Ключавыя кампетэнцыі (КК) для навучання на працягу жыцця: чаму і як змяняюцца рамкі?

Прапануем прэзентацыю, тэкст да слайдаў і заданні для трэнінгу для настаўнікаў па тэме фармавання ключавых кампетэнцый.

Школа самы важны чыннік у працэсе змен грамадства, таму што менавіта ў школе фармуецца карціна свету, ідэнтычнасць, закладаюцца каштоўнасці, маральныя нормы, фармуецца эстэтычны густ. Гэта тыя складнікі, якія пасля фармуюць атмасферу ў грамадстве, абумоўліваюць узровень яго дабрабыту і акрэсліваюць перспектыву на будучыню.

У 2006 годзе выйшаў даведнік “ТОП-44: ПРАФЕСІІ БУДУЧЫНІ”. У даведніку можна было прачытаць пра альтэрнатыўную энергетыку, інавацыйны менеджмент, крэатыўнае пісьмо і  яшчэ шмат чаго цікавага. Такім прафесіям у Беларусі тады не вучылі, але  рынак ужо адчуваў недахоп гэтых спэцыялістаў. Што адбываецца сёння?

Для параўнання можна прааналізаваць спіс самых перспектыўных і запатрабаваных прафесій у 2024 годзе. Заўважна, што  лічбавізацыя і ўкараненне сучасных тэхналогій імкліва мяняюць рынак працы.
Хуткія змены ў свеце вымагаюць такой жа хуткай змены адукацыі. Але сёння многія эксперты ў галіне адукацыі канстатуюць, што “ў ХХІ стагоддзі большасць вучняў дагэтуль навучаюць настаўнікі, якія выкарыстоўваюць педагагічныя практыкі, якія выкарыстоўваліся школьнымі арганізацыямі ў ХІХ стагоддзі”. Атрымліваецца, школа не паспявае за зменамі і рыхтуе навучэнцаў да ўчорашняга дня, глядзіць у мінулае, а не ў будучыню?

Якія веды і навыкі пагаршаюцца? Што пайшло не так?

Апошняе маштабнае даследаванне якасці школьнай адукацыі – PISA 2022 (правярала амаль 700 000 15-гадовых навучэнцаў з 81 краіны-члена АЭСР і краін-партнёраў па матэматыцы, чытанню і прыродазнаўству).  PISA 2022 зафіксавала “беспрэцэдэнтнае падзенне паспяховасці ў краінах АЭСР”. У параўнанні з 2018 годам сярэдняя паспяховасць знізілася на 10 балаў па чытанні і амаль на 15 балаў па матэматыцы. Але зніжэнне паспяховасці можна толькі часткова звязаць з пандэміяй COVID-19: падзенне балаў па чытанні, па прыродазнаўчых навуках і матэматыцы было відавочным яшчэ да 2018 года. Пра нарастанне негатыўных тэндэнцый сведчаць і іншыя даследаванні сістэм адукацыі. У Амерыцы доўгатэрміновае тэставанне па матэматыцы і навыках чытання выяўляе, што вучэбныя дасягненні вучняў выйшлі на пік у пачатку 2010-х гадоў. З таго часу сярэдняя паспяховасць пайшла назад.  У Фінляндыі, Францыі, Германіі, Нідэрландах і іншых балы ў некаторых міжнародных тэстах падаюць гадамі. 

Чацвёра з пяці падлеткаў не задаволеныя жыццём. Паказчыкі псіхалагічнага дабрабыту зніжаюцца …

Навукоўцы з ўніверсітэтаў Кембрыджа і Манчэстара прааналізавалі дадзеныя 11 тысяч школьнікаў з Вялікабрытаніі і высветлілі, што заканчэнне пачатковай школы і пераход у базавую выклікае рэзкае зніжэнне суб’ектыўнага пачуцця радасці ад жыцця ў першыя гады пачатковай школы. Пад суб’ектыўным адчуваннем разумеецца задаволенасць падлеткаў рознымі аспектамі жыцця, такімі як сябры, школьнае жыццё, адносіны з бацькамі. Даследчыкі ўлічвалі, што на падлеткаў таксама ўплываюць эканамічныя абставіны, сям’я, агульнае пачуццё бяспекі, наяўнасць або адсутнасць здзекаў. Аднак як бы ні дзейнічалі гэтыя фактары — станоўча ці адмоўна — вынік быў аднолькавы. Усе дзеці, якія толькі што скончылі пачатковую школу, у асноўным задаволены жыццём. А ўжо ў 14 гадоў паказчыкі псіхалагічнага дабрабыту ў 79% удзельнікаў апусціліся ніжэй сярэдняга паказчыка па ўсёй групе трыма гадамі таму.
Пасля заканчэння пачатковай школы душэўны камфорт хутка падае, падлеткі адчуваюць сябе няшчаснымі. А якія фактары вызначаюць, наколькі дзіця адчувае сябе шчаслівым? Стрэсаўстойлівасць, аптымізм, энергічнасць.

Андрэас Шляйхер (заснавальнік PISA) адзначае: “Галоўнае пытанне сучаснай адукацыі — як навучыць дзяцей soft skills. Многія бацькі і настаўнікі па-ранейшаму лічаць, што калі мы выдаткоўваем на гэта час, мы пазбаўляем вучняў ведаў аб прыродазнаўстве і мове. Але кагнітыўныя і сацыяльна-эмацыйныя навыкі не супрацьлеглыя, яны даволі блізкія (дадзеныя нашага даследавання паказваюць, што тым, у каго развіта дапытлівасць і камунікабельнасць, лягчэй з матэматыкай). … А школы па звычцы рыхтуюць вучняў, якія могуць паўтарыць тое, чаму іх навучаюць. Але на тое здольныя і робаты. У наш час трэба выхоўваць у дзецях усё тое, што адрознівае іх ад робатаў і штучнага інтэлекту. Творчасць, спагадлівасць, камунікабельнасць, уменне жыць у гармоніі з сабой і  людзьмі навокал, уменне пераадолець няўпэўненасць, эмацыйная ўстойлівасць — вось што хочацца бачыць у школьнікаў. Веды чалавека, афарбаваныя пачуццямі, адрозніваюцца ад ведаў штучнага інтэлекту. І ад гэтых якасцей чалавека залежыць будучыня”

Чаму школы ў многіх краінах не дасягаюць поспехаў? Ці можна гаварыць аб глабальным крызісе адукацыі?

У апошнім артыкуле, прысвечаным школьнай адукацыі,
THE ECONOMIST фармулюе наступныя прычыны зніжэння якасці школьнай адукацыі:

  • Знешнія і ўнутраныя канфлікты (ваенныя, палітычныя, эканамічныя) адыгралі сваю негатыўную ролю: хвалі міграцыі прынеслі шмат дзяцей, якія не валодаюць мовай навучання.
  • Мабільныя тэлефоны адцягваюць увагу вучняў і не дапускаюць іх да чытання дома.
  • Пандэмія была вельмі разбуральнай. Многія ўрады, заахвочаныя прафсаюзамі настаўнікаў, занадта доўга трымалі школы закрытымі,  і дзеці ў многіх краінах страцілі звычку вучыцца.
  • Неадэкватная палітыка ў галіне адукацыі: застойныя, неадпаведныя патрабаванням сучаснасці стандарты, непаслядоўныя рэформы, фокус на другасным замест істотнага і інш.

Адукацыйныя агенцыі ААН канстатуюць глабальны крызіс адукацыйных сістэм і вызначаюць глабальныя тэндэнцыі, да якіх трэба рыхтавацца і ўлічваць у сваіх адукацыйных стандартах, вучэбных планах і  навучальных праграмах.

Чаму ў фокусе ўвагі ўсіх міжнародных рамачных дакументаў сёння знаходзяцца ключавыя кампетэнцыі?

За апошняе дзесяцігоддзе многія краіны свету правялі  рэфармаванне школьных адукацыйных стандартаў і навучальных  праграм з мэтай павышэння ўзроўню развіцця ключавых кампетэнцый. Еўрапейскія краіны пры змене сваіх школьных праграм кіруюцца рамачнымі дакументамі, якія апісваюць тэндэнцыі развіцця адукацыі і даюць рэкамендацыі для настаўнікаў, метадыстаў, палітыкаў у адукацыі. Дадзеныя дакументы сталі вынікамі прафесійных шматгадовых даследаванняў сферы адукацыі. Азнаёміцца з імі можна тут Стварэнне “новай нормы” ў адукацыі: што сабой уяўляе мадэль навучання XXI стагоддзя?

Менавіта ключавыя кампетэнцыі, якія ўключаюць у сябе веды, уменні і каштоўнаснае стаўленне, выяўляюцца крытэрыямі якасці адукацыі, атрыманай дзецьмі ў школе. Ключавыя кампетэнцыі усталёўваюць набор сістэмных характарыстык для праектавання адукацыйных стандартаў і навучальных праграм, абнаўлення зместу і інш.

Ключавыя кампетэнцыі – гэта адзінства  ведаў, навыкаў, каштоўнасцей і стаўленняў

  1. Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці.
  2. Веды з’яўляюцца асновай, фундаментам кожнай кампетэнцыі. 
  3. Базавыя (ці скразныя) навыкі,з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
  4. Развіццё каштоўнасцей – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што яны складаюць ядро ідэнтычнасці асобы і праяўляюцца ў яе выбары і дзеяннях.
  5. У рамку КК вылучаецца некалькі ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі грамадзян. 
  6. Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям’ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.
  7. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, і асноўныя складнікі  адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.

Навошта патрэбна нацыянальная рамка ключавых кампетэнцый?

Кожная краіна распрацоўвае ўласную нацыянальную мадэль кампетэнцый, якая апісвае мэты і вынікі адукацыі. Змест кампетэнтнаснай мадэлі вызначаецца нацыянальнымі прыярытэтамі краіны, сацыяльным, культурным і эканамічным кантэкстам і адукацыйнымі традыцыямі. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі. Рамка КК дапаможа вырашыць наступныя задачы, актуальныя для  сістэмы школьнай адукацыі асобнай краіны:

• вырашыць задачу ацэнкі прагрэсу ў фармаванні ключавых кампетэнцый;

• асэнсаваць вобласці змястоўнага абнаўлення навучальных праграм у кампетэнтнасным ключы;

• зняць “прадметную раздробленасць”,  інтэгруючы сістэмнае фармаванне ключавых кампетэнцый;

• задзейнічаць розныя дысцыпліны ў навучальных сітуацыях, што матывуе вучняў да засваення ўсёй адукацыйнай праграмы, а не “толькі патрэбных” для экзаменаў вучэбных прадметаў;

• канструяваць навучальныя сітуацыі, у якіх актывізуюцца ўсе асноўныя кампаненты кампетэнцыі, неабходныя пры рашэнні задач у рэальным жыцці;

• распрацоўваць заданні на ацэнку не толькі ведаў і разрозненых навыкаў, але на ацэнку комплекснай здольнасці дзейнічаць у пэўнай сітуацыі і рашаць пастаўленыя задачы.

Важна: Рамка ключавых кампетэнцый вымагае вызначэння вынікаў адукацыі не ў тэрмінах засвоенага вучэбнага матэрыялу, а ў тэрмінах здольнасці выпускнікоў пэўнай ступені адукацыі вырашаць рэальныя задачы.

Што дае параўнанне розных рамак ключавых кампетэнцый?

Аналіз дзейных міжнародных і нацыянальных рамак ключавых кампетэнцый дазваляе прасачыць, якая рамка кампетэнцый была ўзята за аснову ў кожнай краіне, як праяўляецца і чым абумоўлена яе нацыянальная спецыфіка, як суадносяцца і як сфармуляваны ключавыя і прадметныя кампетэнцыі.

Можна адзначыць розныя падыходы да вылучэння ключавых кампетэнцый і іх кампаноўкі ў нацыянальныя рамкі. У краінах, якія выкарыстоўваюць агульнаеўрапейскую рамку ключавых кампетэнцый (Напрыклад, Польшча (2018), Украіна (2006)) такія базавыя навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, аналітычныя і міжкультурныя навыкі заяўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.

У той жа час іншыя краіны (Літва (2022), Беларусь (праект НІА 2023)) некаторыя  базавыя/скразныя  навыкі разглядаюць менавіта як ключавыя кампетэнцыі (напрыклад, у нацыянальных рамках гэтых краін ёсць кагнітыўная і камунікатыўная кампетэнцыі).

Лічбавая і культурная як асобныя ключавыя кампетэнцыі прысутнічаюць у нацыянальных рамках усіх пералічаных краін, акрамя Беларусі, у якой у асобную ключавую кампетэнцыю вылучана кааперацыя  (якая з’яўляецца базавым навыкам і неад’емным складнікам ключавых кампетэнцый у іншых краінах). Таксама неабходна разумець, што наяўнасць у нацыянальных рамках усіх краін аднолькавай ключавой кампетэнцыі – грамадзянскай – не азначае яе аднолькавага напаўнення (веды, навыкі і асабліва каштоўнасці/стаўленні ў розных краінах істотна адрозніваюцца).

Адзначым заўважныя намаганні ўсіх краін па вылучэнні ў асобную ключавую кампетэнцыю сукупнасці ведаў, навыкаў і каштоўнасцяў рэгуляцыі і развіцця сацыяльна-эмацыйнай сферы навучэнцаў (у рамках прысутнічаюць розныя канструкцыі кампетэнцыі: сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця (Літва), персанальная, сацыяльная і навучальная (Польшча), экалогія, здароўезберажэнне, уменне вучыцца (Украіна), устойлівае персанальнае развіццё і эмацыйная рэгуляцыя (Беларусь).  Каб належным чынам ацаніць мадэлі нацыянальных рамак  ключавых кампетэнцый неабходна параўнаць іх складнікі, напаўненне тут.

Якія ключавыя кампетэнцыі патрэбны выпускніку беларускай школы?

У нашай краіне таксама адбываецца праца над рамкай ключавых кампетэнцый. На сённяшні дзень на разгляд педагагічнай грамадскасці і экспертаў прадстаўлены два праекты: афіцыйны Нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі і неафіцыйны Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня.

У 2023 годзе ў НІА была  распрацаваная нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі: праект канцэпцыі быў апублікаваны для грамадскага абмеркавання на нацыянальным адукацыйным партале і   вызначае стратэгічныя напрамкі, механізмы і ўмовы  фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі, асаблівасці гэтага працэсу на розных узроўнях адукацыі.

Універсальныя кампетэнцыі ў гэтай канцэпцыі вызначаюцца як ключавыя кампетэнцыі, “звязаныя з агульнымі ведамі, уменнямі, каштоўнасна-сэнсавымі ўстаноўкамі і асобаснымі характарыстыкамі, якія дазваляюць чалавеку творча рэалізаваць сябе, сацыяльна ўзаемадзейнічаць і адаптавацца да зменлівых умоў, эфектыўна рашаць задачы незалежна ад вобласці і спецыфікі” (цалкам агляд праекта айчыннай “Канцэпцыі фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі” можна прачытаць тут: https://nastaunik.eu/node/18827).

Паводле рамкі ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі вылучаецца  шэсць універсальных (ключавых)  кампетэнцый: мысленне (сістэмнае, крытычнае, крэатыўнае), устойлівае персанальнае развіццё, эмацыйная рэгуляцыя, кааперацыя, крэатыўнасць, грамадзянскасць.

Праект канцэпцыі тут  https://adu.by/images/2023/05/kontseptsiya-proekt.pdf У канцэпцыі таксама дэкларуецца абнаўленне адукацыйных стандартаў у частцы вызначэння патрабаванняў да адукацыйных вынікаў, якія адлюстроўваюць сфарміраванасць універсальных кампетэнцый і абнаўленне навучальных праграм у частцы вызначэння зместу адукацыі, які забяспечвае фармаванне ўніверсальных кампетэнцый.

Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня была распрацавана айчыннымі адукатарамі ў 2024 годзе па выніках грамадскага абмеркавання апублікаванага праекта канцэпцыі ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі і вывучэння міжнароднага і замежнага досведу рэфармавання зместу школьнай адукацыі ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу. 

У рамцы вылучаецца восем ключавых кампетэнцый: кампетэнцыя пісьменнасці; міжмоўная ці шматмоўная; лічбавая; кампетэнцыя ў галіне матэматыкі, прыроды, тэхнікі, і экалогіі; персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця; грамадзянская; прадпрымальніцкая; культурная.

Заўважна, што ў рамцы ключавых кампетэнцый беларускага вучня:

  1. Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, эмацыйная рэгуляцыя, камунікацыя, крэатыўнасць, кааперацыя, навучанне з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
  2. У асобную ключавую кампетэнцыю вылучана сацыяльна-эмацыйная сфера навучэнцаў з фокусам на здароўе і здаровы лад жыцця.
  3. Кампетэнцыя ў сферы навукі, тэхнікі і тэхналогій мае выразны экалагічны акцэнт.
  4. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя найперш прапісана з пазіцый ініцыятыўнасці і наватарства.

На сённяшні дзень працягваецца публікацыя матэрыялаў рамкі ключавых кампетэнцый і яе абмеркаванне (па кожнай кампетэнцыі). 

Міжнародныя даследаванні сведчаць, што:

Поспех у фармаванні ключавых кампетэнцый навучэнцаў залежыць не ад пераліку кампетэнцый і кампазіцыі рамкі, а абумоўлены распрацаванасцю структуры і напаўнення кампанентаў кожнай кампетэнцыі – ведаў, навыкаў і каштоўнасцей/стаўленняў – як вынікаў навучання на пэўнай ступені адукацыі. Даследчыкі таксама адзначаюць, што эфектыўнае развіццё ключавых кампетэнцый і базавых навыкаў немагчыма без рэфармавання зместу адукацыі і педагагічных практык.

Напрыканцы падсумуем пра КК:

  • ключавыя кампетэнцыі развіваюцца праз змест,  які прадстаўлены ў навучальных праграмах вучэбных прадметаў і мусіць быць абноўлены з улікам актуальнасці для школьнікаў і адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў;
  • вынікі навучання на розных ступенях і ўзроўнях адукацыі паказваюцца ў апісаннях дасягненняў навучэнцаў (адукацыйныя стандарты, навучальныя праграмы па вучэбных прадметах);
  • дэталёвы перавод у структурныя мадэлі вынікаў навучання па кожнай кампетэнцыі дазваляе вылучыць крытэрыі ацэнкі іх сфармаванасці;
  • вельмі запатрабаваны інструментарый для розных  падыходаў, якія будуць ацэньваць узровень развіцця тых ці іншых кампетэнцый.




Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: