Якія ключавыя кампетэнцыі патрэбны беларускаму вучню?

Узмацненне ўвагі да кампетэнцый абумоўлена абнаўленнем  ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу школьнай адукацыі, якое  за апошняе дзесяцігоддзе правялі многія краіны свету. Ключавыя кампетэнцыі усталёўваюць набор сістэмных характарыстык для праектавання адукацыйных стандартаў і навучальных праграм, вучэбнай і метадычнай літаратуры, а таксама адпаведных вымяральнікаў узроўняў падрыхтаванасці навучэнцаў. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі, якія сведчаць аб духоўнай, інтэлектуальнай і фізічнай сталасці асобы.

Аналіз дзейных міжнародных і нацыянальных рамак ключавых кампетэнцый дазваляе прасачыць, якая рамка кампетэнцый была ўзята за аснову ў кожнай краіне, як праяўляецца і чым абумоўлена яе нацыянальная спецыфіка, як суадносяцца і як сфармуляваны ключавыя і прадметныя кампетэнцыі. Кожная краіна распрацоўвае ўласную нацыянальную мадэль кампетэнцый, якая апісвае мэты і вынікі адукацыі. Змест кампетэнтнаснай мадэлі вызначаецца нацыянальнымі прыярытэтамі краіны, сацыяльным, культурным і эканамічным кантэкстам і адукацыйнымі традыцыямі. Як абнаўляюцца рамкі ключавых кампетэнцый у розных краінах, што агульнае і адрознае можна вылучыць – у гэтай публікацыі: https://www.nastaunik.info/node/18876 

У нашай краіне таксама была  распрацаваная нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі: праект канцэпцыі быў апублікаваны для грамадскага абмеркавання на нацыянальным адукацыйным партале і   вызначае стратэгічныя напрамкі, механізмы і ўмовы  фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі, асаблівасці гэтага працэсу на розных узроўнях адукацыі.

Універсальныя кампетэнцыі ў канцэпцыі вызначаюцца як ключавыя кампетэнцыі, “звязаныя з агульнымі ведамі, уменнямі, каштоўнасна-сэнсавымі ўстаноўкамі і асобаснымі характарыстыкамі, якія дазваляюць чалавеку творча рэалізаваць сябе, сацыяльна ўзаемадзейнічаць і адаптавацца да зменлівых умоў, эфектыўна рашаць задачы незалежна ад вобласці і спецыфікі” (цалкам агляд праекта айчыннай “Канцэпцыі фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі” можна прачытаць тут: https://www.nastaunik.info/node/18827). Звяртаем увагу, што ў канцэпцыі адзначаецца “прыведзены пералік універсальных кампетэнцый з апісаннем іх змястоўных аспектаў і асноўных асаблівасцяў не з’яўляецца закрытым і прадугледжвае магчымасць дапаўнення, пашырэння і ўдакладнення ў залежнасці ад існуючай сацыякультурнай сітуацыі і рашэння канкрэтных задач”.

Сёння мы прадстаўляем яшчэ адну рамку ключавых кампетэнцый беларускага вучня, якая была распрацавана айчыннымі адукатарамі па выніках грамадскага абмеркавання апублікаванага праекта канцэпцыі ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі і вывучэння міжнароднага і замежнага досведу рэфармавання зместу школьнай адукацыі ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу. 

Па меркаванні распрацоўшчыкаў прапанаванай рамкі яна дапаможа вырашыць наступныя задачы, актуальныя для айчыннай сістэмы школьнай адукацыі:

• нацэленасць навукова-метадычнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, на фармаванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў;

•  дасягненне навучэнцамі адукацыйных вынікаў, якія носяць практыка-арыентаваны характар і прад’яўляюцца ў дзейнаснай форме;

• абнаўленне патрабаванняў да прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў, якія ўключаюць персанальную і прафесійную гатоўнасць і падрыхтаванасць да фармавання ключавых  кампетэнцый у навучэнцаў;

• развіццё сістэмы ацэнкі адукацыйных вынікаў, арыентаванае на дыягностыку сфармаванасці ключавых кампетэнцый навучэнцаў;

• стварэнне інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае фармаванне ключавых кампетэнцый у навучэнцаў..

Публікуем для азнаямлення і абмеркавання дасланыя візуальныя матэрыялы з каментарыямі. 

Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня

Пры размежаванні ключавых кампетэнцый  улічваліся даследаванні стану адукацыі, тэндэнцыі развіцця школы, перадавыя ідэі педагагічнай навукі, рэкамендацыі міжнародных арганізацый, магчымасці забеспячэння развіцця  кампетэнцый у навучальных праграмах і іншае. Схема 1 дазваляе праілюстраваць пералік ключавых кампетэнцый для іх кампаноўкі ў нацыянальную рамку. 

Спіс васьмі ключавых кампетэнцый беларускага вучня: 

  • Пісьменнасць
  • Шматмоўная кампетэнцыя
  • Лічбавая кампетэнцыя
  • Навуковая, тэхнічная і экалагічная (кампетэнцыі ў галіне матэматыкі, навукі, тэхнікі, тэхналогій і экалогіі)
  • Персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця
  • Грамадзянская кампетэнцыя
  • Прадпрымальніцкая кампетэнцыя
  • Культурная (дасведчанасць і здольнасць выяўляць сябе ў культурнай сферы)
  1. Вылучаецца восем ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі грамадзян. 
  2. Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям’ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.
  3. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, і асноўныя складнікі  адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.

Схема 2 паказвае, як праз  азначэнні кампетэнцый  раскрываюцца  іх істотныя аспекты.



Заўважна, што у рамцы:

  1. У асобную ключавую кампетэнцыю вылучана сацыяльна-эмацыйная сфера навучэнцаў з фокусам на здароўе і здаровы лад жыцця.
  2. Кампетэнцыя ў сферы навукі, тэхнікі і тэхналогій мае выразны экалагічны акцэнт.
  3. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя найперш прапісана з пазіцый ініцыятыўнасці і наватарства.

Табліца 2. Ключавыя кампетэнцыі беларускага вучня (веды, навыкі, каштоўнасці/стаўленні) дае ўяўленне пра структуру ключавых кампетэнцый:

Коратка падсумуем:

  • Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці.
  • Развіццё каштоўнасцяў – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што каштоўнасці складаюць ядро ​​ідэнтычнасці чалавека, праяўляюцца ў выбары і дзейнасці асобы.
  • Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, кантраляваць эмоцыі і праяўляць стрэсаўстойлівасць з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.

Працяг будзе



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: