Функцыі актыўнай ацэнкі і адзнакі. Ці можна спалучаць іх абедзве? Як выпрацаваць уласную стратэгію ацэнкі?
Ацэнка ў школе атаясамліваецца з баламі. Пры гэтым можна казаць пра два віды ацэнкі.
Першы – перадача зваротнай інфармацыі, якая дапамагае вучню вучыцца.
Другі – ацэнка вынікаў, якая найчасцей выяўляецца праз балы.
Для першага віду будзем ужываць назву актыўная ацэнка, для другога – адзнака.
Даведаліся, што…
У кожным са спосабаў ацэнкі варта звярнуць увагу на прырост ведаў вучня, а не толькі на фармальны вынік. Важна, каб вучні ўсведамлялі, чаму і наколькі яны навучыліся. Прыдатнай у такім выпадку можа быць тэхніка выніковых сказаў. У канцы ўрока альбо пасля пройдзенага раздзела мы просім вучня скончыць сказ: Сёння я даведаўся, што… Такім чынам, вучань параўноўвае пачатковы стан сваіх ведаў з выніковым. Дзякуючы выніковым сказам, настаўнік можа пераканацца, ці была дасягнута мэта ўрока.
Выніковыя сказы
У актыўнай ацэнцы мы заклікаем настаўнікаў да прымянення тэхнікі выніковых сказаў на кожным уроку. Карысць ад выкарыстання такой тэхнікі маюць і вучні, і настаўнікі.
Вось некалькі прыкладаў вучнёўскіх выніковых сказаў:
– Сёння я навучыўся лепш каардынаваць рухі, дзякуючы чаму – я хутчэй праплываю дыстанцыю…
– Я прыгадаў, што пры памнажэнні на адмоўны лік трэба змяняць знак. Раней думаў, што корань з 1000 – 100, а гэта не так…
Балы патрэбныя
Актыўная ацэнка не патрабуе адмяніць адзнакі, або адмовіцца ад выстаўлення балаў.
Балы – гэта інфармацыя, ці вучні дастаткова засвоілі пэўны матэрыял. Калі бал невысокі – вучань атрымлівае інфармацыю, што мусіць вярнуцца да тэмы і вывучыць яе зноў. Настаўнік жа, аналізуючы балы, можа зрабіць выснову, што тэму трэба паўтарыць.
Аднак самі балы не інфармуюць, што і як трэба палепшыць. Настаўнік павінен даць вучням пэўную падказку.
У канцэпцыі актыўнай ацэнкі гаворка ідзе пра зваротную інфармацыю, а не пра выстаўленне балаў. Настаўнікі адчувае перавагі перадачы вучням зваротнай інфармацыі пра іх працу. Такая інфармацыя найчасцей мае выгляд пісьмовага ці вуснага каментарыя.
Узровень ведаў
Пры ўжыванні актыўнай ацэнкі неабходна размяжоўваць ролі абедзвюх ацэнак: актыўнай і звычайнай.
Актыўная ацэнка – гэта такая ацэнка, якая дапамагае вучням вучыцца. Адзнака – гэта ацэнка, якая вызначае ўзровень ведаў вучня ў пэўны перыяд.
Абедзве ацэнкі патрэбныя: вучань патрабуе інфармацыі як аб тым, што зрабіў добра і што мусіць палепшыць, так і аб тым, наколькі ён авалодаў пэўнай часткай матэрыялу.
Розніца паміж актыўнай і звычайнай ацэнкамі добра ілюструецца праз наступнае параўнанне:
Калі госць у рэстаране каштуе суп – гэта адзнака, калі тое ж робіць кухар на кухні, каб упэўніцца, які ў супа смак – гэта актыўная ацэнка. Розніца ў тым, што госць з супам ужо нічога не зробіць, а вось кухар яшчэ можа яго прыправіць.
Зваротная інфармацыя
Падмуркам актыўнай ацэнкі з’яўляецца зваротная інфармацыя, якая паказвае, што вучань зрабіў добра, а што мусіў зрабіць інакш. У зваротнай інфармацыі змяшчаюцца падказкі: якім чынам вучань можа палепшыць працу і ў якім кірунку яму рухацца – гэта матывуе да далейшай працы.
Адзнака мае дачыненне толькі да выніку, актыўная ж ацэнка ўплывае і на працэс навучання.
Многія настаўнікі лічаць, што актыўная ацэнка – гэта тая ж апісальная ацэнка, якая ўжываецца ў малодшых класах. Аднак апісальная ацэнка не змяшчае ўсіх элементаў зваротнай інфармацыі і не можа лічыцца актыўнай ацэнкай.
Падвядзенне вынікаў
Некаторыя настаўнікі мяркуюць, што дастаткова проста не ставіць адзнакі ў выглядзе лічбаў, каб ужываць актыўную ацэнку. Замена балаў на пункты, ці зорачкі – гэта тое ж выстаўленне адзнак, але ў іншым выглядзе. Адзнака-бал паведамляе вучню толькі тое, наколькі яго праца адхіляецца ці набліжаецца да меркаванага ідэалу. Альбо вымярае працу вучня пасля пэўнага часу навучання, паказвае, колькі ён вывучыў. Мэта апісальнай ацэнкі, найчасцей, – падвесці вынікі працы вучня ў канцы часу, адведзенага на засваенне пэўнай часткі матэрыялу. Звычайна яна не змяшчае канкрэтных падказак, што і як трэба выправіць ці як лепей вучыцца (нават калі і змяшчае, дык запозна – вучань ужо не можа вярнуцца і нешта змяніць).
Адзнака-бал таксама можа выконваць ролю актыўнай ацэнкі: вучань робіць высновы наконт свайго ўзроўню навыкаў, што можа стаць стымулам для паляпшэння адзнакі. Аднак сама адзнака не нясе інфармацыі аб спосабе паляпшэння выніку. Да таго ж, вядома, што кепскі бал не матывуе да працы, ён хутчэй разахвочвае вучня.
Адзначым таксама, што актыўная ацэнка не абмяжоўваецца толькі перадачай зваротнай інфармацыі. У дадатак да зваротнай інфармацыі выкарыстоўваюцца самаацэнка, ўзаемная ацэнка ды іншыя тэхнікі, звязаныя з кантролем навучальнага працэсу.
Недахопы балаў
З крытычнымі заўвагамі да ўжывання балаў у ацэнцы вучняў можна пазнаёміцца ў кнізе “Матывацыя да навучання” (Martin V. Covington, Karen Manheim Teel. Motywacja do nauki. Gdańsk, 2004). Вось некаторыя з іх:
– Школьныя адзнакі з’яўляюцца яскравым доказам, наколькі моцна вучні ўцягваюцца ў гонку навучання. Атрыманне добрых адзнак можа стацца важнейшым за сам працэс навучання.
– Балы могуць выклікаць канфлікт паміж вучнямі і настаўнікам ды стварыць атмасферу недаверу і падазронасці.
– Сістэма балаў цісне на вучняў, правакуе да падману, жадання атрымаць лепшы бал ці апярэдзіць іншых любой цаной.
– Школьныя адзнакі вельмі суб’ектыўныя, іх не заўсёды ставяць сумленна ці шчыра.
– Парадокс у тым, што балы матывуюць тых вучняў, якія найменш маюць такую патрэбу, г.зн. паспяховых. Непаспяховых вучняў, якім найбольш патрэбна заахвочванне, балы палохаюць.
Меней балаў
Часта можна пачуць: калі не будзем ставіць адзнакі, вучні зусім перастануць вучыцца. Кніга “Матывацыя да навучання” выклікае жаданне неадкладна адмовіцца ад адзнак, але ж мы ўсведамляем, што гэта немагчыма. Адукацыйныя правілы патрабуюць ад настаўнікаў адзнак. Аднак, можна скараціць колькасць адзнак на карысць актыўнай ацэнкі ды карыстацца баламі пры актыўнай ацэнцы.
Без раптоўных зменаў
Калі збіраецеся ўвесці актыўную ацэнку ў сваю практыку, не рабіце раптоўных пастановаў і зменаў – працэс адыходу ад адзнакі павінен быць паступовым. Трэба прызвычаіць і вучняў, і бацькоў да меншай колькасці балаў і вызначыць, якія працы будуць ацэньвацца актыўнай ацэнкай, а якія баламі. Раптоўныя змены могуць мець непажаданыя наступствы.
Калі наважваецеся на скарачэнне звычайных адзнак, памятайце, што ідзяце супраць пануючых у адукацыі звычаяў. Вашы вучні і іх бацькі прызвычаіліся да балаў. Дырэктар школы патрабуе ад вас балаў, уся сістэма адукацыі палягае на іх. Змяншаючы колькасць адзнак, вы можаце сустрэць занепакоенасць і супраціў вучняў, бацькоў і адукацыйных уладаў. Таму вы мусіце падрыхтаваць да гэтага сябе, вучняў і бацькоў.
Няма гатовых рэцэптаў, якім чынам узгадніць актыўную ацэнку з адзнакай, кожны настаўнік павінен вызначыць гэта сам ці разам з вучнямі.
Выстаўленне адзнак – гэта вымярэнне ўзроўню ведаў вучня, але ж ад простага вымярэння ведаў не дадаецца.
Праверка ўсіх
У гэтым годзе спрабую праверыць усіх вучняў, як хто падрыхтаваўся да ўрока. Раней спраўджвала ўрыўкамі. Цяпер ведаю: каб дапамагчы вучню, трэба дакладна ведаць, наколькі ён справіўся з хатнім заданнем. Вучні рыхтуюцца да ўрока лепей, нягледзячы на тое, што не выстаўляю адзнак. Чаму? Яны ведаюць, што праверу ўсіх, паколькі хачу ведаць, з чым яны не могуць справіцца.
Не трэба, аднак, спалучаць актыўную ацэнку і звычайную адзнаку адначасова, або пісаць вучню каментарый да яго працы разам з адзнакай-балам. Настаўнікі могуць лічыць гэта найлепшым выйсцем, бо адначасова даюць вучню зваротную інфармацыю і ацэньваюць узровень яго працы. Але тады губляецца функцыя актыўнай ацэнкі.
Размежаваць ацэнкі
Вучань, які атрымлівае такую падвойную адзнаку, цікавіцца звычайна толькі балам і ўжо не чытае каментарый настаўніка. Вучні параўноўваюць свой бал з балам сяброў, вызначаюць, ці яны справядлівыя. Прыгадайце, што робяць вучні, калі аддаяце ім заданні – няўжо дыскутуюць, як можна было лепш выканаць заданне? Не – яны зазіраюць адно аднаму ў сшыткі і параўноўваюць атрыманыя адзнакі. Такім чынам мы страчваем усё, што мог бы даць вучням аналіз напісаных намі каментарыяў. Вучань, які бачыць бал, альбо не чытае, што настаўнік напісаў, альбо праглядае каментарый, шукаючы толькі абгрунтаванне выніковай лічбы.
Размежаванне актыўнай ацэнкі і адзнакі трэба выпрацаваць самастойна.
Трэба быць перакананым
З інфармацыі ад настаўнікаў, якія пачалі працу з актыўнай ацэнкай, вынікае, што абмежаванне колькасці балаў з’яўляецца асноўнай цяжкасцю гэтага метаду, яно можа сутыкнуцца з супрацівам з боку як вучняў, так і бацькоў. Каб пераканаць зацікаўленых, трэба самому быць перакананым.
Ад кантролю да супрацы
Ды і не толькі вучні з бацькамі могуць супраціўляцца змяншэнню колькасці адзнак – таксама і вы можаце адчуваць, што траціце ўладу над класам. Уласна бал дае нам, настаўнікам, пачуццё кантролю і панавання. Дык, можа ўжо прыйшоў час, каб перайсці ад кантролю вучняў да супрацоўніцтва з імі? Сапраўдны працэс навучання можа развівацца толькі ў атмасферы даверу і супрацы, а кантраляванне і ўзмацненне ўлады пярэчыць такой атмасферы.
Danuta Sterna. Ocenianie kształtujące w praktyce. Warszawa: Centrum Edukacji Obywatelskiej, 2008. S. 58 – 69.