Настаўніцкая газета, 18.11.2017
Пачаўся і доўжыцца чарговы дыстанцыйны курс па актыўнай ацэнцы. Пра гэтую тэхналогію пастаянныя чытачы газеты ўжо шмат ведаюць. Мы прапануем паглыбіцца ў практычныя аспекты яе рэалізацыі ў класе. Для гэтага намі выбрана пытальна-адказная форма падачы матэрыялу. Пытанні фармулявалі і ставілі студэнты дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы (настаўнікі, якія вучацца), а адказвалі іх ментары (аўтар артыкула ці іншыя педагогі, якія вучаць).
Пычынаем з мэт. Потым плануецца прадоўжыць публікацыю падобных матэрыялаў. Такім чынам чытачы газеты змогуць далучыцца да адукацыйнага працэсу, які рэалізуецца на платформе Мооdle, і тым самым лепш зразумець перавагі гэтай тэхналогіі, а таксама механізмы яе рэалізацыі на ўроках.
Мэта — сістэмаўтваральны кампанент і ўрока, і тэхналогіі актыўнай ацэнкі (АА). Мэта павінна быць не толькі ў настаўніка, але і ў вучняў. Урок будзе выніковым, калі мэты педагога і навучэнцаў сугучныя: яны плануюць у большасці аднолькавыя вынікі навучання. У гэтым артыкуле, як і патрэбна, мэта разумеецца як плануемы вынік дзейнасці.
Нашы студэнты ў працэсе навучання працуюць у наступным парадку: спачатку вывучаюць рэкамендаваныя тэксты, потым нешта апрабуюць на сваіх уроках, затым выконваюць заданні і размяшчаюць іх на платформе (у справаздачах таксама фармулююць пытанні свайму ментару), атрымліваюць каментарый на іх справаздачу, адказы на пытанні, удзельнічаюць у абмеркаванні і сваёй заліковай работы, і зваротнай сувязі ад ментара, а таксама справаздач і каментарыяў на работы іншых студэнтаў. Гэта вельмі карысны для самаразвіцця працэс прафесіных зносін настаўнікаў.
Такім чынам, пытані і адказы.
Пытанне: “Ці правільна я разумею, што настаўніку пры пастаноўцы навучальнай мэты трэба зыходзіць з патрабаванняў вучэбнай праграмы?”
Адказ: “Гэта так. Але нельга не ўлічваць сукупнасць апорных ведаў для вывучэння новай тэмы, якімі ўжо валодаюць (або не валодаюць) вучні. Для такога ведання патрэбна дыягностыка, якая адбываецца на папярэдніх уроках”.
Пытанне: “Вядома, што тэхналогія АА прадугледжвае фармулёўку мэт урока на падставе патрабаванняў SMART. Удакладніце, калі ласка, што стаіць за гэтай абрэвіятурай”.
Адказ: “Спачатку заўважу важную акалічнасць: мэта па азначэнні павінна ўказваць на запланаваны вынік дзейнасці. Specific — канкрэтная і пэўная. Мэта “Сфарміраваць веды пра закон Ома” такой не з’яўляецца. Пажаданая альтэрнатыва: веданне азначэння закона, уменне патлумачыць залежнасць сілы току ад супраціўлення правадніка і г.д. Measurable — вымяральная. Настаўніку і вучням зразумела, што пры такой пастаноўцы мэты будзе правярацца (вымярацца) па ходзе ўрока і на яго заканчэнні. Прычым тут важна ўказваць і якасныя, і колькасныя паказчыкі. Achievable — дасягальная. Мэта павінна быць выканальнай для канкрэтнага выканаўцы. Relevant — адпаведная кантэксту, мэта вызначае тое, што павінна потым правярацца. Timed / Time-bounded — прывязаная да інтэрвалу часу”.
Пытанне: “Ці ёсць у АА нейкае клішэ ці шаблон для фармулёўкі мэты на ўрок?”
Адказ: “На падставе абагульнення вопыту паспяховых настаўнікаў высветлілася, што ўдалымі варыянтамі фармулёўкі навучальнай мэты з’яўляюцца наступныя: навучальная мэта ўрока: плануецца (або мяркуецца), што да заканчэння ўрока вучні: 1) будуць ведаць…, умець…; 2) змогуць…; 3) будуць валодаць спосабам…”
Пытанне: “Мэты, якія рэкамендуюцца ў матэрыялах дыстанцыйнага курса, ахопліваюць у большасці ведавы кампанент зместу адукацыі, але ж сёння прыярытэтным з’яўляецца ўменне вучыцца, якое прадугледжвае паўнавартаснае засваенне ўсіх кампанентаў вучэбнай дзейнасці і фарміраванне сацыяльных кампетэнцый”.
Адказ: “Настаўніку ніхто не забараняе фармуляваць мэты так, каб іх спіс уключаў не толькі першыя ўзроўні засваення, але і верхнія. Праўда, гэта залежыць ад урока. Калі першы ўрок тэмы, то цяжка спадзявацца, што вучні паднімуцца вышэй за ўзровень першаснага прымянення ведаў”.
Пытанне: “Як правільна злучыць таксаномію Б.Блюма з мэтамі ўрока? Калі мы пішам “ведаць”, то гэта толькі, згодна з гэтай таксаноміяй, першы ўзровень. Значыць, мы ставім недастаткова высокую мэту для вучняў. Ці тады мэт павінна быць як мінімум шэсць. А гэта вельмі многа. Або прапаноўваць вучням мэты на выбар? Тады гэты працэс зойме шмат часу і для асваення матэрыялу на выбраным узроўні яго (часу) застанецца недастаткова”.
Адказ: “І гэта цікавае пытанне. Калега, ва “ўмець” вы можаце ўпісаць дзеянні і на разуменне, і на прымяненне, і на аналіз з сінтэзам, і на ацэнку. Гэта адна мэта, якая дыферэнцыравана па ўзроўнях. Ёсць урокі, на якіх педагог можа забяспечыць, напрыклад, толькі веданне і разуменне. На наступных — уменні больш высокага ўзроўню. Тут важна, каб на выхадзе з урока самі навучэнцы ў сябе і настаўнік — у іх правяралі, у якой ступені дасягнута мэта: якімі дзеяннямі і хто як авалодаў. А затым карэкцыя і дамашняе заданне, якое факусіруецца на выніках выхадной дыягностыкі.
Такім чынам, мы бачым, што мэта наўпрост звязана з нормамі і крытэрыямі 10-бальнай сістэмы ацэнкі. Уменні фарміравання, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай, у мэце раскладваюцца па ўзроўнях. Прычым не на кожным уроку вучні могуць дасягнуць “дзясяткі”.
Пытанне: “Ці можна педагогу ў мэце ўрока вызначыць, якія вучэбныя дзеянні на гэтым уроку ён будзе фарміраваць? Як гэта адлюстраваць у мэце ўрока?”
Адказ: “Амаль так і трэба рабіць! Чаму амаль? У мэце трэба вызначаць не тое, што настаўнік будзе фарміраваць, а лепш тое, якімі дзеяннямі навучэнцы, плануецца, будуць валодаць да заканчэння ўрока. Менавіта гэта закладзена ў прынцыпе дыягнастычнага мэтапакладання, адлюстраванага ў дыдактычных матэрыялах нашага дыстанцыйнага курса”.
Пытанне: “Мэта на ўрок, цікавая кожнаму з вучняў класа. Ці магчыма такое?”
Адказ: “Так бывае, на жаль, не заўсёды. Розныя дзеці, розныя схільнасці. Да прыняцця мэты кожным з вучняў патрэбна імкнуцца. Гэтаму спрыяюць не паказная, а сапраўдная зацікаўленасць самога настаўніка ў тым, што вывучаецца на ўроку, удалае ключавое пытанне (аб гэтым — у адным з настуных модуляў). У ідэале патрэбна матываваць вучняў, якія не прынялі настаўніцкую мэту на ўрок, да фамулёўкі сваёй мэты і да вызначэння крытэрыяў яе дасягнення”.
Пытанне: “Падчас вывучэння матэрыялаў узнікла ўражанне, што ставяцца ў асноўным навучальныя мэты. А што наконт развіццёвай і выхаваўчай?
Адказ: “Вы ж ведаеце, што на 45 мінут урока нельга сфармуляваць выхаваўчую і развіццёвую мэты, нельга праверыць і ацаніць ступень іх дасягнення. Напрыклад, “развіваць крэатыўныя здольнасці вучняў”. Вы згодны, што гэта не дасягальна за адзін урок, што гэта не мэта, а дэкларацыя аб намерах настаўніка? Фармальны запіс, бо гэта не дасягальна. Выхаваўчыя і развіццёвыя мэты вызначаны ў вучэбнай праграме, а вось на ўрок настаўнік фармулюе свае адпаведныя задачы і падбірае, а на ўроку прымяняе адпаведныя сродкі для іх вырашэння.
Дасягненне выхаваўчых мэт праверыць толькі жыццё. Мы на ўроку можам толькі даць узор вырашэння канфліктных сітуацый, узор супрацоўніцтва, паспрыяць засваенню тых або іншых каштоўнасцей і г.д. Выхаванасць правярае перапынак, вольны час пасля школы, канікулы, калі настаўніка няма побач, каб ацаніць паводзіны вучня”.
Пытанне: “Я згодна, што ў вучня на ўрок абавязкова павінна быць мэта. Інакш у яго не будзе ні матывацыі, ні адказнасці за сваё навучанне. Колькі часу трэба аддаваць на тое, каб у вучняў з’явілася мэта?”
Адказ: “У АА няма дакладных рэкамендацый, колькі часу трэба выдзеліць на этап выпрацоўкі і давядзення мэт да вучняў. Зразумела, што настаўніку заўсёды не хапае часу на ўроку, таму мы стараемся эканоміць яго, дзе толькі магчыма. Думаю, што гэта залежыць ад тэмы, ад класа, майстэрства настаўніка. АА толькі адназначна рэкамендуе, што гэты этап абавязкова павінен быць, прычым як мага раней, у пачатку ўрока, а не ў сярэдзіне ці ў канцы”.
Пытанне: “Як лепш — паказаць вучням іх мэту на ўрок ці арганізаваць іх на мэтавызначэнне?”
Адказ: “Можна гэта рабіць па-рознаму (галоўнае, каб вучні ведалі і прынялі мэту):
- калі настаўнік для вучняў аўтарытэтны, то вучні прымуць мэту ад педагога ў гатовым выглядзе. Пры гэтым настаўніку трэба гаварыць вучням не тое, чым сёння будзем займацца, а тое, чаму яны на ўроку навучацца. Мэту ў гатовым выглядзе апраўдана прад’яўляць і тады, калі на ўроку абмежаваны час, напрыклад, пры вывучэнні складанай тэмы;
- калі педагог не мае асаблівай харызмы, а вучні матывацыі, то карысна на пачатку ўрока стварыць сітуацыю, якая далучае вучняў да фармулёўкі асабістай мэты, што станоўча ўплывае на іх адказнасць і пазнавальную актыўнасць. У літаратуры прапануецца шмат падобных сітуацый. Вось некаторыя з іх: запішыце сваю мэту на дошцы і прапануйце вучням пагадзіцца з ёй або ўнесці пэўныя карэктывы; прапануйце вучням выбраць для сябе мэту з прыведзенага спіса (выбар стварае ўмовы для павышэння іх адказнасці і пазнавальнай актыўнасці); прапануйце спіс крытэрыяў і прасіце размясціць іх па ступені значнасці”.
Пытанне: “Як дзеці могуць сфармуляваць мэту ўрока, калі будуць разглядацца новыя паняцці, тэрміны, раней ім невядомыя?”
Адказ: “Калі, напрыклад, на ўроку будзе арганізавана вывучэнне азотнай кіслаты, то вучні, якія ўжо вывучылі кіслату саляную, па аналогіі могуць сфармуляваць сваю мэту. А калі абсалютна новая тэма? У гэтым выпадку мэту ўрока настаўнік можна запісаць сам, можна папрасіць вучняў ранжыраваць яе аспекты — выбудаваць па ступені важнасці, можна запісаць мэты з пропускамі слоў ці ў выглядзе незавершаных фраз і папрацаваць з імі”.
Пытанне: “Як лепш з мэтай працаваць на ўроку?”
Адказ: “Важна, каб яна была ўвесь час перад вачамі школьнікаў (на дошцы або на экране). Тады ёсць магчымасць на працягу ўрока некалькі разоў да яе звяртацца і адсочваць набліжэнне да мэты, рабіць пры неабходнасці карэкцыю дзейнасці і прамежкавых вынікаў. Карысна вучням даваць на паперках раздрукоўку мэты, тады яны па ходзе ўрока самі адзначаюць у ёй тое, чым ужо авалодалі. Гэты просты прыём добра працуе на падтрыманне матывацыі і пазнавальнай актыўнасці. Мінімальная колькасць разоў звароту настаўніка і вучняў да мэты на працягу аднаго ўрока — адзін, на выхадзе з заняткаў”.
Пытанне: “Як быць з нематываванымі дзецьмі, якія на любыя прапановы адказваюць: “Нам нічога не трэба!”?”
Адказ: “Актыўная ацэнка, я ўпэўнена, узброіць вас цэлым арсеналам прыёмаў і метадаў, якія дапамогуць вам, калега, матываваць усіх, асабліва слабейшых. Эксперты АА сцвярджаюць, ды і я на ўласным вопыце бачу, што слабейшым яна дапамагае больш. На кожным модулі вы будзеце асвойваць спосабы, накіраваныя на тое, каб стварыць у класе атмасферу гуманнасці, зацікаўленасці і даверу. Давайце паспрабуем адсочваць, ці дапамагае АА вашым нематываваным (слабым) вучням? Дамовіліся? Уводзячы новыя элементы, прыёмы, назірайце за сваімі вучнямі і дзяліцеся з намі сваімі думкамі”.
Мікалай ЗАПРУДСКІ.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.
(Працяг будзе.)