Наталля Пракаповіч:”Мая Актыўная ацэнка ўчора, сёння і заўтра”

Аўтар – настаўніца англійскай мовы СШ №2 г. Паставы, студэнтка дыстанцыйнага навучання па Актыўнай ацэнцы ў 2014-15 г.-  напісала свой родум пра змены, якія прынесла новая методыка ў яе працу.

“Кожны настаўнік павінен удасканальвацца – не таму, што ён недастаткова добры, а таму, што ён можа быць нават лепшым.” ( Дылан Увільям)

Навучыць вучыцца і садзейнічаць фарміраванню асобы з глыбока гуманістычным светапоглядам, з развітым высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай павагі – ключавыя мэты ў маёй педагагічнай дзейнасці. Яны матывуюць мяне на пошукі форм і метадаў навучання, якія спрыяюць не толькі засваенню ведаў, але і выхаванню навучэнца асобай сацыяльнай, здольнай жыць у грамадстве і асобай свабоднай, здольнай прымаць рашэнні і адчуваць адказнасць за сваё ўласнае жыццё (у школе – за сваё навучанне). Лічу вельмі важным уключаць дзяцей у самастойную працу, у сітуацыю выбару, вучу самаацэнцы і ўзаемаацэнцы. Я рада, што звярнулася да актыўнай ацэнкі (Formative Assessment), бо гэта інавацыйная адукацыйная мадэль ставіць вучня, як асобу, у цэнтр выкладання. Такі вучань успрымае веды па англійскай мове, выпрацоўвае ўменні, карыстаецца адметнымі словамі найперш дзеля таго каб зразумець навакольны свет і ўзаемаадносіны людзей у ім.
Я выкарыстоўваю некаторыя элементы метаду актыўнай (фарматыўнай) ацэнкі з 2012 года. Я лічу, што актыўная ацэнка – надзейны спосаб павысіць эфектыўнасць навучання. Актыўная ацэнка – гэта перадача навучэнцам інфармацыі, якая дапамагае ім вучыцца. Перавага актыўнай ацэнкі ў тым, што навучанне канцэнтруецца вакол вучня. Напрыклад, пазбавіўшыся асноўнага традыцыйнага недахопу выкладання англійскай мовы, які выяўляецца ў тым, што працэс навучання зводзіцца да засваення лінгвістычных ведаў і граматычных схем, да запамінання арфаграфічных і пунктуацыйных правілаў, якія навязваюцца настаўнікам, я пачала ўлічваць голас і выбар вучняў і паспяховасць палепшылася. Актыўная ацэнка дапамагае навучэнцу зразумець, што ён зрабіў так, а што – не і як ён можа палепшыць сваю вучэбную дзейнасць, дазваляе знайсці адказы на пытанні: “што я ўжо ведаю? над чым яшчэ павінен папрацаваць? што варта змяніць у сваім спосабе навучання? якія рашэнні мне давядзецца прыняць у будучыні?”. Мы разам складаем так званыя ацэначныя рубрыкі, выпрацоўваем крытэрыі ацэнкі і гэта дапамагае вучням лепш падрыхтавацца і атрымаць “10”.
Дзякуючы Настаўнік Інфо і ўдзелу ў гэтым курсе, я даведалася шмат новага пра асноўныя элементы актыўнай (фарматыўнай) ацэнкі, напрыклад, пра тэхніку задавання ключавых пытанняў. Яны не абавязкова павінны мець рысы пытанняў: гэта можа быць праблема, гіпотэза, загадка, задача, тэзіс, гульня, сітуацыя, малюнак ці здымак, калаж – і нават паводзіны настаўніка. Я вельмі рада, што прымаю ўдзел у курсе, бо я пазнаёмілася з цікавымі і таленавітымі людзьмі – ментарамі, асабліва Наталляй Катчанка, студэнтамі з Беларусі і нават самім Дыланам Увільямам і настаўнікамі з ЗША і іншых краін свету, якія з’яўляюцца заснавальнікамі і прапагандыстамі актыўнай ацэнкі. Я бачу, як павысілася матывацыя вучняў. Многія дзеці пачалі вучыцца з задавальненнем і для іх галоўны вынік – набыццё практычных уменняў і навыкаў, а не добрая адзнака.
Я збіраюся выкарыстоўваць асноўныя элементы актыўнай ацэнкі ў сваёй далейшай працы, бо заўважыла, што мы з вучнямі пачалі працаваць больш натхнённа і паспяхова.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: