Спачатку пэндзлік – потым камп’ютар, ці наадварот? Фармуем ключавыя кампетэнцыі на занятках выяўленчым мастацтвам: культурная і лічбавая.


Вылучаецца восем ключавых кампетэнцый беларускага вучня, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі грамадзян. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, і асноўныя складнікі  адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой. Фармаванне ключавых кампетэнцый мусіць адбывацца  комплексна ў працэсе навучання на ўроках па ўсіх вучэбных прадметах і пазакласных занятках. Для школьнай адукацыі не менш важным, чым разуменне саміх кампетэнцый, з’яўляецца веданне настаўнікамі таго, як дапамагчы іх  развіваць.

Лічбавая кампетэнцыя праяўляецца як упэўненае, крытычнае і адказнае выкарыстанне лічбавых тэхналогій і ўзаемадзеянне з імі для навучання, працы і ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Культурная кампетэнцыя праяўляецца як здольнасць творча выяўляць ідэі, сэнсы, пачуцці ў розных мастацкіх формах: музыцы, літаратуры, выяўленчым мастацтве і г.д; дасведчанасць у культурнай сферы і актыўны ўдзел у культурным жыцці.

Сёння дашкольнікі і малодшыя школьнікі ў асноўным з’яўляюцца пасіўнымі спажыўцамі лічбавых тэхналогій пры адсутнасці крытычнага стаўлення да інфармацыі і ацэнкі карысці выкарыстання гаджэтаў, бавячы час за праглядамі сумнеўнай якасці відэа і гульнявога кантэнт. Гэта ўстаноўка не адэкватна ўздзейнічае на  эмацыйны і псіхічны стан дзіцяці і спрыяе залежнасці ад гаджэтаў ці інфармацыйнага кантэнту. Сітуацыя пагаршаецца тым, што цікавасць да лічбавых тэхналогій у дзяцей  дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту не ўлічана і не рэалізавана ў вучэбных праграмах пачатковай адукацыі. Некаторыя  бацькі гэта разумеюць і даюць магчымасць дзецям рэалізаваць сваю цікавасць да лічбавых тэхналогій праз наведванне гурткоў ці курсаў па робататэхніцы, канструяванню лега, элементарнаму праграмаванню ці тэхнамейкерству. Асобныя настаўнікі праблему таксама добра разумеюць і актыўна выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай дзейнасці метады і прыёмы, якія дазваляюць вучням на ўроках і дома выкарыстоўваць інструменты гаджэтаў  для выканання заданняў і стварэння творчых праектаў.

На занятках выяўленчым мастацтвам можна эфектыўна развіваць культурную кампетэнцыю ў інтэграцыі з лічбавай і спрыяць станаўленню асобы, здольнай не толькі эстэтычна ўспрымаць навакольны свет, але і пераўтвараць яго на аснове ўласных творчых задумаў не толькі ў рэальным, але і віртуальным свеце.  Адметнай асаблівасцю заняткаў з’яўляецца знаёмства навучэнцаў з творчасцю вядомых мастакоў, атрыманне ведаў пра  пэўныя стылі выяўленчага мастацтва і апрабацыя іх на практыцы, асваенне магчымасцей камп’ютарнай графікі ў інтэрпрэтацыі мастацкіх твораў і генерацыі выяў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. 

Культурная кампетэнцыя развіваецца праз далучэнне навучэнцаў да мастацка-творчай дзейнасці з дапамогай вывучэння мастацкіх твораў, стварэння выяў і аб’ёмных інсталяцый з выкарыстаннем паперы, кардону, фарбаў, падручнага матэрыялу.

Лічбавая кампетэнцыя развіваецца праз перанос створаных выяў у віртуальнае асяроддзе камп’ютарнай графікі (Paint, Scratch, Lego Digital Designer і інш), генерацыі выяў штучным інтэлектам (Fusion brain, ruDall-e). 

Такім чынам педагог атрымлівае магчымасць арганічна ўключыць вучня ў вучэбную, пазнавальную і творчую дзейнасць, садзейнічаць развіццю мастацкіх здольнасцей, фарміраванню вопыту вырашэння творчых задач па стварэнню канкрэтных вобразаў і аб’ектаў, форм і прадметаў.

Прапануем настаўнікам тэматычную распрацоўку. 

 Тэма: Экспрэсіянізм

Мэта настаўніка: фарміраванне ведаў аб эспрэсіянізме і творчасці яго прыхільнікаў у працэсе асваення мастацкіх тэхнік, стварэння выяў з дапамогай графічнага рэдактара Paint і прыкладанняў з інтэграцыяй штучнага інтэлекту.

Задачы:

  • вызначыць асаблівасці мастацкіх твораў экспрэсіяністаў і на практыцы асвоіць спосабы стварэння творчых работ выяўленчымі сродкамі, сродкамі камп’ютарнай графікі і штучнага інтэлекту; 
  • удасканальваць мастацкія здольнасці вучняў у працэсе работы з выяўленчымі сродкамі (фарбы, каляровая папера, пластылін), сродкамі графічнага рэдактара Paint і нейрасеткай ruDall-e; садзейнічаць самарэалізацыі творчых ідэй; развіваць творчае ўяўленне і крытычнае мысленне
  • выхоўваць эстэтычны густ, аўтарскі падыход стваральнага характару.

Абсталяванне і матэрыялы: мульцімедыйная  ўстаноўка, каляровы прынтар, камп’ютары з выхадам у інтэрнэт, папера для малявання, гуашавыя фарбы, каляровы пластылін, мастыхін, пэндзлі, клей.

Арганізацыйны момант: праверка наяўнасці матэрыялаў і гатоўнасці тэхнікі.

Знаёмства з тэмай і мэтай урока

Сёння на ўроку вы пазнаёміцеся з такім напрамкам выяўленчага мастацтва, як экспрэсіянізм; навучыцеся вызначаць мастацкія творы ў гэтым напрамку; пазнаёміцеся з творчасцю вядомых мастакоў і паспрабуеце сябе ў якасці экспрэсіяністаў, стварыўшы работы фарбамі, на камп’ютары і з дапамогай штучнага інтэлекту.

Знаёмства навучэнцаў з асаблівасцямі экспрэсіянізму як плыні і напрамку мастацкай дзейнасці

Знаёмства вучняў з прадстаўнікамі экспрэсіянізму і іх творчасцю. Вучні разглядаюць мастацкія творы вядомых мастакоў, засяроджваючы ўвагу на змесце, сродках выразнасці і тэхніках яго стварэння.

Замацаванне новага матэрыялу. Паглыбленне ў творчую дзейнасць мастакоў праз гульні і асваенні аўтарскіх мастацкіх тэхнік

Практычная работа.

Вучням прапануецца пабыць у ролі мастака і намаляваць букет кветак у стылі Ван Гога фарбамі на паперы з дапамогай масціхіна.

Вучням прапануецца стварыць выяву свайго малюнка ў графічным рэдактары Paint

Вучням, прапануецца скарыстацца нейрасеткай ruDall-e, каб стварыць выяву кветак у стылі Ван Гога

Падвядзенне вынікаў.

У працэсе працы настаўнік захоўвае і раздрукоўвае работы вучняў.

Арганізацыя выставы творчых прац вучняў у стылі экспрэсіянізму. Аналіз работ і вызначэнне асаблівасцей экспрэсіянізму, параўнанне работ створаных рукамі, камп’ютарам і штучным інтэлектам.



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: