Бацькам пра Актыўную Ацэнку

Хачу заахвоціць вас, шаноўныя бацькі, да актыўнай ацэнкі (АА). Мая задача цяжкая з дзвюх прычын:
• Сама назва падманлівая – намаўляе, што гавока ідзе толькі пра адзнаку;
• Шмат хто з вас ужо даўно скончыў школу і вярнуць туды думкі будзе няпроста.
Для мяне актыўная ацэнка – гэта праверка папярэдніх прынцыпаў навучання, падвядзенне высноваў: калі чалавек эфектыўна вучыцца, што яму дапамагае і як гэтым скарыстацца.
Прашу вас прыгадаць часы, калі вы самі вучыліся.

Першы крок

Настаўнік матэматыкі просіць вас знайсці найменшае агульнае кратнае для лікаў 33 і 121, а пасля для 342 і 521. Ён кажа, што трэба раскласці лікі на простыя множнікі. Дапусцім, вы ведаеце, пра што вядзецца, і завіхаецеся над заданнем. Што вы адчуваеце?

Мяркую, што большасць з вас запытае: Навошта мы гэта робім?

Маеце рацыю: складана выконваць заданне, калі не ведаеш мэты. Таму АА патрабуе, каб настаўнік агучыў вучням мэту ўрока, пры гэтым на мове, зразумелай для вучня. У прыведзеным прыкладзе мэтай навучання было складанне звычайных дробаў, a праз гэта – пошук агульнага назоўніка двух дробаў.

А цяпер уявіце сабе, што настаўнік прапануе вучням такую мэту: “Мы хочам навучыцца складаць дробы 5/33 і 4/121”. Далей тлумачыць, што мы шукаем агульны назоўнік для 33 і 121 і таму вучымся знаходзіць найменшае агульнае кратнае. Падобна, што ў такім выпадку б вы нерваваліся значна меней.

Выснова: давайма вучням мэты ўрока на зразумелай для іх мове!

Другі крок

Прыгадайце сваю кантрольную па геаграфіі, прысвечаную Еўропе. Вы пытаеце настаўніка, якому матэрыялу яна будзе прысвечана. Які вы атрымліваеце адказ? На жаль, у большасці выпадках ён гучыць так: Усяму, што праходзілі на ўроках. Вас гэта задавальняе? НЕ, бо напэўна ж вы хацелі б ведаць: кантрольная будзе датычыць рэк, ці гарадоў, ці можа – прыродных рэсурсаў?

Атрымаць канкрэтную інфармацыю ў такой сітуацыі магчыма. У актыўнай ацэнцы настаўнік да кожнага ўрока вызначае так званае НаШтоБуЗУ – На Што Буду Звяртаць Увагу. Паверце, гэта мачгыма, але патрабуе ад настаўніка вялікай дысцыпліны, бо ён абяцае, што будзе трымацца ўмовы і фактычна будзе правяраць толькі тое, пра што абвясціў.

У актыўнай ацэнцы мы інфармуем вучняў, што будзем ацэньваць.

Вучань можа спраўдзіць з ліста НаШтоБуЗУ, ці добра ён падрыхтаваўся да праверкі, ці слушна скарыстаўся ўрокам. Напэўна, шаноўныя бацькі, вы цяпер зайздросціце вучню, які займаецца паводле метаду АА, бо і самі хацелі б мець ад свайго шэфа канкрэтныя ўказанні адносна вашых заданняў.

Трэці крок

Вучні (вашыя дзеці) ужо ведаюць, што і для чаго будуць вучыць і што ў іх правераць. Але як іх заахвоціць да навучання?
Гэта цяжкая задача для настаўніка. Столькі цікавых рэчаў на свеце, а тут кажуць шукаць найменшае агульнае кратнае нейкіх лікаў… Нуда!

Падумайце, як бы вы заахвоцілі дзяцей да такога задання?

У матэматыцы існуе паняцце дасканалага ліку.

Дасканалы лік – натуральны лік, роўны суме ўсіх сваіх уласных дзельнікаў (г.зн. меншых за гэты лік). Найменшы дасканалы лік – 6, бо 6 = 3 + 2 + 1.

