Урок настаўніка Аляксандра Якубоўскага з Жодзіна атрымаў гран-пры на конкурсе “Адкрыты ўрок”, што праводзіла “НГ”. Аўтар пазнаёміўся з методыкай Актыўная Ацэнка на семінары М. І. Запрудскага “Альхоўка-2010” і сам упэўнены, што выкарыстанне прынцыпаў АА зрабіла ўрок эфектыўным. Тут вы можаце знайсці ўрок і прэзентацыю да яго на беларускай і рускай мовах.
Агульныя метадычныя заўвагі пра ўрок
Пры стварэнні гэтага ўрока выкарыстаныя прынцыпы Актыўнай Ацэнкі. З майго пункту гледжання, вельмі важна загадзя агаворваць крытэрыі паспяховай дзейнасці вучняў. Пажадана па магчымасці агаворваць гэтыя крытэрыі з вучнямі, фіксаваць іх на дошцы. У час урока задаюцца пытанні і ставяцца праблемы для самастойнага рашэння. У пачатку ўрока прэзентуюцца мэты ўрока, каб вучні ведалі, што і для чаго яны будуць вучыць, каб у канцы ўрока яны змаглі ацаніць, наколькі гэтыя мэты былі дасягнутыя.
Пры праектаванні гэтага ўрока ўлічвалася, што вучні 7-х класаў маюць даволі высокую пазнавальную актыўнасць. Прывабнай для вучняў гэтага ўзросту з’яўляецца і групавая форма: яны ахвотна і актыўна працуюць у групах. Улічвалася таксама і тое, што многія з вывучаемых механізмаў яны сустракалі ў паўсядзённым жыцці, маюць уласны вопыт іх выкарыстання, якім можна аперыраваць у працэсе ўрока. Для павелічэння цікавасці да тэмы абраны відэасюжэт пра самазвал БелАЗ, бо амаль усе вучні былі на экскурсіях у зборачных цэхах завода і маюць ўяўленне пра яго будову і працу.
Тэма: Гідраўлічныя механізмы, 7 клас
Навучальная мэта: мяркуецца, што к канцу ўрока вучні будуць:
- ведаць прынцып работы гідраўлічных механізмаў;
- тлумачыць будову гідраўлічнага механізма;
- запісваць і пераўтвараць формулу для гідраўлічнага механізма, тлумачыць складаючыя яе велічыні;
- умець тлумачыць будову і назначэнне адной з гідраўлічных машын.
Задачы асобаснага развіцця вучняў:
- ствараць сітуацыі, якія б спрыялі развіццю даследчых навыкаў вучняў;
- садзейнічаць выхаванню індывідуальнай і калектыўнай культуры вучэбнай дзейнасці (уменню слухаць, паважліва ставіцца да субяседніка, працаваць у групе);
- спрыяць узнікненню суб’ектнай пазіцыі вучняў.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Абсталяванне: аднаразовыя шпрыцы рознага дыяметра, злучальная трубка, ПК, інтэрактыўная дошка.
Ход урока
1 этап Матывацыйна – мэтавы (да 6 хвіл.)
Чакаемы вынік: успрыняцце вучнямі мэтаў урока, матывацыя на пазнавальную дзейнасць.
Задача настаўніка: актывізаваць субъектны вопыт вучняў, сфарміраваць пазнавальную цікавасць да вывучаемага матэрыяла, актуалізаваць апорныя веды і уменні вучняў.
| Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
Абсталяванне і вучэбныя матэрыялы |
| 1.1.Арганізуе ўваходны тэст для паўтарэння матэрыялу, вывучанага на папярэдніх уроках. | Выконваюцьтэст «Змейка», параўноўваюць з адказамі на дошцы. | Тэкст тэста, праектуецца на дошку. Графічны адказ.Слайды 1-2. |
1.2. Прапануе паглядзець відэаролік. Дапамагае вучням усвядоміць мэты ўрока праз пытанні.
Настаўнік фіксуе на дошцы асноўныя пункты (яны застаюццана працягу ўсяго ўрока). |
Глядзяць відэасюжэт, адказваюць на пытанні, вызначаюць для сябе мэты ўрока.Выдзяляюць ключавыя пытанні ўрока, што трэба ведаць пра механізм:- будову;- прынцып дзеяння;- дзе прымяняецца. | Слайд 3. |
| 1.3.Фармулюе мэты ўрока словамі вучняў. – Пошук адказаў на вашы пытанні дапамогуць нам разабрацца ў тэме сённяшняга ўрока «Гідраўлічныя механізмы». Пасля урока вы будзеце ведаць, як пабудаваны, як працуюць і дзе прымяняюцца гідраўлічныя механізмы. | Запісваюць тэму ўрока ў сшытак. | Слайд 4. |
2 этап Аперацыйна-пазнавальны (да 30 хвіл.)
Чакаемы вынік: вучні авалодаюць паняццямі прадметнага зместу ўрока.
Задача настаўніка: арганізуе і забеспечвае групавую, франтальную пазнавальную дзейнасць вучняў, стварае сітуацыю для правядзення даследавання.
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
Абсталяванне і вучэбныя матэрыялы |
2.1.Арганізуе франтальны эксперымент у парах, інфарміруе пра правілы выканання задання (крытэрыі ацэньвання).У выніку эксперымента вы павінны адказаць на пытанні (праецыруецца на дошку на час выканання эксперымента):
|
Праводзяць эксперыментальнае даследаванне.Свае вывады запісваюць у сшытках, абмяркоўваюць іх у групах. | Два аднаразовыя шпрыцы, злучаныя трубкай і папярэдне напоўненыя вадой.Слайд 5. |
| 2.2.Прапануе вучням самім вывесці формулу, выкарыстоўваючы закон Паскаля. Выкарыстоўваючы веды пра прапорцыі, знайсці мінімум тры магчымыя варыянты запісу. | Выводзяць формулу, матэматычна пераўтвараюць яе. | |
| 2.3.Ці можна сцвярджаць, што гідраўлічны механізм з’яўляецца простым механізмам? Прывядзіце свае аргументы на карысць вашага рашэння.Якая з выведзеных формул будзе паказваць выйгрыш у сіле? | Выказваюць свае меркаванні пра гідраўлічны механізм як від простага механізма, аргументуюць свае адказы. Фармулююць матэматычны закон выйгрышу ў сіле. Выдзяляюць колерам асноўную формулу. | Слайд 6. |
| 2.4.Робіць наступнае абагульненне:Такім чынам- у аснове дзеяння любога гідраўлічнага механізма ляжыць закон Паскаля;- гідраўлічны механізм з’яўляецца прыкладам простага механізма, бо ён дае выйгрыш у сіле;- асноўная формула паказвае, у колькі разоў плошча большага поршня адрозніваецца ад плошчы малога, у столькі разоў атрымліваем выйгрыш ў сіле. | Слухаюць настаўніка. | |
| 2.5.ФізкультмінуткаНастаўнік прапануе выканаць наступныя заданні:Наша тэма звязана з вадой. Знайдзіце вачыма карціну, дзе вода цурчыць, і пакажыце рухам рук яе цячэнне, голасам, як яна цурчыць. Затым гэткім жа чынам, дзе вада стукае (дождж), дзе вада шуміць (рака), дзе вада грукоча (вадапад). | Вучні робяць зарадку для вачэй, паказваюць шумавыя эфекты, робяць размінку рукамі. | Малюнкі ці фота вадапада, ручая, дажджу, ракі, размешчаныя ў верхніх кутах класа. |
| 2.6.Цяпер мы зноў вяртаемся да нашых мэтаў, пастаўленых у пачатку ўрока. На дошцы напісаныя ключавыя пытанні, сфармуляваныя вучнямі ў пачатку ўрока. Вы разьбярэцеся на групы для вывучэння аднаго гідраўлічнага механізма і тлумачэння яго работы ўсяму класу. Заданне будзе лічыцца выкананым паспяхова, калі ў сваёй прэзентацыі вы дасьце адказы на ўсе пытанні, запісаныя на дошцы (крытэрыі ацэньвання). Таксама, калі вы адкажаце на пытанні, што ўзнікнуць у іншых вучняў у час вашай прэзентацыі.Група аўтамабілістаў вывучае гідраўлічны тормаз.Група механікаў вывучае гідраўлічнуюпомпу.Група рэмонтнікаў вывучае гідраўлічны прэс.Група тэхнікаў вывучае гідраўлічны дамкрат.Вызначыцеся ў групе, які метад вывучэння будзе лепшы для вас: атрымаць інфармацыю з падручнікаў ці вывучыць камп’ютарную мадэль.Улічыце, што пойдзе адказваць прадстаўнік групы, абраны па жэрабю. | Вызначаюцца з рабочым месцам сыходзячы з выбранага метада (ПК ці сталы з падручнікамі). Працуюць у групе, абмяркоўваюць, шукаюць адказы на пастаўленыя імі ж у пачатку ўрока пытанні. (У час работы вучні карыстаюцца сігнальнымі карткамі для зваротнай сувязі.) | Анімацыйныя мадэлі названых механізмаў (кожны на асобным ПК), падручнікі, схемы. |
| 2.7.Па жэрабю выбірае, хто будзе адказваць (напрыклад, тых, у каго самыя светлыя валасы). Слухае прэзентацыі вучняў, падкрэслівае асноўныя моманты, выказвае ацэначныя меркаванні. Ілюструе і дапаўняе адказы вучняў пра прымяненне механізмаў у розных галінах прамысловасці на слайдах. | Расказваюць пра свой механізм, выкарыстоўваючы мадэль на інтэрактыўнай дошцы, адзначаючы проста на ёй асноўныя часткі, выдзяляюць колерам напрамак перадачы ціску вадкасцю, адказваюць на пытанні ад іншых груп. | Інтэрактыўная дошка з мадэлямі ці схемамі для кожнай групы (у залежнасці ад таго, хто з чым працаваў). Тэкставыя тлумачэнні на час прэзентацыі зачыняюцца на інтэрактыўнай дошцы шырмай.Слайд 7-15. |
3этап Кантрольна – ацэначны (5 хвіл.).
Чакаемы вынік: усведамленне вучнямі і настаўнікам дасягнення пастаўленых мэтаў.
Задача настаўніка: Арганізаваць выкананне праверачнага задання (Дадатак 2), спраецыраванага на дошку. Слайд 16.
Вучні выконваюць заданне, а потым асобныя з іх агучваюць свае адказы. Прытым, адказы на пытанні пра асобныя механізмы агучваюць вучні з группы, што слухала пра яго, а слушнасць іх адказаў вызначаюць вучні, што расказвалі пра яго. (Ацэнка і самаацэнка)
Апошняе пытанне з’яўляецца, па сутнасці, інфармацыяй пра пнеўматычныя механізмы і з’яўляецца мастком для творчага хатняга задання.
4этап Рэфлексіўны (3 хвіл.).
Чакаемы вынік: усведамленне выніковасці сваёй дзейнасці.
Задача настаўніка: стварыць сітуацыю рэфлексіі.
|
Дзейнасць настаўніка |
Дзейнасць вучняў |
| Настаўнік просіць вучняў адказаць на пытанні:Які спосаб работы над тэмай для цябе аказаўся найбольш прадуктыўным?Як вы лічыце, якія з пастаўленых мэтаў у пачатку ўрока нам удалося дасягнуць?Назавіце адну прычыну паспяховай работы ў вашай групе і адну прычыну перашкод. | Вучні прагаворваюць, ў якой ступені выкананая работа дазволіла адказаць на пытанні, пастаўленыя ў пачатку ўрока, наколькі работа ў групах была карыснай. |
5этап Дамашняе заданне (1 хвіл.). Слайд 17.
Чакаемы вынік: самастойны выбар і паспяховае выкананне хатняга задання
Задача настаўніка: забяспечыць выбар дамашняга задання.
Абавязковае: §31, практ. 19(4).
Творчае (на выбар).
1) Растлумачце прынцып дзеяння аднаго пнеўматычнага механізма на ваш выбар. Намалюйце схему.
2) Высветліце прынцып работы сістэмы абмывання ветравога шкла аўтамабіля. Зрабіце мадэль сістэмы.
Дадатак 1
Уваходны тэст “Змейка”(актуалізуе апорныя веды вучняў, адказы трэба даваць “так” і “не”, якія паказваць адпаведна нахільнай ці гарызантальнай рыскай)
- Гідрастатычны ціск залежыць ад шчыльнасці і вышыні слупка вадкасці.
- Рухомасць малекул вады менш, чым малекул паветра.
- Закон Паскаля правільны для цвёрдых цел.
- Ціск можна разлічыць, падзяліўшы сілу, што дзейнічае перпендыкулярна апоры, на плошчу апоры.
- Знешні ціск, што дзейнічае на вадкасць, перадаецца ў напрамку дзеяння сілы.
- Вадкасць мае вагу з-за дзеяння сілы цяжару.
Дадатак 2
Заданні для выніковага абагульнення
- Дзеянне гідраўлічных механізмаў заснавана …
- Выйгрыш у сіле, які дае гідраўлічны прэс, залежыць ад …
- Дамкрат служыць для …
- Асноўныя часткі будовы гідраўлічнага тормаза: …
- Я лічу, што ў грузавым аўтамабілі БелАЗ выкарыстоўваюцца наступныя гідраўлічныя механізмы ….
- Ці можна стварыць механізм, падобны на гідраўлічны, выкарыстоўваючы замест вадкасці паветра?
Анімацыйныя камп’ютарныя мадэлі ўзятыя з дыскаў:
1С: Школа. Физика, 7 класс. Образовательный мультимедиа-комплекс/ Под редакцией Н.К.Ханнанова. – М.:1С, 2006.
1С: Школа. Физика, 7 -11 классы. Библиотека наглядных пособий / Под редакцией Н.К.Ханнанова. – М.:1С, 2007.
У прэзентацыі паказаныя толькі застаўкі анімацыйных мадэляў, бо для іх дэманстрацыі патрэбна ўстаноўка ліцэнзійных дыскаў.
Прэзентацыя да ўрока “Гідраўлічныя механізмы”
План урока “Гидравлические механизмы” (русск.)
Презентация к уроку “Гидравлические механизмы” (русск.)