Наталля Анісечкава. Эсэ на тэму:“Мая актыўная ацэнка ўчора, сёння, заўтра”

Аўтар – настаўніца пачатковых класаў з г. Карма.

Чаму мяне прывабіла гэта тэма? Я лічу, што менавіта актыўная ацэнка дазволіла азірнуцца назад і крытычна паглядзець на тое, чаму мы вучыліся і што зрабілі. Актыўная ацэнка падштурхоўвае нас не спыняцца на дасягнутым, рухацца толькі наперад. І нас, прыхільнікаў актыўнай ацэнкі, становіцца ўсё больш. Вынік – актыўная ацэнка будзе жыць!  А калі будзе АА, значыць будзе больш свядомых і адказных вучняў, яшчэ больш вучняў будзе прыходзіць у школу з ахвотай. Дзеці будуць адчуваць, што настаўнік ім сябар, а не вораг, які адрывае іх ад камп’ютара і прымушае нешта рабіць. Настаўнік і вучань павінны знаходзіцца ў атмасферы даверу і разумення. А гэта, думаю, самае галоўнае ў паспяховасці навучання!

І дзеля таго, каб гэта адбылося, настаўнік павінен сам “захварэць” гэтай тэмай, тэмай “Актыўная ацэнка”. Настаўніку неабходна аналізаваць сваю дзейнасць, каб ведаць, што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць.

Упершыню я пазнаёмілася з актыўнай ацэнкай у лістападзе 2017 г. на семінары (г.Гомель). Праводзіла гэты семінар Локіс Святлана Іванаўна. Яна з такім захапленнем распавяла нам, слухачам, пра АА, што ўсе былі зацікаўлены новай для нас тэхналогіяй. Святлана Іванаўна добра абгрунтавала доказы значнасці АА. У першую чаргу гэта датычыцца вучняў, паколькі АА дазваляе выявіць цяжкасці з пазіцыі вучня, знайсці спосабы пераадолення іх і ўключыць у працэс навучання самога вучня.

Раней я заўсёды рыхтавалася да ўрокаў і мне здавалася, што ўсё добра. Мае дзеці вучыліся, працавалі ў парах, групах, ацэньвалі работу суседа і сваю. Але акцэнты былі растаўлены на зусім правільна.

Дзякуючы семінару і дыстанцыйным курсам, усё ў галаве прыйшло ў сістэму. Гэта сістэма дапамагла мне стварыць у классе больш спрыяльнае асяроддзе для маіх вучняў. І ў першую чаргу, я сама больш глыбока пазнаёмілася з АА, затым данесла гэта да дзяцей і іх бацькоў.  Першае, пра што я хачу сказаць, гэта НаШтоБуЗУ. Гэта «чароўная» палачка пры выстаўленні адзнак і праверцы дасягнення пастаўленных мэт, пры ўзаемнай ацэнцы і самаацэнцы, пры зваротнай сувязі. Я лічу, што НаШтоБуЗУ дапамагло зразумець вучням, што яны самі павінны браць адказнасць за сваё навучанне. А калі нешта не зразумела, я заўсёды ім дапамагу.

У будучым я не бачу сваіх урокаў без НаШтоБуЗУ, сістэмы работы з бацькамі, актыўнай і падсумоўваючай ацэнкі, зваротнай сувязі. А таксама без ключавых пытанняў. Усе гэта мне зараз дапамагае арганізаваць навучанне так, каб усе вучні (слабыя таксама) з цікавасцю глядзелі і вучыліся. І не сакрэт тое, што заробак не такі каштоўны, як вучнёўская падзяка. Менавіта вучнёўская падзяка і пачуццё таго, што мы робім сваю справу на карысць вучня.

Актыўная ацэнка спрыяе не толькі працэсу навучання, але і працэсу выхавання, паколькі вучыць працаваць у камандзе стварае дабратворную атмасферу, вучыць аргументаваць свой пункт гледжання і быцт талерантным у адносінах да іншых.

Зыходзячы з усяго вышэй сказанага лічу, што будучыня за актыўнай ацэнкай!

Выказваю словы падзякі ментару Святлане Іванаўне Локіс за змястоўныя каментары і слушныя парады да маіх справаздач, за дапамогу! А таксама дзякую ўсім тым, хто стварыў гэты дыстанцыйны курс! Творчых поспехаў!


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: