Настаўнікі хочуць больш свабоды

Данута Стэрна, CEO

Беларускія настаўнікі – студэнты і ментары дыстанцыйнага курса “Актыўная ацэнка – новая стратэгія навучання”, які праводзіцца ў Беларусі трэці год, прыехалі ў Польшчу з азнаямленчым візітам. Яны наведалі некалькі школ, як дзяржаўных, так і прыватных, каб паглядзець, як іх калегі працуюць з актыўнай ацэнкай.

Настаўнікі былі ў захапленні ад таго, што яны ўбачылі ў нас. Я сустрэла іх у апошні дзень візіту і спытала, што яны хацелі б з убачанага перанесці ў Беларусь. Ім было цяжка выбраць нешта адно, але сярод адказаў пераважалі: свабода выбару для настаўнікаў і партнёрскія стасункі ў школе.

Нам было цікава выпрацаваць пытанні і моманты, якія б паказалі, што мэты візіту былі дасягнутыя. Гэта была вельмі творчая частка сустрэчы.

Я таксама адказала на пытанні, якія настаўнікі падрыхтавалі раней. Пытанні былі падобныя на тыя, якія задаюць і польскія настаўнікі.

–        Які працэнт настаўнікаў у Польшчы працуе з актыўнай ацэнкай?. Ці павышаецца гэты працэнт?

–        Ці АА ўплывае на якасць выкладання ў Польшчы? Ці ёсць даследаванні на гэты конт?

–        Як адбываецца адбор настаўнікаў для навучання АА ў Польшчы?

–        Ці змянілася актыўная ацэнка ў Польшчы за апошнія 5 год? Ці прыстасавана яна да польскіх рэалій выкладання?

–        Што з’яўляецца найбольшай цяжкасцю для ўвядзення актыўнай ацэнкі ў педагагічную практыку?

–        Для якіх вучняў  (слабых, сярэдніх або добрых) актыўная ацэнка дае найбольшы эфект?

–        Ці можна выкарыстоўваць асобныя элементы АА, а не цэлую сістэму?

–        Як зэканоміць час, працуючы са зваротнай сувяззю?

–        Ці трэба складаць НАШТОБУЗУ для практыкаванняў пад час урока?

–        Як адрозніць ключавое пытанне ад праблемнага? Як правільна фармуляваць/складаць ключавыя пытанні? Пыталіся пра прыклады ключавых пытанняў да розных тэмаў.

–        Калі вучань просіць выставіць яму ацэнку, у якім выпадку гэта можна зрабіць?

–        Ці могуць быць перспектывы развіцця актыўнай ацэнкі ў Беларусі, калі адказныя асобы ў сістэме адукацыі будуць супраць?

Беларускія настаўнікі ўмеюць пажартаваць з сябе з гэтай нагоды. Мы атрымалі ад іх ляльку з каментаром, што гэта вобраз беларускай настаўніцы.

У Беларусі эксперыментальная праграма па ўкараненні актыўнай ацэнкі ажыццяўляецца ў 10 школах. Адзін з настаўнікаў, які выкладае ў школе і ў той жа час праводзіць семінары для калег, стаў у мінулым годзе фіналістам конкурсу Настаўнік года.

Студэнты дыстанцыйнага навучання АА напісалі кнігу пра свой досвед выкарыстаня актыўнай ацэнкі. Кніга мае больш за 230 старонак і поўная прыкладаў добрага выкладання.

Нам было вельмі прыемна прымаць у сябе такіх цудоўных і разумных настаўнікаў, абмяркоўваць з імі, як навучанне ў школах зрабіць лепшым. Настаўнікі з Беларусі наведалі прыватную школу № 97 у Варшаве, дзяржаўную школу № 1 у Пястове, Акадэмію Актыўнай Адукацыі і школу № 1 у Канстанціне Язёрнай.

Пераклад Nastaunik.info


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: