Што мы пабачылі ў Варшаве

 

У снежні 2011 г. чарговая група беларускіх настаўнікаў  наведала сталіцу Польшчы з мэтай пазнаёміцца  з сістэмай адукацыі гэтай краіны, як жыве польская школа, як  польскія настаўнікі на практыцы прымяняюць методыку Актыўная Ацэнка. Хацелася б падзяліцца сваімі ўражаннямі ад  вандроўкі.

Школа грамадская

У Польшчы ёсць 3 тыпы школ – дзяржаўныя, грамадскія і прыватныя.  Мы наведалі 3 розныя школы па форме ўласнасці, адно, што аб’ядноўвае іх, там працуюць па методыцы АА. Першая школа, у якую нам пашанцавала трапіць , грамадская. Стварылі яе   выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта, незадаволеныя дзяржаўнай сістэмай адукацыі, на пачатку 1990-х гадоў. Гэта  гімназія, у ёй вучацца дзеці (як па нашай нумарацыі) 7,8,9 класаў. Фінансуецца ўстанова  ад дзяржавы, а таксама ад бацькоў, якія плацяць за навучанне свайго дзіцяці 800 злотых (каля 250$)  штомесяц. Тут вучацца 150 вучняў, працуюць 34 настаўнікі.

Урок польскай літаратуры ў 3 класе грамадскай гімназіі

Урок польскай літаратуры ў 3 класе грамадскай гімназіі

Актыўная Ацэнка ў гімназіі нас цікавіла найперш. Аказалася, што тут працуюць па гэтай методыцы ўжо 2 гады, пераход ажыццяўляўся па праграме   Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі (CEO). CEO у Польшчы – гэта ўстанова, падобная па сваіх функцыях на наш Інстытут удасканалення настаўнікаў, толькі у Польшчы гэта не дзяржаўная, а грамадская арганізацыя. Спачатку была дыскусія, калі настаўнікаў апытвалі і прапанавалі ім перайсці на АА. Некаторыя настаўнікі былі супраць, бо ўспрынялі гэта як хаос. Было непрыняцце і з боку бацькоў, ім здавалася, што ў дзяцей не будзе матывацыі да вучобы. Вучні таксама хацелі адзнак, таму як пераходны варыянт настаўнікі  ўжывалі рэйтынгавую сістэму ацэнак.

Настаўнікам вельмі дапамагла адміністрацыя: былі семінары, трэнінгі, інтэрнет-курсы. Стала зразумела, што гэта працэс, а не нейкі аднамомантны акт. Цяпер ужо ўсе настаўнікі гімназіі працуюць па сістэме АА. Кожны выбірае сабе нейкі з элементаў АА і даследуе яго асабліва дэталёва.

 Найбольш цяжкім пры пераходзе было адвучыць вучняў ад падымання рук: з пачатковай школы прыходзяць актыўныя дзеці і тут таксама хочуць паказваць сваю актыўнасць.

Найбольш выйгралі ад АА вучні. Няма ціску, камфортней сябе адчуваеш, ёсць магчымасць палепшыць вынікі,  падабаецца працаваць у групах – так яны адказалі нам на  пытанне пра тое, чым адрозніваецца для іх методыка АА. Цяпер ужо вучні патрабуюць у настаўніка мэты і наштобузу (крытэрыі ацэнкі) перад тэмай, калі ён забыў іх даць, а на школьным інтэрнет-сайце ёсць інфармацыя, што калі настаўнік не даў наштобузу, то вучні маюць права адмовіцца пісаць кантрольную па тэме!

Перадвыбарны плакат у школьную раду

Перадвыбарны плакат у школьную раду

Cамакіраванне ў грамадскай гімназіі. У грамадскай школе паўсюль мы ўбачылі перадвыбарчыя плакаты вучняў, якія хочуць быць абранымі  ў Раду, Сойм і Суд школы. Па колькасці перадвыбарных улётак і плакатаў падобна на тое, што жадаючых шмат. Каб стаць кандыдатам у Раду, трэба сабраць 10 подпісаў вучняў, у Сойм – 5.  Галасаванне тайнае, у дзень выбараў проста ў рэкрэацыі стаіць скрынка, куды кідаюць свае бюлетэні вучні, настаўнікі і бацькі. Суд складаецца з трох асобаў: настаўніка, вучня і аднаго з бацькоў. Якія пытанні вырашае школьны суд? – пацікавіліся мы. Дырэктарка расказала, што не так даўно, напрыклад,   судзілі вучня, якога абвінавачвалі ў фашысцкіх, расісцкіх поглядах і паводзінах. Суд  даказаў віну вучня, але той не быў згодны з такім абвінавачваннем  –  пакінуў гэту гімназію.

Дзяржаўная школа – гімназія інтэграцыйная.

Гэта звычайная дзяржаўная школа шмат у чым падобная на нашы: навучанне бясплатнае для бацькоў, вучняў набіраюць па тэрытарыяльнай прыкмеце, экзаменаў пры прыёме ў  школу няма. Істотная  асаблівасць гэтай школы – інтэграцыйны характар, гэта значыць, што разам амаль у кожным класе вучацца дзеці нармальныя і дзеці з асаблівасцямі развіцця – 15 здаровых і 5 (не больш!) інвалідаў. З 10 класаў школы 9 з’яўляюцца інтэграцыйнымі. Гэта самая вялікая інтэграцыйная школа   ў Варшаве. У класе працуюць 2 настаўнікі: прадметнік і яго памочнік, часцей за ўсё спецыяліст па працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізіялагічнага развіцця. Памочнік дапамагае тым, хто мае патрэбу ў дапамозе – і інвалідам і здаровым. Абодва пішуць план – кожны свой, рыхтуюць асобныя заданні і тэсты. Было відаць, што беларусаў надзвычай  зацікавіла інтэграцыйнасць школы. Нашы настаўнікі літаральна засыпалі сваіх польскіх калег пытаннямі.  

–         Як арганізаваная ў Польшчы сістэма спецыяльнай адукацыі?

–         Як ацэньваюцца вучні з асаблівасцямі развіцця?

–         Якія жыццёвыя перспектывы такіх дзетак?

–         Умовы прыняцця дзяцей з асаблівасцямі ў такую школу?  Якія адхіленні дапускаюцца?

–         Ці вучаць дзеці-інваліды замежныя мовы?

–         Ці здаюць выпускныя экзамены?  

Настаўнікі расказалі, што ў іх краіне ёсць тры спосабы навучання дзяцей з асаблівасцямі:  ёсць спецыялізаваныя школы толькі  для такіх дзяцей, ёсць падобныя гэтай – інтэграцыйныя, дзе разам вучацца здаровыя і інваліды, а таксама існуе навучанне і ндывідуальнае:  для дзетак з цяжкімі адхіленнямі, агрэсіўнымі паводзінамі. Для таго, каб трапіць дзіцяці з асаблівасцямі фізіка-псіхалагічнага развіцця ў такую інтэграцыйную школу, трэба, каб такое накіраванне даў урач – адхіленні могуць быць не вельмі цяжкія, а школа яшчэ выстаўляе сваю ўмову – каб паводзіны такога вучня былі не ніжэй, чым 3,5 балы. Паводзіны ў польскіх школах выстаўляюцца па 6-бальнай шкале – ад 1 да 6 балаў, а веды ацэньваюцца па 5-бальнай сістэме.

Вучні-інваліды таксама атрымліваюць адзнакі, здаюць экзамены, але вучацца яны па сваёй праграме, у іх іншыя  кантрольныя і экзаменацыйныя лісты, у залежнасці ад  дыягназу. Самае галоўнае, на што звяртаюць увагу пры навучанні такіх дзетак, гэта падрыхтоўка іх да жыцця: напрыклад, як ездзіць у грамадскім транспарце, як напісаць ліст і да т. п..

Так выглядае класны журнал

Так выглядае класны журнал

У Польшчы ўсе вучні абавязкова вывучаюць дзве замежныя мовы, адна з іх  ангельская.  Дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізіялагічнага развіцця вызваляюць ад вывучэння другой замежнай мовы, а ад ангельскай  могуць вызваліць  па рашэнні бацькоў. На Беларусі, аказваецца, дзеці-інваліды вызвалены ад вывучэння замежнай і беларускай моваў.

 АА ў інтэграцыйнай школе  ўкаранялася з прыгодамі. Дырэктар расказала, што спачатку рашэнне пра пераходзе на АА было спантанным і не вельмі цяжкім. Галасаванне адбывалася адкрытым спосабам, таму ўсе адразу прагаласавалі “за”, а праз некаторы час, калі паспрабавалі і выявіліся цяжкасці, правялі таемнае галасаванне – і большасць прагаласавала супраць. Цяпер прынялі іншую сістэму, кампрамісную, якая таксама грунтуецца на прынцыпах АА, таксама распрацавана Цэнтрам Грамадзянскай Адукацыі. У школе  ёсць 5 настаўнікаў-лідэраў АА, якія прайшлі навучанне на інтэрнет-курсах, семінарах  СЕО – яны вядуць за сабою астатніх.

 Лідарка АА ў школе настаўніца польскай мовы Караліна паказала нам у выглядзе прэзентацыі свой досвед па гэтай методыцы. Акрамя вядомых ужо элементаў АА, яна паказала, як перад кантрольнай работай  арганізуе ўрок паўтарэння матэрыялу: атрымаўшы зваротную сувязь ад настаўніцы вучні ў малых групах, якія яна называе “прыпынкі” ці “станцыі” паўтараюць тыя пытанні, якія яны яшчэ не засвоілі, у якіх ёсць прабелы. Таксама мы ўбачылі прыклады пісьмовай зваротнай сувязі ад настаўніка да вучня на пісьмовую работу, абавязкова ўгрунтаваныя на наштобузу. Караліна прызнала, што такая зваротная сувязь – найбольшая праблема для настаўнікаў, бо патарабуе шмат часу.

 Настаўнікі, што працуюць па сістэме АА, ставяць і адзнакі. У іх школе прынята, што павінна быць 3 адзнакі за семестр, калі гэты ўрок бывае 1 раз на тыдзень і 6 адзнак, калі ўрок бывае 2 разы на тыдзень. Дарэчы ў гімназіі дзяржаўнай польскай мовы 5 урокаў на тыдзень, ангельскай – 3, іншай замежнай – 2.

 Вучні, бацькі пазітыўна ўспрымаюць АА. Вучні пільнуюць, каб настаўнік даваў наштобузу, а калі не даў, то кантрольную адмаўляюцца рабіць. Тыя вучні, што пайшлі ў ліцэй, дзе няма АА, кажуць, што ім там не хапае яе. Бацькі, паглядзеўшы наштобузу ў сшытку свайго дзіцяці, могуць  лягчэй пракантраляваць, ці засвоіла яно заданне.

 Ці павышае паспяховасць АА? – пытаем мы ў Караліны. Яна кажа, што такія эфекты трэба доўга чакаць, каб зрабіць вывады, але што настаўнік бачыць вельмі хутка – няма нізкіх адзнак!

Настаўніка АА вельмі дысцыплінуе: ён павінен на кожным уроку пільнаваць мэты, наштобузу, трэба так арганізавацца, каб паспець усё і вярнуцца да наштобузу ў канцы ўрока. На настаўніка кладзецца больш абавязкаў – да кожнага ўрока трэба падрыхтаваць мэты мовай вучня, дакладныя наштобузу, давесці іх да вучняў – калі пісаць іх на дошцы і ў сшытках, гэта займае шмат часу на ўроку, ключавыя пытанні, падрыхтаваць прыёмы зваротнай сувязі, самаацэнкі, узаемаацэнкі. Але Караліна сцвярджае, што гэтыя высілкі даюць вынік: вучні пачынаюць больш свядома ставіцца да працы, таму становіцца лягчэй працаваць і настаўнікам, і вучням.

“ А што робіце, калі вучань не захацеў скарыстацца парадамі настаўніка, якія атрымаў у зваротнай сувязі?”- задалі пытанне беларускія калегі.  Настаўніца гаворыць, што ў яе 80-90% вучняў скарыстоўваюць зваротную сувязь для паляпшэння сваіх ведаў і ўменняў, а калі хто адмаўляецца дапрацоўваць, ім выстаўляецца тая адзнака, якую ён атрымаў адразу, калі настаўніца давала вучню зваротную сувязь, а сабе ў блакноце алоўкам выставіла ўсім і адзнакі.

 Ці абавязкова ў гэтай школе працаваць па метаду АА? Ці змушае адміністрацыя да пераходу? “Не, – кажа настаўніца.  Хутчэй дзеці змушаюць. Рэакцыя вучняў на настаўнікаў, што працуюць па АА, больш пазітыўная, чым на тых, што працуюць па традыцыйнай методыцы”

 

 

 

Сустрэча са школьным самаўрадам

Сустрэча са школьным самаўрадам

 

Знешні выгляд вучняў у школе. Школьнай формы не было  ў ніводнай з наведаных намі школаў. Настаўнікі і вучні апрануты вельмі проста, здаецца, не бачыла ніводнай настаўніцы на высокіх абцасах… На сустрэчы з удзельнікамі школьнага самаўраду мы запыталіся ў дзяцей, ці ёсць якія-небудзь патрабаванні да знешняга выгляду, адзення вучняў? Спачатку яны задумаліся, відаць было, што  нават не разумеюць, што мы маем на ўвазе. Пасля ўдакладненняў пытання хлопец сказаў: “Так, адно абмежаванне ёсць – нельга насіць кашулькі з вульгарнымі надпісамі”.

Асяродак развіцця адукацыі

АРА займаецца павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. На сустрэчы  з кіраўніцтвам гэтай установы нам расказалі пра сістэму адукацыі ў Польшчы, якія ступені праходзяць польскія настаўнікі ў прафесійным росце, праблемы польскай школы.

Сістэма адукацыі Польшчы складаецца з трох ступеняў. Школа пачатковая (падставовая) –1- 6 класы, гімназія – 7-9 класы і трэцяя ступень – ліцэі розных профіляў, яшчэ 3 гады. Школа падставовая і гімназія з’яўляюцца абавязковымі , гэта  9 класаў. Экзамены вучні здаюць пасля школы падставовай, пасля гімназіі і пасля ліцэя.

Сёння ў Польшчы каля 5 млн. вучняў, а настаўнікаў 665 тысяч.

Настаўнік у сваім прафесійным росце праходзіць наступныя прыступкі-катэгорыі:

  1. Настаўнік-стажор – праз  9 месяцаў.
  2. Кантрактовы настаўнік – праз  3 гады.
  3. Сталы настаўнік –  праз 3 гады.
  4. Дыпламаваны настаўнік – праз 3 гады.

Каб перайсці з ніжэйшай  прыступкі на вышэйшую, трэба выканаць некалькі  іспытаў, умоваў. Кіраўніца АРА кажа: “Мы не ганарымся гэтай сістэмай удаканалення настаўнікаў, бо ўсе ступені настаўнік можа прайсці за 10 год,  да 32-33 гадоў жыцця. А далей няма стымулаў для  прафесійнага росту!  Будзем  мяняць нешта ў гэтай справе”.

У Асяродку развіцця адукацыі

У Асяродку развіцця адукацыі

Агульных для Польшчы праграмаў навучання па прадметах, зацверджаных міністэрствам адукацыі,  няма. Ёсць стандарт, у якім на ўзроўні эфектаў прапісана, што павінен знаць і ўмець вучань па гэтаму прадмету. Кожны настаўнік сам складае сваю праграму навучання, зацвярджае яе ў сваёй  школе і працуе па ёй.

Сярод праблемаў польскай школы нашы субяседніцы вылучаюць нізкі заробак настаўнікаў. Сёння польскі настаўнік зарабляе 2 – 2,5 тысячы злотых, гэта 700 -800 $, што роўна сярэднестатыстычнаму заробку ў Польшчы.  Дырэктар школы можа дадаць яшчэ 20%  як заахвочванне за нейкія поспехі. Марлена Фалкоўская, намесніца дырэктара АРА,  лічыць такі заробак для настаўніка недастатковым. Адсюль узнікае такая з’ява ў польскай школе, як празмерная фемінізацыя – настаўніцы пераважаюць, мужчын мала. Гэтак не павінна быць.

У Польшчы няма абавязковага  размеркавання  выпускнікоў  педагагічных універсітэтаў, кожны сам шукае сабе школу для працаўладкавання. Настаўнікаў больш, чым месцаў працы, дырэктары могуць на конкурснай аснове выбраць настаўніка на вакантнае месца па яго поспехах у вучобе або на папярэднім месцы працы. Усім працы не хапае – ёсць беспрацоўе сярод настаўнікаў, хаця і невялікае.

Адпачынак у польскіх настаўнікаў 6 тыдняў –  гэта больш, чым у іншых прафесій, але, заўважаем мы, менш, чым у нас,  беларускіх настаўнікаў   – 8 тыдняў.

 Ці ёсць у польскіх настаўнікаў льготная пенсія? – цікавімся ў нашых субяседнікаў. Так, яе можа атрымаць той настаўнік, што мае  55 год узросту і 30 год педстажу.

 Свае правы польскія настаўнікі могуць абараніць аж у двух прафсаюзах – славутай Салідарнасці і Саюзе польскіх настаўнікаў.

Як можна павысіць прэстыж прафесіі настаўніка? Дырэктар АРА незадаволена  дзяржаўнай палітыкай у адносінах да школы і настаўніка.  Галоўны крок – трэба павысіць заробак, – лічыць яна. Гэта павялічыць конкурс на педагагічныя спецыяльнасці і дасць магчымасць выбраць лепшых. Для Польшчы ўзорам для рэфармавання сістэмы адукацыі з’яўляецца Фінляндыя. У Фінляндыі конкурс на педагагічныя спецыяльнасці – 10 чалавек на месца. 2, 5 гады студэнты вывучаюць тэорыю, 2,5 гады маюць педпрактыку. У фінскіх настаўнікаў высокі заробак, створана выдатная сістэма ўдасканалення. Кожны настаўнік пасля  5 год працы ў школе мае цэлы год курс удасканалення, павышэння кваліфікацыі. У гэты год ён не працуе ў школе, а толькі працуе над сваім удасканаленнем. У Фінляндыі зусім няма сістэмы надзору, кантролю над настаўнікам зверху. Настаўнік сам сябе кантралюе. Лозунг школьнай сістэмы ў фінаў:  адказнасць, давер, эластычнасць.  Ці не таму па выніках кантролю ведаў міжнароднай арганізацыяй PISA фінскія вучні выйшлі на першыя месцы?  Дарэчы, Польшча ўпершыню прыняла ўдзел у гэтым міжнародным тэставанні ў 2003 г., тады вынік быў несуцяшальны для палякаў. А вось у 2010 г. сітуацыя нашмат палепшылася. Па даных  PISA  Польшча апынулася ў чацвёрцы лепшых па адукацыі краін свету. Прагрэс відавочны, а магчымы ён стаў дзякуючы зменам у свядомасці настаўнікаў, – лічыць Марлена Фалкоўская.

Акадэмія  Мантэсоры

Яшчэ адна ўстанова, у якую нам пашанцавала трапіць – школа Мантэсоры. Што гэта азначае? Вікіпедыя тлумачыць:  “Педагогіка Мантэсоры – сістэма выхавання, прапанаваная ў 1-ай палове 20 ст. італьянскім педагогам Марыяй Мантэсоры. Методыка заснаваная на індывідуальным падходзе педагога да кожнага дзіцяці: малы пастаянна выбірае дыдактычны матэрыял і працягласць заняткаў, развіваючыся ва ўласным рытме і напрамку.”

  Нас сустрэла Іана Гурэцкая – настаўніца польскай мовы, намеснік дырэктара па сувязях з грамадскасцю –  спачатку расказала нам пра школу, правяла экскурсію па ёй,  потым  мы разышліся па класах назіраць урокі.

  Школе 20 год, яна прыватная, уключае дзіцячы садок, падставовую школу  (1-6 класы), гімназію (7, 8, 9 класы). На ўсіх ступенях тут навучаюцца 200 дзетак, працуюць 34 настаўнікі.  Калектыў  працуе па сістэме Мантэсоры, але не класічнай, а змененай ў адпаведнасці з часам. Наша субяседніца ўпэўнена, што, калі б Марыя Мантэсоры жыла ў наш час, то яна б пагадзілася на  гэтыя ўдасканаленні.

 Акрамя сістэмы Мантэсоры ў школе выкарыстоўваюцца іншыя методыкі, якія не супярэчаць ёй, – методыка даследчых праектаў, блокавае навучанне, методыка Актыўнай Ацэнкі. У пачатковай школе  адзнакі не выстаўляюцца, толькі ў канцы 4 класа настаўнікі павінны паставіць выніковыя адзнакі.

Дзеці шмат працуюць у групах, прычым групы ствараюцца не толькі па гарызанталі, але і па  вертыкалі – 1 і 2, 3 і 4 класы  разам вучацца, ствараюць праектныя групы. Аўтары такой ідэі лічаць, што такія “змяшаныя” групы спрыяюць развіццю дзяцей. У той дзень, калі мы  былі ў школе, групы з 1 і 2 класаў рыхтавалі свае праекты на тэму “Адзенне”, мы назіралі заключны этап падрыхтоўкі да прэзентацыі, якая павінна была адбыцца назаўтра. Дзеці вельмі хваляваліся, бо  над праектам яны працавалі цэлы месяц, а прэзентацыя заўсёды адбываецца вельмі ўрачыста, у прысутнасці бацькоў, настаўнікаў, гасцей, іншых вучняў.

Мы пацікавіліся, па якому прынцыпу набіраюць вучняў у школу.   У 1-2 класы прымаюць на пробны тыдзень, глядзяць, як дзіця сябе адчувае ў новым асяродку, ці можа яно “пацягнуць” тое, што яму прапануе школа. У 4 клас і вышэй, акрамя пробнага тыдня, ёсць яшчэ і экзамен па матэматыцы, польскай, ангельскай мовах.

 У 1-4 класах абавязковых падручнікаў няма, таму заданні рыхтуе настаўнік індывідуальна для кожнага (!) вучня. Гэта найбольш адказная і складаная частка работы настаўніка. Праўда, у “змяшаных” класах, дзе разам вучацца 1 і 2, а таксама 3 і 4,  на ўроку працуюць два настаўнікі, менавіта для таго, каб лепш ажыццяўляць індывідуалізацыю навучання. Пачынаючы з 5 класа “мяшаных” класаў ужо няма, там на ўроку адзін настаўнік.

Першае, што нас вельмі здзівіла,  калі прайшліся па школе, – усе сцены ў класах, на калідорах,   залеплены вучнёўскімі праектамі, плакатамі, аб’явамі, якія  прымацаваны магнітамі.  Як трымаюцца магніты? Усе сцены – магнітныя дошкі? Як гэта можа быць? Іана патлумачыла нам сакрэт – аказваецца, сцены пакрыты спецыяльнай тынкоўкай, напэўна, з жалезам. Гэта зроблена спецыяльна, бо для методыкі Мантэсоры важны прынцып атачэння, стварэнне пэўнага развіваючага асяродку, асабліва для малодшых класаў. Такім чынам, нават сцены становяцца элементамі  выхавання і навучання.  

Абсталяванне кабінета прыродазнаўства

Абсталяванне кабінета прыродазнаўства

 Навучанне ў Акадэміі Мантэсоры платнае і нятаннае.  Кожны месяц бацькі плацяць 1800 злотых – каля 600$. Канечне, не кожная сям’я  можа забяспечыць свайму дзіцяці навучанне ў такой школе. Школа лічыцца лепшай ў раёне па паказчыках навучання. Дзіця знаходзіцца тут з 8 да 17 гадзін, атрымлівае 3-хразовае харчаванне, вывучае 2 замежныя мовы, ёсць  басейн, дадатковыя заняткі. Для таленавітых дзетак са шматдзетных ці небагатых  сем’яў устанаўліваюцца стыпендыі, яны вызваляюцца ад платы. Школ Мантэсоры няшмат у Польшчы (менавіта з-за іх нятаннасці, тлумачыць нам Іана) – усяго 4 у Варшаве і яшчэ  некалькі ў іншых гарадах – у Любліне (там ёсць і курсы для настаўнікаў, што хочуць працаваць па методыцы Мантэсоры),  Лодзі, Гданьску.

 Звярнулі ўвагу на расклад – у малодшых класах  да абеда  заўсёды 4 урокі:  польскі (гэта мова і літаратура), матэматыка, прыродазнаўства і ангельская мова;  пасля абеду:  музыка, выяўленчае мастацтва, урок эмоцый, псіхалагічныя заняткі. Ёсць таксама выхаваўчыя гадзіны, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца асобна.

Працуюць гурткі : даследчыкі свету, кулінарны, гістарычных гульняў, тэатральны, арыгамі, інжэнерна-электронны. Нам расказалі, што перад нашым прыездам было свята Андрэйкі – традыцыйнае польскае народнае свята перад пачаткам каляднага паста.  Усе апраналі народнае адзенне ці нейкі элемент яго, спявалі народныя песні, танцы,  гульні.  “Вучым мультыкультуралізму, цярпімасці да іншых народаў, рэлігій. Вось нядаўна ездзілі на Беласточчыну, наведвалі там  царкву, мусульманскую мячэць, яўрэйскую сінагогу,” – гаворыць сп. Іана.

У школе ёсць электронны дзённік, дзе настаўнік запісвае тэму, калі ёсць,  адзнакі вучняў. Кожны з бацькоў можа зайсці  у гэты электронны дзённік, каб ведаць больш пра працэс навучання і звязацца праз інтэрнет з настаўнікам.

Урок прыродазнаўства ў 1-2 класе

Урок прыродазнаўства ў 1-2 класе

 Пасля азнаямляльнай лекцыі  мы атрымалі запрашэнне наведаць урокі. Я выбрала урок прыродазнаўства ў 1-2 класах. Гэты ўрок быў мала падобны на класічны. Дзве настаўніцы працавалі з дзецьмі індывідуальна і ў малых групах, якія рыхтаваліся да заўтрашняй прэзентацыі сваіх праектаў.  Вучні вольна размяшчаліся, рухаліся, працавалі седзячы не на стульях, а на мяккіх шарах, абцягнутых тканінай. Нехта сядзеў на дыване на падлозе, а адзін хлопчык ляжаў пад сталом і шмараваў  спінай аб падлогу. Некалькі разоў настаўніца спрабавала яго зацікавіць якой-небудзь справай, але праз некаторы час ён ужо зноў быў пад сталом, цалкам пагружаны ў сябе. Ніхто з дзяцей на яго не звяртаў ўвагу, відаць было, што для іх у такіх паводзінах няма нічога незвычайнага.  Здзіўленымі былі толькі мы. Настаўніца на наша асцярожнае  пытанне пасля ўрока пра хлопчыка патлумачыла, што гэта аўтызм. Сёння вучань  не працаваў, як усе, але ўвогупе ён паспявае выконваць заданні, толькі рухаецца ў сваім тэмпе. “Але ж вы маглі не браць такога вучня ў сваю школу, каб ён не “псаваў” паказчыкі паспяховасці, вы ж можаце выбіраць. Чаму вы яго ўзялі?” – спыталі мы. “Так, сапраўды, мы абмяркоўвалі гэта пытанне пасля выпрабавальнага тэрміну хлопчыка і вырашылі ўзяць яго, бо мы можам даць яму рады. Гэта і ёсць методыка Мантэсоры – улічваць прыроду, індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці. У звычайнай школе яму было б выжыць цяжэй”, – патлумачыла настаўніца.

 Надзвычай шмат абсталявання, патрэбнага для вывучэння прыроды, адразу відаць, што гэта кабінет прыродазнаўства. Паўсюль некія скрыначкі, прабіркі, гербарыі, глобусы, малюнкі. На асобным стале стаяць латочкі з індывідуальнымі заданнямі для кожнага вучня.

Дзеці  рыхтаваліся да заўтрашняй прэзентацыі сваіх праектаў на тэму “Адзенне”. Вось адна група прадстаўляе свой праект адной з настаўніц, павесіўшы паперу  на сцяну. Гэта хлопчыкі, яны выбралі для вывучэння тэму пра адзенне пажарных. Другая настаўніца ціхенька размаўляе з адным з вучняў, яны разам сядзяць ля кампутара і нешта адшукваюць там для  праекта . Вось яшчэ адна група дапісвае-дамалёўвае свой праект  пра матэрыялы, з якіх робіцца адзенне – воўну, лён, бавоўну, віскозу, хімвалокны.  Дзяўчынкі падрыхтавалі праект пра джынсы і з ахвотай расказваюць нам пра Леві Строса, які вынайшаў джынсавае адзенне.  Бачым яшчэ адзін плакат пра сукенкі, наступны пра  моду,  а гэты пра абутак. Усе праекты ўжо збольшага напісаныя, намаляваныя, аплікаваныя  не вельмі ўмелай дзіцячай рукой, відаць, што яны рабілі ўсё самі, як змаглі. Тэму кожны выбіраў сам. А задача настаўніка дапамагчы дзіцяці ажыццявіць праект, падабраць для кожнага такое заданне, матэрыял, тэст, які б развіваў малога.

У кабінеце матэматыкі, які мы аглядалі,  зусім іншае асяроддзе, але і тут працягваецца работа над праектам “Адзенне”. Вось вісіць заданне-плакат для вучняў – вымераць свой рост, аб’ём плячэй, таліі, клубаў і да т. п., запісаць гэта ў табліцу і вызначыць па ёй,  якія памеры адзення трэба  вучню.  Так мы на практыцы ўбачылі, што  такое праектная дзейнасць.

У кабінеце матэматыкі

У кабінеце матэматыкі

У сярэдняй школе нам давялося наведаць урок сусветнай  гісторыі. Малады настаўнік, які нагадаў мне рокера, напэўна, з-за доўгіх валасоў і чорнай вопраткі,  вывучаў  з  5 класам тэму “Рэлігія старажытных рымлян”.  Гэты ўрок быў больш традыцыйны, падобны на нашы. Дзеці сядзелі за сталамі, на стульях, праўда, сталы стаялі ў форме кола, шмат працавалі самастойна, у парах, у групах, рухаліся, сігналізавалі сваё разуменне матэрыялу.  Падгледзела  ў свайго польскага калегі  цікавую завядзёнку – у сшытках вучняў наклеены паперкі з тэмай, мэтамі, наштобузу для кожнага ўрока. Настаўнік іх рыхтуе загадзя, раздрукоўвае для кожнага. Гэта дазваляе сэканоміць час на ўроку, які б быў патрачаны на пісанне гэтых элементаў урока на дошцы настаўнікам і ў сшытку вучнямі. Гэта варта пераняць! Акрамя названых вышэй злементаў, у сшытках вучняў ёсць і іншыя наклейкі, што дадзены настаўнікам – заданні, тэсты, табліцы, схемы. Тут жа ёсць выкананыя заданні і выстаўленыя за іх адзнакі. Ёсць тэмы, дзе больш запісаў зроблена рукой вучня, а не раздрукаваны настаўнікам. Гэты элемент у працы гісторыка мне падаўся вельмі цікавым, абавязкова паспрабую сама.

Яшчэ адным узрушэннем стаў абед, на які нас павялі ў сталоўку. Малыя самі ўпэўнена наліваюць з фарфоравых супніц, прынесеных поварам на стол, гарачы боршч у вялікія (калі параўноўваць з памерамі дзіцяці) фарфоравыя талеркі, кожны сам для сябе. Мы спыніліся і замерлі, назіраючы за гэтым працэсам, – няўжо такое малое зможа само гэта зрабіць, нічога не ўпусціўшы, не разліўшы на сябе? Ніхто не разліў і не разбіў! “І як вы не баіцеся гэты працэс даверыць такім малым? Гэта ж так небяспечна! І посуд фарфоравы…”- спыталі мы ў Іаны.

“Яны мусяць гэта ўмець! – пачулі мы ў адказ.

Лавы на школьным двары

Лавы на школьным двары

Пакідаючы кожную са школаў, я чамусьці заўсёды думала, што знешне польскія школы нават уступаюць нашым. Гэта звычайныя непрыкметныя будынкі, у якіх няма таго б’ючага ў вочы “еўрарамонту” ,” вылізанасці”, мішуры, імкнення паразіць знешнім выглядам.  Відаць было, што ніхто спецыяльна да нашага візіту асабліва не рыхтаваўся. У сталоўцы мы елі тое ж, што і вучні, якія сядзелі побач з намі. Відаць было, што гэта іх звычайны абед, гэта іх паўсядзённае жыццё. Калі мы спазніліся з-за транспартных праблем  у грамадскую школу, то ўрокі, якія мы павінны былі  наведаць, ужо заканчваліся. Дырэктарка сказала, што ў гэтым нічога страшнага няма, можна пайсці   на іншыя. Толькі вось яна зараз запытае ў настаўнікаў, ці згодны яны запрасіць да сябе на ўрок. Згодных аказалася дастаткова. Пры адсутнасці знешняга бляску  ўнутры затое мы знаходзілі  вельмі цікавыя ўстановы, дзе добра дзецям і настаўнікам, дзе паважаецца годнасць дзіцяці, дзе ўсё робіцца для вучня і настаўніка, а не для начальства, каб пусціць яму пыл у вочы.

Сустрэча з Данутай Стэрна,  экспертам СЕО па методыцы АА

Спадарыня Данута пачала сваю лекцыю з пытанняў пра нашы ўражанні ад Варшавы, ад польскіх школаў. Уражанні ва ўсіх аказаліся выключна станоўчыя. “А што б вы параілі змяніць у тых школах, дзе вы былі, што можна было б зрабіць лепшым, як?”- гэта было, відаць, ключавое пытанне лектаркі. Яно аказалася для нас цяжкім. Я працягваю над ім думаць і сёння.

 Данута расказала нам пра тое, як узнікла і распаўсюджвалася методыка АА ў Польшчы, у якім стане сёння гэты працэс, планы СЕО  на будучыню АА.

Лекцыя Дануты Стэрны

Лекцыя Дануты Стэрны

Пачаткам АА ў Польшчы сталі семінары англічан у 2002 годзе. У 2003 г. удзельнікі семінараў, у тым ліку і сама лектарка, ўжо працавалі па гэтай методыцы ў гімназіях і школах. У 2003-4 навучальным годзе  СЕО стварыў  інтэрнет-курс па АА. Паралельна праходзілі семінары для настаўнікаў і адміністрацыі школ, якія праводзілі ўжо самі польскія настаўнікі і супрацоўнікі СЕО, канферэнцыі, на якіх настаўнікі абменьваліся сваімі думкамі і вопытам. Сп. Данута ў гэты час працавала мадэратарам на інтэрнет-курсе, пісала артыкулы пра АА, рыхтавала прэзентацыі (яны ёсць на нашым сайце aacenka.by на беларускай мове), праводзіла семінары. У 2008 выйшла яе кніга  “АА на практыцы” , дзе  на прыкладах з вопыту польскіх настаўнікаў паказана, як працуе АА ў Польшчы. Усе вышэйпералічаныя справы стварылі поле для дыскусіі для польскіх настаўнікаў. Сп. Стэрна лічыць гэта вельмі важнай умовай для распаўсюджання АА ў краіне. “Калі не будзе дыскусіі, абмену думкамі – многія настаўнікі адыходзяць ад АА. Бо праца па АА наўпрост не дае настаўніку павелічэння заробку, не дапамагае яму прасунуцца па кар’ернай лесвіцы, але вымагае ад яго больш часу, працы і сілаў, асабліва напачатку.”

 Праз інтэрнет-курсы і семінары АА ў Польшчы прайшлі каля 3 тыс. педагогаў. “На жаль,  няма дакладнай статыстыкі, які працэнт з іх застаўся працаваць па методыцы АА, а хто вярнуўся да традыцыйных метадаў”, – гаворыць эксперт. СЕО  не раздае падзякі  за выкарыстанне метада і не выносіць вымовы за адход ад яго, у СЕО няма кантралюючай функцыі, хаця цікава было б мець  статыстыку, плануюць гэта зрабіць.

Сп. Стэрна падрабязна расказала нам, як арганізаваныя і працуюць інтэрнет-курсы па АА ў Польшчы, якія праблемы выявіліся. Яна лічыць, што добра было б і ў Беларусі зрабіць такія курсы, без гэтага сёння папулярызацыя методыкі немагчымая. СЕО гатовы дапамагчы нашым настаўнікам, прадаставіўшы сваю праграму і інтэрнет-платформу. Яна прызвала ўдзельнікаў стажыроўкі стаць лідэрамі, ментарамі, арганізатарамі гэтай справы. Мы ўсе пагадзіліся, толькі як гэта зрабіць на практыцы?

Пасля гэтага эксперт  прадэманстравала сваю новую прэзентацыю пра АА, але здолела гэта зрабіць не паўтараючыся, на новым узроўні, больш увагі ўдзяліўшы праблемам, цяжкасцям кожнага з элементаў  АА (яга называла іх стратэгіямі). Яна сістэматызавала тэхнікі АА, налічыла іх каля 70 – гэта прыёмы, канкрэтныя дзеянні на ўроку, якія можа ўжыць настаўнік, рэалізуючы методыку на практыцы.

Беларускія настаўнікі з экспертам Актыўнай Ацэнкі сп. Данутай Стэрнай.

Беларускія настаўнікі з экспертам Актыўнай Ацэнкі сп. Данутай Стэрнай.

 Наступным крокам для развіцця АА ў Польшчы СЕО плануе стварыць  школы-лабараторыі па АА, у якіх усе ці значная колькасць педагогаў будуць працаваць па гэтаму метаду. Да гэтых настаўнікаў можна будзе ў любы момант прыйсці на ўрок, павучыцца іншым. У такіх лабараторыях можна будзе прааналізаваць эфектыўнасць гэтай методыкі, зрабіць вывады пра яе выніковасць  для вучняў.

Высновы

Хоча ці не, але чалавек заўсёды параўноўвае тое, што ён бачыць у іншай краіне са сваім, родным, асабліва, калі гэта тычыцца таго, што табе блізка і дорага. Я больш за 25 год працавала настаўніцай у беларускай школе, сышла з яе не па сваёй волі, а  была выгнаная па загаду чыноўнікаў, якім не дагадзіла  “апазіцыйнасцю” – сяброўствам не ў той партыі, удзелам у Плошчы. Таму мае высновы з параўнання польскай і беларускай школ будуць, напэўна, суб’ектыўнымі, будуць насіць адбітак гэтай “выгнанасці”. Магчыма, іншыя мае калегі, бачыўшы і чуўшы ў Варшаве тое самае, што і я, зробяць іншыя высновы.  Буду рада іх пачуць.

Польская школа адрозніваецца ад беларускай тым жа, чым краіна , дзяржава, грамадства Польшча адрозніваецца ад краіны, дзяржавы, грамадства  Беларусь.  Першае адрозненне польскай школы ад нашай, на мой погляд, яе нацыянальны характар. Яна выхоўвае грамадзян Польшчы,  палякаў. Грунтам гэтай школы з’яўляецца  пальшчызна – мова, гісторыя, культура польскага народа. Палякі адчуваюць сябе самадастатковай еўрапейскай нацыяй, якая можа ганарыцца сваімі дасягненнямі.  Гэта так проста і зразумела, так ёсць паўсюль у свеце, гэта ў Польшчы нават не абмяркоўваецца.

У якім стане сёння беларуская мова, гісторыя і культура на Беларусі – ці трэба тут пра гэта гаварыць? А гэта ж і ёсць фундамент любой дзяржавы і   школы – яе гісторыя, мова, культура – нацыянальная ідэя. Калі гэтага няма, значыць няма фундамента. Ролю фундамента ў нас быццам бы выконвае афіцыйная ідэалогія  (язык не паварочваецца назваць яе беларускай, бо гэта нешта антыбеларускае)– руская мова, малодшы брат, СССР, БРСМ, піянеры, акцябраты, Вялікая Айчынная вайна, лінія Сталіна, спажывецтва…  Хто хоча, можа дадаць сваё ў гэту кашу. Фундамент такі заганны, таму і вынік ёсць і будзе адпаведны.

Другое адрозненне польскай школы – там больш павагі да чалавека, больш свабоды, разняволенасці, менш бязглуздай рэгламентацыі. Змалку ў  такім грамадстве чалавеку лягчэй рэалізаваць сябе, лягчэй вучыцца, зарабляць на жыццё, тварыць. Разняволеная ініцыятыва грамадзянаў робіць цуды ва ўсіх галінах жыцця – у мастацтве, навуцы, эканоміцы, палітыцы. Вось чаму палякі маюць вышэйшы ўзровень жыцця, вось чаму “на закупы” беларусы едуць у Польшчу, а не наадварот. Вось чаму польскія настаўнікі маюць заробак 700-800$ і яшчэ змагаюцца за яго павышэнне (пры тым што цэны ў Польшчы, як мы назіралі, роўныя ці ніжэйшыя за беларускія, выключаючы толькі 2 тавары –  квіткі на грамадскі транспарт і плату за жкг), а беларускія настаўнікі зарабляюць 100-200$ і маўчаць.

Хачу падзякаваць усіх тых асобаў, якія прыдумалі і арганізавалі гэтую паездку – сп. Агнешку, nastaunik. info, Міністэрства замежных спраў Польшчы. Упэўнена, што гэта пачатак добрай справы, якая паспрыяе паляпшэнню беларускай школы.

Снежань 2011

Наталля Ільініч

 


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: