукацыі дазваляе знайсці тыя спосабы, прыёмы, методыкі і задачы, якія прывядуць вучняў да дасягнення запланаванага адукацыйнага выніку – развіццця пэўных кампетэнцый.
Як правільна: Доказная адукацыя ці доказная педагогіка?
Тэрмін “доказная адукацыя” (evidence-based education) ахоплівае шырэйшую за педагогіку сферу – усе адукацыйныя працэсы (уключаючы адукацыйную палітыку, менеджмент, методыкі і стратэгіі), заснаваныя на навуковых даследаваннях і доказах.
Адукацыя, заснаваная на фактычных даных (EBE) – гэта прынцып, згодна з якім адукацыйныя практыкі павінны грунтавацца на найлепшых наяўных навуковых даных, з абавязковымі іх выпрабаваннямі і доказамі іх эфектыўнасці, а не на традыцыях, асабістым меркаванні або іншым уплыве. Адукацыя, заснаваная на фактах, звязана з навучаннем, заснаваным на доказах з даследаванняў эфектыўнасці школы.
“Доказная педагогіка” (evidence-based pedagogy) пераважна выкарыстоўвацца, калі гаворка ідзе менавіта пра выкладчыцкія метады і стратэгіі ў рамках навучальнага працэсу.
З чаго ўсё пачалося?
У 1996 годзе брытанскі пісьменнік і акадэмік Дэвід Х. Харгрыўз прачытаў лекцыю, падчас якой параўнаў медыцыну і адукацыю і адзначыў, што сёння педагогіка, нягледзячы на яе сацыяльную значнасць не меншую, чым у медыцыны, не з’яўляецца навукова-даследчай прафесіяй.
Лічыцца, што менавіта пасля гэтага выступлення палітыкі ў сферы адукацыі ў розных краінах паспрабавалі зблізіць тэорыю і практыку і прасунуць новыя даследаванні адукацыі, прынцыпамі якіх сталі якасць, надзейнасць, бесстароннасць і маштабнасць. Напрыклад, у 2000 і 2001 гадах для аналізу і ацэнкі эфектыўнасці школьнай адукацыі ў розных краінах былі створаны два сусветна вядомыя міжнародныя даследаванні: Праграма міжнароднай ацэнкі навучэнцаў (PISA) у 2000 годзе і Прагрэс у міжнародным даследаванні пісьменнасці чытання (PIRLS) у 2001 годзе.
Хто айцы-заснавальнікі доказнай педагогікі?
У большасці навуковых крыніц і публікацый пра доказную педагогіку ўспамінаюцца імёны Роберта Марцана, Барака Розеншайна і Джона Хэці.

Першыя навуковыя даследаванні дазволілі выявіць найбольш эфектыўныя метады навучання, якія абагульніў і сістэматызаваў вядомы амерыканскі даследчык у галіне адукацыі Роберт Марцана ў сваёй кнізе Classroom Instruction that Works (“Інструкцыі ў класе, якія працуюць”), якая выйшла ў 2001 годзе. Найбольш эфектыўныя метады навучання паводле даследаванняў Марцана наступныя:
- Выяўленне падабенстваў і адрозненняў
- Падвядзенне вынікаў і іх пісьмовая фіксацыя
- Падтрымка намаганняў навучэнцаў і забеспячэнне прызнання поспехаў
- Хатняе заданне, паўтарэнне, практыка
- Графічныя прэзентацыі
- Групавое навучанне
- Пастаноўка мэты і забеспячэнне зваротнай сувязі
- Генерацыя і праверка гіпотэз
- Пытанні, падказкі, актывацыя раней атрыманых ведаў
Барак Розеншайн, прафесар Ілінойскага ўніверсітэта, засяродзіўся на тым, як праводзяць заняткі высакакласныя педагогі. У 2010 годзе па выніках вялікага даследавання навуковец апублікаваў 17 працэдур эфектыўнага навучання, якія потым скараціў да 10:
- Пачынайце ўрок з кароткага агляду папярэдняга навучання
- Прадстаўляйце новы матэрыял невялікімі порцыямі з практыкай навучэнцаў пасля кожнага кроку
- Давайце дакладныя і падрабязныя інструкцыі.
- Задавайце шмат пытанняў і правярайце іх разуменне
- Забяспечвайце ўсіх навучэнцаў актыўнай практыкай
- Імкніцеся да высокіх паказчыкаў паспяховасці
- Забяспечце сістэматычную зваротную сувязь і выпраўленне памылак
- Пры неабходнасці вяртайцеся, паўтарайце і перавучвайце матэрыял
- Рыхтуйце навучэнцаў да самастойнага навучання
- Падтрымлівайце навучэнцаў, калі яны пачынаюць самастойную практыку
Прафесар Джон Хэці (Оклендскі і Мельнбурскі ўніверсітэты) доўгі час даследаваў паказчыкі эфектыўнасці ў сферы адукацыі. Яго даследаванне Visible Learning («Бачнае навучанне») з’яўляецца абагульненнем вынікаў 15-гадовага вывучэння прычын, якія вядуць да поспехаў і правалаў у навучальных дасягненнях. Даследчык правёў сінтэз 800 метааналізаў і статыстычна падлічыў памер уплыву на навучанне розных фактараў і размясціў іх у выглядзе рэйтынгу.
Навуковец дае заснаваны на фактычных доказах адказ на пытанне “Што лепш за ўсё спрыяе паспяховасці навучэнцаў?”
Метааналіз з’яўляецца статыстычным метадам для аб’яднання, абагульнення і разгляду вынікаў розных даследаванняў, якія
могуць грунтавацца на розных гіпотэзах.
Як памерыць эфектыўнасць навучання?
Хэці вылучыў 138 найбольш распаўсюджаных фактараў (уздзеянняў), што аказваюць уплыў на дасягненні вучняў.
Параўнанне ўплыву стала магчымым дзякуючы індэксу, які называецца памер эфекту D, пачынаючы ад D = –0,34 (крайне адмоўны) да D = 1,44 (вельмі высокі). Хэці паказвае, што эфекты ў дыяпазоне ад 0,0 да 0,15 вучні могуць атрымаць, нават не прыходзячы ў школу (гэта ўплыў развіцця). Сярэдняе ўздзеянне настаўніка на працягу навучальнага года знаходзіцца ў дыяпазоне 0,15—0,4 (сярэдні памер эфекту роўны 0,4). Таму пры аналізе можна сказаць, што эфекты, памерам большыя за 0,4 аказваюць прыкметны станоўчы ўплыў і маюць практычнае значэнне. Хэці падзяліў усе фактары, якія ўплываюць на навучанне, на 6 груп: Вучань , Настаўнік, Школа, Метады навучання (далей Методыка), Дом, Праграмы (г. зн. адукацыйная палітыка, расклады, інструкцыі і інш.).
Прапануем для азнаямлення рэйтынг дзесяці найбольш уплывовых фактараў:
1. Самаацэнка навучэнцаў (група Вучань). Памер эфекту D = 1,44
2. Улік стадый кагнітыўнага развіцця Піяжэ (група Вучань). Памер эфекту D = 1,28
3. Фарматыўная/ Актыўная ацэнка (група Методыка). Памер эфекту D = 0,90
4. Мікранавучанне — навучанне праз практычную дзейнасць (група Настаўнік). Памер эфекту D = 0,88.
5. Паскоранае навучанне (група Школа). Памер эфекту D = 0,88
6. Атмасфера і паводзіны ў классе (група Школа) Памер эфекту D = 0,80
7. Інклюзіўныя падыходы (група Методыка). Памер эфекту D = 0,77
8. Яснасць указанняў/заданняў настаўніка (група Настаўнік)
Памер эфекту D = 0,75
9. Узаемнае навучанне (група Методыка). Памер эфекту D = 0,74
10. Зваротная сувязь (група Методыка). Памер эфекту D = 0,73
З больш падрабязнымі вынікамі даследавання і тлумачэннямі, які дае Джон Хэці ў сваёй кнізе можна азнаёміцца ў артыкуле )
Што рэальна ўплывае на дасягненні навучэнцаў, а што не працуе?

Акрамя рэйтынгу з 10 самых уплывовых фактараў даследаванне Хэці па кожнай групе фактараў паказвае, што працуе добра, што не вельмі, а што і ўвогуле мае адмоўны эфект.
У групе “Настаўнік” найбольшы пазітыўны ўплыў на вынікі навучання аказваюць не прадметныя веды педагога (D = 0,09), а яго сучасная прафесійная падрыхтоўка і выкарыстанне розных стратэгій і метадаў навучання (D = 0,88), адносіны паміж настаўнікам і вучнем (D = 0,72), уменні настаўніка ясна сфармуляваць мэты, крытэрыі поспеху і ацэнкі, дакладна арганізаваць працэс навучання (D = 0,75).
Абсалютным лідэрам у групе “Методыка” з’яўляецца фарматыўная ацэнка (D = 0,90). Добрыя вынікі даюць узаемнае навучанне ; выкарыстанне зваротнай сувязі засваенне навыкаў навучання; праблемнае і кааператыўнае навучанне. Не даюць вялікіх вынікаў частыя тэсты з выстаўленнем адзнак, канкурэнтная атмасфера, дамашнія заданні, выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій і інтэрактыўных візуальных метадаў.
Асноўнымі вынікамі гэтага маштабнага даследавання сталі высновы пра крытычную ролю настаўніка ў павышэнні навучальных дасягненняў вучняў — найперш яго сучасную прафесійную кампетэнтнасць, якая ўвасабляецца ў практычным валоданні інавацыйнымі методыкамі, уменні арганізаваць навучальны працэс, імкненні павысіць самаацэнку і чаканні вучняў, спрыяць адказнасці вучняў за сваё навучанне і поспехі. Працэс навучання павінен быць узаемабачным — калі настаўнік бачыць сваю дзейнасць вачыма вучня, а вучань — вачыма настаўніка.

Крытыка адукацыі, заснаванай на доказах, або навучання, заснаванага на фактах, можа адбыцца, калі кіраўнікі або ўрады навязваюць практыку, заснаваную на фактах, непадрыхтаваным або неахвотным настаўнікам. Гэтая стратэгія дыктату зверху ўніз не працуе, яе ўважліва ацанілі і яна правалілася.
Даныя даследаванняў ніколі не могуць цалкам кантраляваць рашэнні настаўніка, таму што прафесійнае меркаванне непазбежна і жыццёва важна.
Але навукова даследаванні паказалі, што некаторыя метады істотна павышаюць паспяховасць вучня, і не здаецца разумным ігнараваць іх, калі вы думаеце, як палепшыць сваё выкладанне.