Настаўнік можа запытаць вучняў, які наступны лік пасля 6 – дасканалы? (Наступны – 28 (28 = 14 + 7 + 4 + 2 + 1), а далей гэта 496, 8128, 33550336, 8589869056 і 137438691328.)

На ўроку па раскладанні ліку на простыя множнікі можна запытаць вучняў: ці з’яўляецца нумар іх дома дасканалай лічбай? Такое пытанне (у АА яно называецца ключавым) мае ўсе шанцы заінтрыгаваць вучняў. Можна шукаць дасканалыя лікі і ў іншых месцах і з гэтай нагоды вучыцца раскладанню на множнікі.

А далей можна перайсці да пошуку … найменшага агульнага кратнага, а пасля да складання дробаў.

Чацверты крок

Дапусцім, што настаўнік ужо зацікавіў нас, задаўшы ключавое пытанне. Аднак як тут вытрымаць усе 45 хвілін урока? Магчыма, дасканалыя лікі гэта цікава, але раскладанне на множнікі? Значна меней. Няўжо мусім увесь час толькі рашаць задачы, ды яшчэ і не кантактаваць з іншымі?

Вядома ж не! У актыўнай ацэнцы вялікую ролю граюць пытанні, гэтак жа задаваныя вучнямі настаўніку, як і тыя звяртаюцца да вучняў. Важна, каб вучань меў час паразважаць над адказам, каб абмеркаваў яго з сябрамі ў класе, каб не пачуваўся пры адказе вырваным з кантэксту і адразу ацэненым. Настаўнік АА зважае, каб усе вучні былі зангажаваныя ў хаду ўрока і каб усе вучні ўзаемна дапамагалі і вучыліся адно ад аднаго.

Ну, нейкую казку Вы нам тут прапануеце! У школу трэба хадзіць і трэба вучыцца, у нашыя часы мы вучыліся і было добра.

Ну, не ўсё было добра. Прыгадайце, як вы трэсліся перад урокам матэматыкі і гісторыі. У некаторых нават рэгулярна балеў жывот перад тымі ўрокамі.

Вох, можа так яно і было, але мы вывучыліся і выраслі ў прыстойных грамадзян, а зараз….

Але хіба не аддалі б вы перавагу навучанню без боляў у жываце, з цікавасцю да прадмета не толькі ў час кантрольных – а і на шмат гадоў?

Шмат людзей ва ўсім свеце шукаюць, як лепей і эфектыўней вучыць. Выкарыстоўваюцца не толькі даследаванні вынікаў, але доследы над мозгам чалавека, які вучыцца. Іх высновы перакладаюцца на мову практычных рэкамендацый і выкарыстоўваюцца, напрыклад, у… актыўнай ацэнцы.

Пяты крок

Пра што вы пытаеце ў сваіх дзяцей, калі тыя прыходзяць са школы? Пра што пыталі ў вас бацькі?

– Што ты атрымаў? Што ты атрымала?

Вох, не любілі вы гэтага пытання, асабліва тады, калі не было чым пахваліцца. Але з вашага цяперашняга адказу так не скажаш: А не магло быць больш?

Школа танчыць вакол адзнакі… Настаўнікі часта кажуць, што нізкі бал матывуе вучня да навучання. Прыгадайце, ці любілі вы прадмет, па якім атрымлівалі кепскія адзнакі?

Кавалевіч, табе як заўсёды толькі 3-. Матывуе?

Але чаму толькі 3-, што я зрабіў кепска, як павінна быць добра, няўжо ў маёй працы няма нічога добрага?

Адзнака не дае вучню ніякай інфармацыі, апрача той, якая змяшчае яго ў рэйтынгу дасягненняў класа.
Актыўная ацэнка раіць пашырыць паняцце “адзнака” на “ацэнку, якая дапамагае вучыцца”. Настаўнік замест балаў перадае вучню інфармацыю: што ён зрабіў добра, што кепска, як яму выправіць сваю працу і што вучань павінен зрабіць далей. Такім чынам настаўнік выкарыстоўвае працу вучня, каб дасканаліць яго працэс навучання.

Такая зваротная інфармацыя можа быць выкарыстана і бацькамі, каб дапамагчы дзіцяці ў яго навучанні.

Такім чынам, бацькі, замест таго, каб запытваць у дзіцяці пра адзнаку, павінны запытаць: Чаму ты сёння навучылася? Чаму ты сёння навучыўся?

Таксама запытайце ў свайго дзіцяці, па што яно ходзіць у школу. Пабачыце, як яно здзівіцца. Магчыма, адкажа – для таго, каб вучыцца. Тады запытайце ў яго, чаму яно навучылася за апошні тыдзень. Не бяруся спрагназаваць яго адказ.
А паколькі вашае дзіця бавіць у школе большасць свайго часу, добра было б, каб яно рабіла гэта з плёнам, не кажу ўжо пра тое, што ў школе яго павінны цаніць, а не крытыкаваць.

Ці здаралася, што вашае дзіця тыдзень хварэла і было з вамі дома? Ці вучылі вы яго тады? Напэўна заўважылі, што не гарбелі з дзіцём над урокамі па 7 гадзін штодня, аднак здолелі засвоіць матэрыял.

Так, на жаль дзеці аддаюць шмат часу школе. Што праўда, яны пры гэтым сацыяльна развіваюцца і гэта трэба цаніць, але прызнайце, што час урока павінен быць лепей выкарыстаны на навучанне. Часам мне падаецца, што ў школе вучань патрапляе выключна ў працэс ацэнкі, а не навучання.

Прасіце настаўнікa, каб даваў вашаму дзіцяці зваротную інфармацыю. Не дамагайцеся адзнак, бо таму, хто вучыцца, яны не даюць ніякай карысці.

Шосты крок

У школе няма супрацы. Як кажа праф. Януш Чапіньскі – калі і ёсць, дык у заганнай форме, як спісванне.

Ці прагадаеце вы са свайго дзяцінства супольную працу (апрача ўрокаў фізкультуры) ці працу паводле метаду праектаў? Калі так, то вам пашанцавала. Вучань у школе на ўроках самотны, у самоце выконвае зададзеныя настаўнікам заданні і ацэньваецца індывідуальна.

Няма аніякай нагоды, каб у працэсе навучання вучань працаваў сам. Супольная дыскусія, пошук рашэнняў, вызначэнне адказу ў парах дае вучням пачуццё бяспекі, магчымасць вучыцца адно ў аднаго і практыку супрацы, такую важную ў дарослым жыцці.

Падтрымлівайце настаўнікаў, якія ўжываюць метад праектаў, часта прапануюць працу ў парах, вучаць узаемнай ацэнцы і дбаюць, каб вучні ўмелі супрацоўнічаць.

Сёмы крок

Магчыма, вы некалі чулі пра сябе ці цяпер пра сваё дзіцё, што вы (яно) лянотнае і безадказнае. Ніводнае дзіця такім не нараджаецца і збольшага такім не з’яўляецца. Як яму быць адказным, калі яно не мае ўласнай свабоды! Мусіць хадзіць у школу, мусіць вучыцца таму, што ёсць у праграме, мусіць здаваць іспыты ды г.д.

Але ў школе ёсць месца, каб вучыцца адказнасці. У актыўнай ацэнцы настаўнікі дбаюць, каб вучні практыкавалі самаацэнку, вучаць іх гэтаму ўменню. Гэта спараджае прыняццё вучнем адказнасці за працэс свайго навучання. У жыцці яно яму вельмі прыдасца.

Восьмы крок

Ці лічыце вы, што школа вашага дзіцяці добра супрацоўнічае з бацькамі?

Як выглядае гэтая супраца, якой бы вы хацелі? Вы прыходзіце на бацькоўскі сход, атрымліваеце выцемку з адзнакамі свайго дзіцяці і просьбу скантактавацца з некаторымі настаўнікамі. Класны кіраўнік скардзіцца на дзяцей: агрэсіўныя, не вучацца належным чынам ды г.д. Часам класны кіраўнік плануе экскурсію, збірае складкі ў бацькоўскі камітэт і апякунскую раду…

Настаўнік АА імкнецца да сапраўднай супрацы з бацькамі. Ён інфармуе іх пра поспехі дзіцяці, кансультуе, як з ім працаваць, плануе развіццё вучня разам з яго бацькамі. Такому настаўніку трэба давяраць і дапамагаць.

Данута Стэрна


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: