Актыўная ацэнка на ўроках замежнай мовы

Актыўная ацэнка, насуперак назве, – гэта не метад выстаўлення адзнакаў, а методыка, якая складаецца з разнастайных тэхнік, якія разам дапамагаюць настаўнікам вучыць і вучыцца самім. Элементы актыўнай ацэнкі будуць карыснымі падчас навучання кожнаму прадмету. Можна выкарыстоўваць усе, а можна сканцэнтравацца толькі на тых, якія падаюцца нам найбольш прыдатнымі. Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшчы займаецца распаўсюджваннем актыўнай ацэнкі з 2002 году. За гэты час мы правялі сто семдзесят тры трэнінгі для педагогаў, а ў нашых інтэрнэт-курсах прынялі ўдзел двесце шэсцьдзесят сем настаўнікаў. У 2006 годзе разам з Цэнтрам Павышэння Кваліфікацыі Настаўнікаў мы арганізавалі пілотную праграму ўвядзення актыўнай ацэнкі ў дзесяці школах з пяці раёнаў Польшчы.
Актыўная ацэнка, насуперак назве, – гэта не метад выстаўлення адзнакаў, а методыка, якая складаецца з разнастайных тэхнік, якія разам дапамагаюць настаўнікам вучыць і вучыцца самім. Элементы актыўнай ацэнкі будуць карыснымі падчас навучання кожнаму прадмету. Можна выкарыстоўваць усе, а можна сканцэнтравацца толькі на тых, якія падаюцца нам найбольш прыдатнымі.
Гэтую методыку можна выкарыстоўваць на занятках нямецкай мовы на кожным узроўні – у пачатковых і сярэдніх класах, у ліцэях і на дадатковых занятках. Методыка АА дапамагае мне праводзіць заняткі і па іншых прадметах, калі я, напрыклад, замяняю адсутнічаючага настаўніка.
Асноўны навык настаўніка – гэта планаванне заняткаў. Паводле актыўнай ацэнкі, мы мусім пачынаць падрыхтоўку да заняткаў ад планавання мэтаў ўроку, што само па сабе не з’яўляецца нічым новым. Але адрозненне ў тым, што фармуліроўка мэтаў мае быць зразумелай для вучняў, яны павінны ведаць, навошта прыйшлі на ўрок. Гэта важна як падчас навучання замежным мовам, так і іншым прадметам.
Школьныя праграмы часта вельмі дапамагаюць у такім планаванні, бо ўтрымліваюць ясна вызначаныя тэмы. Варта выкарыстоўваць гэтыя праграмы, дастасоўваючы іх да класа і групы вучняў, з якімі мы працуем. Таксама, я часта заўважаю, што мэты дадзенага ўрока не заўсёды цесна звязаныя з матэрыялам ў падручніку.
Падчас вызначэння мэтаў варта звярнуць увагу на некалькі аспектаў:
– ці мэты будуць зразумелымі, і, па магчымасці, цікавымі для вучняў
– ці набытыя на ўроку веды і ўменні будуць адказваць патрэбам вучня, ці хутчэй амбіцыям настаўніка.
Матэрыял (заданні і практыкаванні ў падручніках) трэба падбіраць да мэтаў, а не наадварот. Ды і ўвогуле мы не мусім трымацца толькі падручнікавага матэрыялу. Давайце паслухаем, што скажуць нам дзеці. Як правіла, яны добра ведаюць, што ім дапамагае ў здабыванні ведаў і навыкаў.
Пасля ўроку вы зможаце па-ангельску запытацца аб узросце і самім адказаць на гэтае пытанне. (Аліцыя Бырска, настаўніца ангельскай мовы ў пачатковых класах у школе №63 у Вроцлаве).
Сёння вы вывучыце назвы прадметаў і мэблі, якімі штодзённа карыстаецеся. Вы даведаецеся, што трэба сказаць, каб камусьці нешта забараніць або дазволіць. (Анэта Трояк, настаўніца ангельскай мовы, гімназія №5 у Вроцлаве).
Пасля таго, як я вызначаюся з мэтай урока, я задаю сабе пытанне, як мне даведацца, ці дасягнулі вучні гэтую мэту (“На што я буду звяртаць увагу?” – “наштобузу”). Вучні атрымліваюць ад мяне інфармацыю аб гэтых крытэрыях і гэта дапамагае ім паспяхова спраўляцца з заданнямі. Калі знянацку не здзіўляць іх новымі патрабаваннямі, іх працы значна паляпшаюцца. Вось прыклад з урока нямецкай мовы:
Мэта: пасля ўрока мы зможам паразумецца ў краме.
“Наштобузу”:
– як выказаць сваё меркаванне наконт вопраткі?
– як папрасіць аб дапамозе, запытацца пра іншы колер і памер?
– як зразумець, што табе адказвае прадавец?
– як агучыць сваё рашэнне?
– ці правільна выкарыстоўваць асабістыя займеннікі трэцяй асобы?
Шмат настаўнікаў замежных моваў не выпрацоўваюць мэты паасобных урокаў, а канцэнтруюцца на крытэрыях поспеху, якія ў методыцы актыўнай ацэнкі называюцца “наштобузу”. Здараюцца таксама і такія сітуацыі, калі мэты і крытэрыі поспеху амаль аднолькавы, а тэма ўроку – вельмі агульная.
Тэма: Як мы забаўляемся?
“Наштобузу” (мэты тыя ж самыя):
– ведаць назвы шасці гульняў,
– адказаць “так” ці “не” па-нямецку,
– праспяваць песню “Hallo! Guten Morgen!” ад пачатку і да канца.
Тут варта звярнуць увагу на магчымасць дапамогі з боку бацькоў. Нават калі мама не ведае нямецкай, яна дакладна можа запытаць назвы шасці гульняў, а тата з задавальненнем паслухае песеньку.
Пачаўшы выкарыстоўваць актыўную ацэнку, мы адмаўляемся ад пэўнай колькасці адзнакаў, і замяняем іх новай формай зваротнай сувязі – водгукам. Канешне, гэта можа занепакоіць бацькоў, якія ўжо прызвычаіліся да традыцыйных адзнакаў. Як схіліць іх да новай формы працы з вучнямі? Найперш, гэты залежыць ад перакананняў самаго настаўніка. Я заўважыла, што шмат хто з нас не верыць у эфектыўнасць зваротнай сувязі. Ды і не ўсе вучні могуць працаваць без “бізуна і перніка”. Вось што я раблю на сваіх занятках – я прашу сваіх вучняў выканаць хатняе заданне, але яго не правяраю. Калі хатняе заданне простае, я адзначаю, ці ўсе яго выканалі, а пасля мы правяраем яго разам, альбо я паказваю вучням правільныя адказы, і яны ацэньваюць сваю працу самі. Такім чынам я даведваюся, што яшчэ прадстаўляе цяжкасці, што патрабуе дадатковай працы, каму і ў чым трэба дапамагчы. Калі вучні выконвалі самастойныя заданні, напрыклад, кароткае сачыненне, правяраю іх я, але замест выстаўлення адзнакі, пішу па працы водгук, дзе зазначаю, як можна паправіць працу. А канчатковую адзнаку выстаўляю за ўжо выпраўленую працу. Такім чынам, вучні больш глыбока авалодваюць патрэбнымі навыкамі і пачынаюць самі дадумвацца да правільных адказаў.
Падчас вусных адказаў з выразна актрэсленым “наштобузу” важную ролю адыгрывае ўзаемаацэнка. Вучні вучацца успрымаць інфармацыю на слых, а аналізуючы выказванні сваіх таварышаў, вучацца адзін у аднаго.
Падчас заняткаў замежнай мовай вельмі эфектыўнымі могуць быць розныя тэхнікі самаацэнкі, асабліва тэхніка “зялёнага святла”.
Пасля таго, як вучні скончылі перакладаць выразы, я папрасіла зачытаць іх услых, і мы праверылі іх разам. Я папрасіла вучняў зялёным колерам адзначыць поўнасцю правільныя адказы, часткова правільныя – аранжавым, а няправільныя – чырвоным. Вучні падлічылі колькасць кожнага колеру ў сваіх сшытках, і па выніках падлікаў падзяліліся на зялёных, аранжавых і чырвоных. Пасля, зялёныя дапамаглі паправіць памылкі аранжавым, а чырвоным я ўсё растлумачыла сама. (Ёанна Кухарчык, настаўніца ангельскай мовы, гімназія ва Урсусе).
Я нават не магу сабе ўявіць, як я магла працаваць раней без тэхнікаў задавання пытанняў паводле АА. А менавіта, я даю вучням час падумаць, стрымліваю “шпаркія адказы”, бо вызначаю вучня, які мае мне адказаць, і практыкую працу ў парах. Гэтыя метады дапамагаюць мне задзейнічаць усіх дзяцей у класе, адначасова не парушаючы бяспечнай атмасферы.
Бадай жа самым рэдкім прыёмам АА, якім я карыстаюся на занятках замежнай мовы, з’яўляюцца ключавыя пытанні. Складана прыдумаць такое пытанне на занятках, на якіх мы развучваем новую лексіку, альбо практыкуем граматычныя правілы. Затое заўсёды можна запытацца “А ці змаглі б Вы набыць квіток на вакзале ў Нямеччыне? Якія выразы трэба для гэтага ведаць?” Такім чынам вучні могуць дакладна ацаніць, што ўжо ўмеюць, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. На падставе гэтага мы і выпрацоўваем пасля “наштобузу”.
Вось як падсумавалі свае ўражанні настаўнікі, якія бралі ўдзел у інтэрнет- курсе па актыўнай ацэнцы:
Актыўная ацэнка мяняе ролю настаўніка. Ён робіцца для іх сябрам, які да кожнага мае індывідуальны падыход і ставіцца паважна, і кіраўніком, які жадае дапамагаць вучням вучыцца. Адначасова АА выразна тлумачыць настаўніку, як гэта зрабіць. І менавіта гэтыя парады для мяне самыя цэнныя. Так мне прасцей і заахвочваць вучняў, і дапамагаць ім у прыняцці цяжкіх рашэнняў, і вучыць іх адказнасці. Некаторыя элементы АА, як напрыклад, падоўжаны час чакання на адказ і супольнае вызначэнне “наштобузу” прысутнічаюць на кожным уроку, некаторыя з’яўляюцца радзей (складана задаваць ключавыя пытанні на ўроках нямецкай мовы ў пачатковых класах). Я дакладна буду часта выкарыстоўваць тэхнікі ўзаема- і самаацэнкі. Апошнюю ўвесці вельмі проста, а вынікі яна прыносіць выдатныя. А калі мы разам абмеркавалі і ацанілі атмасферу ў класе, на занятках хутка, і значна, палепшылася дысцыпліна. (Эва Пэрхуць, настаўніца нямецкай мовы ў пачатковых класах, школа №11 у Варшаве).
Раздзяленне падсумоўваючай і актыўнай ацэнак здзівіла маіх вучняў. Яны не маглі зразумець, чаму я гатовая прысвячаць дадатковы час на тое, што адразу не прыносіць зменаў у адзнаках. Але яны хутка пабачылі, што дзякуючы ясным крытэрыям і падказкам яны адчуваюць сябе бяспечней. Яны ведаюць, на што могуць разлічваць, маюць больш шансаў на поспех, калі выканаюць ясна акрэсленыя патрабаванні. Зваротная сувязь, як яе прапаноўвае АА, гэта сапраўдны прарыў. Мне трэба нейкім чынам“падбадзёрваць” вучняў, знаходзіць плюсы ў іхніх працах, а яны за гэта павінны самі знайсці і выправіць памылкі, абапіраючыся на мае падказкі. Ну і нарэшце, абсалютна новыя для мяне і вучняў элементы АА: ўзаемаацэнка і патрабуючая дадатковай падрыхтоўкі самаацэнка. Што тычыцца ключавых пытанняў, раней можна была іх сустрэць на занятках па канкрэтных тэмах, а вось на ўроках, прысвечаных граматыцы, гэта было навінай. Зараз я буду старацца выкарыстоўваць усе элементы.
Як паказвае практыка, дзякуючы АА мае вучні ставяцца да вучобы з большай прыхільнасцю, і з кожным крокам ад іх пачынае залежыць усё больш і больш. Яны ўжо разам з настаўнікам вызначаюць мэты ўрокаў і крытэрыі ацэнкі, выпраўляюць свае працы і працы іншых, часам нават самі тлумачаць матэрыялы, і ўвогуле шукаюць шляхоў да рашэння праблемаў. Яны ведаюць, у якім кірунку ім трэба рухацца, не адчуваюць разгубленасці дзякуючы ясна акрэсленым мэтам і спосабам іх дасягнення. Ды і бацькі могуць назіраць за развіццём дзяцей, дзякуючы водгукам на іхнія працы, якія я запісваю ў сшыткі. (Агата Кучма, настаўніца ангельскай мовы, 1 ліцэй у Саноку).
Эва Боргач
Настаўніца нямецкай мовы ў пачатковай класах у школе №11 у Варшаве, практык актыўнай ацэнкі, трэнер Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі і мадэратар-інтэрнэт курсаў АА.
Урыўкі водгукаў паходзяць са справаздачаў настаўнікаў замежных моваў, якія бралі ўдзел у інтэрнэт-курсе “Актыўная Ацэнка”, арганізаваным Цэнтрам Грамадзянскай Адукацыі.
Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі вядзе інтэрнэт старонку па мэтодыцы Актыўнай ацэнкі, дзе можна знайсці публікацыі і матэрыялы для настаўнікаў, інфармацыю і абвесткі аб інтэрнэт -курсах і сэмінарах, а таксама падзяліцца сваім меркаваннем на форумах.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: