Аўтар – Таццяна Барткевіч, г. Глыбокае
Тэма: Складаныя назоўнікі, іх правапіс.
Мэта. 1) Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць ведаць: спосабы ўтварэння складаных назоўнікаў, правілы напісання галосных ў складаных словах у складаных назоўніках, умець: знаходзіць такія назоўнікі ў тэксце, выяўляць іх лексічнае значэнне і сэнсава-граматычную ролю, адрозніваць спосаб словаскладання ад асноваскладання, правільна выбраць галосную для напісання ў складаным назоўніку;
2) Спрыяць засваенню вучнямі правапісу складаных назоўнікаў, фарміраванню навыкаў аналітычнага мыслення, самастойнай працы і працы ў групе.
3) Сродкамі матэрыялу, выкарыстаных прыёмаў і метадаў садзейнічаць павышэнню вучэбнай матывацыі.
Мэта на мове вучняў. На ўроку я даведаюся, як утвараюцца складаныя назоўнікі, навучуся знаходзіць іх у тэксце, правільна пісаць і ўжываць у сваім маўленні. Змагу выканаць практыкаванне на правапіс складаных назоўнікаў.
Абсталяванне. Падручнік, рознакаляровыя карткі для зваротнай сувязі
Ход урока
1. Арганізацыйны этап.
Мэта: псіхалагічная падрыхтаванасць класа да ўрока, арганізацыя ўвагі вучняў.
Педагагічная задача: арганізаваць і падрыхтаваць вучняў да работы.
Метад “Кацянятка”. Спрыяе стварэнню станоўчага настрою, арганізацыі ўвагі. Настаўнік прапануе вучню ўявіць, што ён трымае ў руках маленькае кацяня і на кожны рад “аддае” ў рукі дзецям белае, пушыстае, тоўсценькае (1 рад), рыжае, з белай “манішкай” і зялёнымі вочкамі (2 рад), чорнае, з белымі вусамі і белымі шкарпэтачкамі” (3 рад). Дзеці могуць пагладзіць уяўнае кацяня па галаве, пацерабіць за вушкам і перадаць сваім сябрам. Калі кацяня перадалі апошняму ў радзе вучню, той выпускае яго на падлогу. Другі этап – таксама пагладзіць або пацерабіць свайго суседа.
3 этап. Арыенціровачна-матывацыйны.
Мэта: садзейнічаць актывізацыі суб’ектыўнага вопыту вучняў, развіццю пазнаваўчага інтарэсу, наяўнасці матывацыі, самавызначэнню на вынік ўрока.
Педагагічная задача: актуалізаваць апорныя веды і ўменні, сфарміраваць пазнавальныя матывы, стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі.
Настаўнік аб’яўляе тэму ўрока і прапануе вучням сфармуляваць мэту.
На дошцы запісваецца НаштоБуЗУ:
- · Калі складаныя назоўнікі пішуцца разам, а калі праз дэфіс.
- · Правапіс галосных о, а, э ў складаных назоўніках.
- · Правапіс галосных е,ё, я ў складаных назоўніках.
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
| Настаўнік прапануе вучням напісаць слоўнікавы дыктант на правапіс складаных назоўнікаў, пад час якога высвятляецца, што ў вучняў ёсць праблемы ў напісанні назоўнікаў разам (асобна), праз дэфіс, з напісаннем галосных о, а, е, ё.
Словы для дыктанта ўзяты з правілаў, што змешчаны ў падручніку: ільновалакно, жыццялюб, вадазбор, собалегадоўля, легкадум, медагонка, мёдаварэнне, мотаспорт, фотакопія, папараць-кветка, прэм’ер-міністр, жар-птушка. Прапануе пазначыць словы, у напісанні якіх яны не сумняваліся, знакам +, а тыя, у напісанні якіх былі не ўпэўнены – ?.
Дае заданне папрацаваць у групах, праверыць напісанае, абмеркаваць, а затым адшукаць адказы на праблемня пытанні ў падручніку.
Дае заданне разгледзець форзац падручніка, дзе змешчана табліца са спосабамі ўтварэння слоў і адказаць на пытанне: – Чым адрозніваецца спосаб словаскладання ад асноваскладання? Каменціруе адказы вучняў, дапамагае знайсці правільнае рашэнне. |
Вучні запісваюць пад дыктоўку словы.
Выконваюць заданне настаўніка, працуюць самастойна, вызначаюць праблемныя месцы.
Наладжваецца ўзаемаправерка ў групах па 4 – 5 чалавек. Вучні шукаюць адказы на пытанні, што ўзніклі пад час працы, у правілах, змешчаных у падручніку. На працягу ўсёй працы вучні карыстаюцца сігнальнымі карткамі, зробленымі накшталт “методнікаў”, якія прапанавалі польскія настаўнікі.
Выказваюць свае меркаванні
|
4 этап. Аперацыйна-пазнаваўчы
Мэта: дасягненне пастаўленых мэтаў.
Педагагічныя задачы: арганізаваць мэтанакіраваную пазнаваўчую дзейнасць вучняў, іх трэніроўку ў тых дзеяннях, авалодванне якімі з’яўляецца мэтай урока.
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
|
Пытаецца, што даведаліся вучні пад час працы са словамі і матэрыялам параграфа. Прапануе паставіць мэту на наступны этап урока.
Перад тым, як прадоўжыць працу з мэтай здароўезберажэння праводзіць фізкультхвілінку.
Настаўнік прапануе вярнуцца да працы і выканаць практыкаванне на выбар (пр. 169 або 171 ), затым наладзіць узаемаправерку ў парах. Назірае за тым, як ідзе праца, адказвае на пытанні вучняў, якія просяць аб дапамозе, тлумачыць незразумелыя моманты. |
Адказваюць на пытанне настаўніка
Вучні выказваюць меркаванне адосна неабходнасці ўдасканаліць набытыя веды, замацаваць іх пры дапамозе іншых практыкаванняў.
Вучні свабодна рухаюцца па класе. Настаўнік называе любы лік ад 1 да 7. Вучні аб’ядноўваюцца ў малыя групы, колькасць дзяцей вызначаецца названым лікам. Група атрымлівае заданне. Пасля выканання задання вучні прадаўжаюць свабодна рухацца. Заданні могуць быць наступныя: – кожны з’яўляецца афіцыянтам у шматлюдным рэстаране; – адзін выконвае розныя рухі, а другі з’яўляецца яго ценем; – усе танцуюць пад адным парасонам. Выконваюць практыкаванне, правяраюць правільнасць выканання ў парах, карыстаюцца карткамі для зваротнай сувязі. |
5 этап. Кантрольна-ацэначны
Мэта: высвятленне дзецьмі сваёй кампетэнтнасці ці сваіх памылак, звязаных з новым вучэбным матэрыялам, праца з перфакартай.
Педагагічная задача: стварыць умовы для самакантролю, карэкцыі і самаацэнкі ведаў, уменняў і дзейнасці вучняў.
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
|
Прапануе папрацаваць з перфакартай, уставіць прапушчаныя літары, а затым праверыць правільнасць выканання з ўзорам, які змешчаны на дошцы, ацаніць сябе паводле вызначаных крытэрыяў.
Шляхам гутаркі вызначае ўзровень выканання тэста. Прапануе абмеркаваць у парах вынікі сваёй працы і адказаць на пытанні: – Што новага даведаўся сёння на ўроку? – Чаму навучыўся? – Што трэба зрабіць, каб на наступным уроку пры праверцы дамашняга задання атрымаць лепшую адзнаку. Арганізуе рэфлексію, падводзіць вынікі ўрока. Дзякуе вучням за працу. |
Выконваюць заданне настаўніка.
Удзельнічаюць у гутарцы, ацэньваюць сваю працу, ставяць мэты на наступны ўрок |
6. Этап дамашняга задання .
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
| Запісвае дамашняе заданне на дошцы.
Прапануе прачытаць умову і адказаць на пытанне, ці зразумела, што неабходна зрабіць дома. |
Запісваюць у дзённік дамашняе заданне.
Чытаюць умову і адказваюць на пытанне настаўніка. |