Мае ўражанні ад выкарыстання методыкі Актыўная Ацэнка

Галіна  Скарына,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Белаазёрска
Аб выкарыстанні некаторых прыёмаў АА ў сваёй працы

Метад АА дапамагае вучням арыентавацца ў сваіх ведах, а настаўніку выкіравацца ў сваім планаванні на праблемныя моманты ў засваенні матэрыялу. І пры гэтым падобная праца з’яўляецца важным фактарам для матывацыі , застаўляе дзяцей усведамляць, што яшчэ не засвоена ў межах вывучанай тэмы і цэлага раздзелу. Асабліва спрыяюць такому аналізу розныя прыёмы зваротнай сувязі і ключавыя пытанні.
Зваротную сувязь ладзіла заўсёды. Толькі часцей мела яна выгляд дыялога:
— Ці ўсё вам, дзеці, зразумела?
— Што яшчэ трэба патлумачыць?
— Хто не засвоіў тэму, падыдзіце на перапынку да мяне. І г.д.
Дыялог не заўсёды спрыяе бачанню рэальнай карціны. Не на кожным узроставым этапе вучні шчыра адказваюць на пытанні падобнага кшталту. У старэйшых класах саромеюцца адкрыта сказаць пра сваё неразуменне. А прыёмы зваротнай сувязі па метадзе АА дазваляюць убачыць рэальную карціну. Эфектыўна дзейнічае прыём сігнальных картак у выглядзе трохкутнікаў, бакі якіх маюць два колеры – зялёны і чырвоны. Ад пачатку ўрока яны стаяць на парце вучня зялёным колерам да стала настаўніка. Калі ў вучня ўзнікаюць праблемы, ён паварочвае чырвоным колерам да настаўніка, і гэта з’яўляецца паведамленнем аб праблеме ў працы дадзенага вучня. Падыходжу, індывідуальна працую, калі ўдаецца ліквідаваць непаразуменне, радыя абое. Калі не, дык дамаўляемся аб дадатковай працы на падтрымліваючых занятках.
У старэйшых класах, асабліва пры падрыхтоўцы да ЦТ, хораша спрацоўваюць лісты самаацэнкі і кантролю. Лісты самаацэнкі вядуць вучні індывідуальна. На такім лісце пералічаны правілы па арфаграфіі і пунктуацыі, і насупроць кожнай тэмы вучань пасля ўрокаў робіць паметку: ведаю – не ведаю тэму, умею прымяняць правіла – не ўмею прымяняць. Гэтыя лісты захоўваюцца ў кабінеце. І настаўнік мае магчымасць аналізаваць якасць засваення матэрыялу. Але заўважыла, шо не заўсёды адэкватна вучань можа ацаніць свае навыкі прымяненя правілаў. Таму маю яшчэ свае лісты кантролю, у якіх вяду ўлік памылак кожнага вучня, каб потым праводзіць карэкцыйную работу ўжо з цэлым класам. Добра падобны ўлік рабіць на камп’ютэры ў праграме “Эксель”.
Урок літаратуры быў бы нецікавым, каб на ім не гучалі ключавыя пытанні. Яны дазваляюць не толькі правяраць веданне зместу, але і разуменне прачытанага, вучаць разважаць, будаваць лагічныя ланцужкі, каб дайсці да сутнасці. Напрыклад, пры вывучэнні рамана І.Мележа “Людзі на балоце”, аналізуючы вобразы Васіля і Ганны, у тэму ўрока выношу пытанне: “Чаму не пажаніліся Васіль і Ганна?”, а пры разглядзе аповесці Я Коласа “На ростанях”: “Чаму разышліся сцежкі Андрэя Лабановіча і Ядвісі?”. Каб вучні зразумелі сілу ўздзеяння аўтарскай пазіцыі на чытача, пры вучэнні апавядання Я. Брыля “Галя” пытаюся ў вучняў: “Галя – звычайная прыстасаванка і маральна разбэшчаная дзяўчына ці не?” ( Па творы ўчынкі яе выкіроўваюць на падобнае асуджэнне, бо яна ў першы ж вечар цалавалася з Юрачкам, а чакаць яго не стала, калі таго арыштавалі. Выйшла замуж за Хамёнка ўжо цяжарная. І шмат якія іншыя яе ўчынкі, здаецца, вымагаюць абурэння, а мы яе любім і не асуджаем. Спрацоўвае аўтарская пазіцыя. Мы глядзім на Галю вачыма Я. Брыля, а ён любіць сваю гераіню. І нас у гэтым пераканаў. ) Гэтак жа сама моцна спрацоўвае аўтарская пазіцыя і ў творы К. Чорнага “Трэцяе пакаленне”, які зараз мы вывучаем на ўроках дадатковага чытання. Каб правесці дасканалы аналіз твора ў назву тэмы ўрока выношу пытанне: “Скуратовіч – вораг народа ці “новы беларус?””
Вось праз такія прыёмы АА ўрокі з’яўляюцца вынікам сумеснай дзейнасці настаўніка і вучня і спрыяюць дасягненню пастаўленых мэтаў усімі суб’ектамі навучальнага працэсу.

Таццяна Барткевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Глыбокага:

 Першае, што я скарыстала з прыемаў АА, гэта непадыманне рук пры пэўных відах навучальнай дзейнасці. Для кожнага класа падрыхтавала палоскі кардону пэўнага колеру па колькасці вучняў: пяты клас – чырвоныя, шосты – зялёныя, сёмы –жоўтыя… І найперш на практыцы праверыла тэарэтычныя высновы адносна таго, што  на ўроку звычайна выклікала вучняў,  ад якіх спадзявалася атрымаць правільны адказ, або тых, хто відавочна быў негатовы да ўрока. Не магла пакрыўдзіць таго, хто з усяе сілы цягнуў руку ўверх і, канечне ж, крыўдзіла некага, калі такіх рук было шмат. Праблема сышла адразу, бо “выбар рабіў лёс”. Гэты прыём вымусіў усіх вучняў класа шукаць адказ на пастаўленае пытанне, а не спадзявацца на тое, што “мяне ўсё роўна не выклікаюць” ці “Юля руку падыме першая –ёй і гаварыць”.

  Выкарыстоўваючы НаштоБуЗУ пры падрыхтоўцы да кантрольнага дыктанта была сама ўражана вынікамі. Метад  даў магчымасць моцным  вучням напісаць на 9 – 10 балаў, а слабым на станоўчую адзнаку ( больш за тры балы).

Заўважыла, што пастаўленая адзнака за пэўную тэму адбівала ахвоту што-небудзь давучыць, дапрацаваць, а непастаўленая (калі яна непажаданая для вучня )стымулюе да працы. Такім чынам, ацэньваючы працу вучняў на кожным уроку, высвятляючы прабелы ў ведах або разуменні матэрыялу, стала даваць ім шанец паправіць становішча. Абсалютная большасць яго скарыстоўвае. Канечне, такая праца павялічвае нагрузку настаўніка, але яна ўрэшце павялічвае і вынікі працы.

Для эфектыўнай працы неабходна зваротная сувязь на кожным уроку. Яна дае магчымасць эфектыўна планаваць наступны ўрок, бачыць, каму з вучняў якая дапамога патрэбна, а вучань атрымлівае не толькі рэкамендацыі для далейшай працы, а і моцны стымул для ўдасканальвання сваіх ведаў. На сваіх уроках выкарыстоўваю таблічкі (вывешваю на дошцы напрыканцы ўрока ) або лісткі з надпісамі: “Умею добра”, “Умею не вельмі добра”, “Не ўмею” , – на якіх вучні робяць запісы ў адпаведнасці з тэмай і мэтай. Нарыклад: “Умею добра знаходзіць у сказе дапаўненне”, “Не вельмі добра ўмею знаходзіць акалічнасць. Часам блытаю яе з азначэннем”, і да таго падобнае. Карыстаюся метадам незакончаных сказаў тыпу: “Лягчэй за ўсё мне было…”, “Цяжэй за ўсё мне было…”

Для зваротнай сувязі выкарыстоўваю таксама  сігнальныя карты, зробленыя па прынцыпе “методнікаў” , што бачыла ў польскіх настаўнікаў. Яны дапамагаюць  падчас працы ў парах, у  групах і пры індывідуальнай самастойнай працы.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: