Данута Стэрна: “Ацэнка, непадобная ні на што”

Адукацыя натыкнулася на сцяну, і больш не можа ісці наперад. Таму трэба змяніць напрамак. Актыўная ацэнка дае надзею на добры кірунак зменаў. Яна прадстаўляе сабою вельмі дзейны мэтад паляпшэння вучнёўскіх вынікаў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, што з’яўляецца неабходным навыкам ў сучасным свеце.

Актыўнай ацэнцы складана даць агульнае азначэнне. У дакладзе Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) актыўная ацэнка вызначаецца як “частая, інтэрактыўная ацэнка дасягнутага прагрэсу вучня і яго разуменне матэрыялу дзеля таго, каб акрэсліць, як вучань павінен вучыцца далей і як вучыць яго лепш”. Аднак мы часта выкарыстоўваем спрошчанае азначэнне: актыўная ацэнка – гэта перадача вучням інфармацыі, якая дапамагае ім вучыцца.

У нашай школе мы галоўным чынам выкарыстоўваем ацэнку падсумоўваючую, якая служыць толькі адзнакай вучнёўскай працы. У адрозненне ад гэтага, мэтай актыўнай ацэнкі з’яўляецца перш за ўсё паляпшэнне працэсу навучання. Такая ацэнка заклікае вучняў браць на сябе адказнасць за сваё ўласнае навучанне і дапамагае настаўніку і навучэнцам распрацоўваць план далейшых дзеянняў.

На канферэнцыі АЭСР у Парыжы аднойчы прагучала вельмі ўдалае параўнанне актыўнай і падсумоўваючай ацэнкі – калі кухар каштуе суп – гэта актыўная ацэнка. Калі суп каштуе кліент – гэта ўжо ацэнка падсумоўваючая. Кухар яшчэ можа змяніцца смак супа, а кліент – ужо не.

Чаму варта выкарыстоўваць актыўную ацэнку

Усе мы адчуваем крызіс традыцыйнага спосабу навучання. Настаўнікі з розных краінаў шукаюць новыя метады выкладання, якія б дазвалялі глыбей уцягнуць вучняў у працэс навучання, бо старыя ўжо не працуюць. Проста загад ужо не дапамагае – настаўнік не з’яўляецца больш аўтарытэтам толькі таму, што ён – настаўнік. Вучні не хочуць хадзіць у школу, часта не бачаць сэнсу ў навучанні, а пасля яе заканчэння памятаюць аб школе толькі благое. Вядома, ёсць і вучні і выкладчыкі, якія актыўна ўдзельнічаюць ў працэсе навучання і выкладання, але іх застаецца ўсё менш і менш. Безсэнсоўнасць навучання ў школе, якую адчуваюць маладыя людзі, прыводзіць да росту агрэсіі, падману (напрыклад, спісвання), і недахопу амбіцыяў. З майго пункту гледжання, адукацыя натыкнулася на сцяну, і больш не можа ісці наперад, мы павінны змяніць напрамак. Я лічу, што актыўная ацэнка дае надзею на добры кірунак зменаў. Даследаванні, праведзеныя АЭСР сведчаць пра тое, што актыўная ацэнка прадстаўляе сабою вельмі дзейны мэтад паляпшэння вучнёўскіх вынікаў. Асабліва добрыя вынікі яна дае ў працы з вучнямі, якія маюць цяжкасці ў навучанні. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вычыцца на працягу ўсяго жыцця, што ў сучасным свеце з’яўляецца неабходным навыкам. Вось чаму АЭСР рэкамендуе настаўнікам падчас працы з вучнямі выкарыстоўваць менавіта актыўную ацэнку.

 

Калі настаўнік ацэньвае актыўна, ён

  • Вызначае мэты ўроку і фармуліруе іх так, каб яны былі зразумелымі для вучняў. Самае галоўнае – гэта ведаць, куды вы ідзеце і чаго хочаце дасягнуць. Перад планаваннем заняткаў настаўнік вызначаецца, якія мэты ён хоча ажыццявіць разам з вучнямі падчас заняткаў. Ён вызначаецца, чаму ён хоча навучыць менавіта гэтаму матэрыялу і як гэта можна зрабіць найлепш. Часта мэты, якія ставіць сабе настаўнік, могуць быць незразумелымі для вучняў. Таму настаўнік павінен сфармуляваць гэтыя мэты так, каб іх мог зразумець кожны. Напрыканцы ўрока вучні з настаўнікам правяраюць, ці дасягнулі яны пастаўленых мэтаў.

Праца над мэтамі складаецца з трох этапаў: спачатку, яшчэ перад заняткамі, настаўнік вызначаецца з тым, чаго ён хоча дасягнуць. Потым настаўнік прадстаўляе мэты ўрока вучням або выпрацоўвае іх разам з імі. Вучні ведаюць, што і як яны будуць вучыць. Пасля ўрока, навучэнцы вызначаюць, пра што яны даведаліся.

  • Дамаўляецца з вучнямі аб крытэрыях ацэнкі – мы ўжо разам выпрацавалі сумесныя мэты ўрока. Мы ведаем, куды мы ідзем і чаго мы хочам разам дасягнуць. Цяпер, разам з вучнямі, мы павінны вызначыць, на што мы будзем звяртаць увагу пры ацэнцы. Ідэя заключаецца ў тым, каб дакладна акрэсліць тыя элементы, якія пакажуць як настаўніку, так і вучню, у якой меры атрымалася дасягнуць мэты ўрока.

Крытэрыі дапамагаюць вучням падрыхтавацца да кантрольных і падказваюць, як яны павінны выканаць працу, каб дасягнуць мэтаў, вызначаных настаўнікам. Настаўнік паслядоўна ацэньвае толькі тое, што было агаворана раней.

  • Усведамляе адрозненні паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкамі. Падсумоўваючая ацэнка мае важнае значэнне для абагульнення ведаў, набытых вучнямі, і звычайна абмяжоўваецца адзнакай. Актыўная ацэнка дапамае вучню зразумець, што ён зрабіў так, а што не так, і як ён можа палепшыць сваю працу. Пры актыўнай ацэнцы вучні рэдка атрымліваюць адзнакі, а нашмат часцей – зваротнаю інфармацыю ад настаўніка альбо таварышаў.
  • Стварае атмасферу, якая спрыяе навучанню. Уводзячы актыўную ацэнку, а асабліва ствараючы спрыяльную для навучання атмасферу, можна значна дапамагчы вучням. Але вучні павінны ўдзельнічаць у гэтым працэсе з самага пачатку. Варта прысвяціць час на класную дыскусію аб тым, як вучні вучацца і што ім у гэтым дапамагае. У выніку ў вучняў павышаецца самаацэнка, з’яляецца зацікаўленасць у навучанні і самастойнасць, здольнасць да супрацоўніцтва і свядомасць навучальнага працэсу.

Вопыт паказвае, што навучэнцы і іх бацькі звычайна непакояцца меншай колькасцю адзнакаў. Гэта азначае, што вы павінны працаваць і з вучнямі і з іх бацькамі. Бацькі, якія разумеюць, на чым палягае актыўная ацэнка, пераўтвараюцца ў саюзнікаў сваіх дзяцей і адначасова – памочнікаў настаўнікаў.

  • Ведае, як сфармуляваць ключавыя пытанні. Ключавыя пытанні схіляюць вучняў да мыслення. Дзякуючы сваёй добрай фармуліроўцы, яны паказаць навучэнцам больш шырокі кантэкст праблемы, заахвочваюць да пошуку адказаў і больш актыўнага ўдзелу ў працэсе навучання.
  • Валодае метадамі задавання пытанняў. У актыўнай ацэнцы задаванне пытанняў заключаецца ў інтэграцыі ўсіх вучняў ў пошук рашэння вызначанай настаўнікам праблемы. З гэтай мэтай настаўнік падаўжае час чакання на адказ вучня, накіроўвае свае пытанні для ўсіх вучняў, а не толькі да тых, хто цягне руку; прапаноўвае шукаць адказы на пытанні ў парах, і не карае за няправільныя адказы.
  • Эфектыўна прымяняе метад зваротнай сувязі. Зваротная сувязь з’яўляецца ключавым кампанентам актыўнай ацэнкі. Замест адзнакі настаўнік выстаўляе вучню каментар яго працы. Добры водгук – гэта сапраўднае мастацтва; ён заўсёды павінен ўключаць у сабе чатыры элементы: падкрэсліванне і пахвала добрых элементаў вучнёўскай працы, адзначэнне таго, што павінна быць выпраўлена, ці над чым трэба папрацаваць дадаткова; падказкі, як гэта можна зрабіць і парады аб тым, у якім напрамку вучань павінен працаваць далей. Зваротная сувязь павінна быць сцісла звязана з раней вызначанымі крытэрамі ацэнкі.

 

  • Уводзіць і практыкуе метад узаема- і самаацэнкі. Вучні – на аснове вызначаных крытэраў ацэнкі – узаемна праглядаюць працы адзін аднаго і даюць парады па іх паляпшэнні. Гэта мае дваякае значэнне: з аднаго боку, вучань добрае разумее таварыша, чыю працу правярае, таму што сам толькі што рашаў тую ж задачу, а з другога боку – вучыцца ад яго.

Калі вучань сам можа ацаніць, як шмат ён даведаўся і што яшчэ неабходна зрабіць, каб дасягнуць жаданай мэты, гэта дапамагае яму ў працэсе навучання і чыніць з яго актыўнага удзельнікам гэтага працэсу.

Самаацэнка дазваляе навучэнцам знайсці адказы на пытанні: што я ўжо ведаю? Над чым яшчэ маю папрацаваць? Што варта змяніць у сваім спосабе навучання? Якія рашэнні я мушу прыняць у будучыні?

Перавагі і недахопы актыўнай ацэнкі

Актыўная ацэнка з’яўляецца часткай настаўніцкай інтуіцыі. Шмат хто з настаўнікаў, якія з намі супрацоўнічаюць, заўважаюць, што выкарыстоўвалі некаторыя элементы актыўнай ацэнкі ў сваёй практыцы і раней. Тым не менш, яны прызнаюць, што толькі сістэматычнае прымяненне цэласнага падыходу прыносіць жаданыя вынікі. У той жа час выкарыстоўванне актыўнай ацэнкі цалкам змяняе стыль выкладання, і, такім чынам, атмасферу ў класе з падыходам да навучання.

Я пераканая, што актыўная ацэнка можа дапамагчы і настаўнікам і вучням. Я рэкамендую яе ўсім настаўнікам, якія шукаюць магчымасцяў да ўдасканальвання працэсу навучання, хаця я і ўсведамляю сабе ўсе цяжкасці, дадатковую рабочую нагрузку і працаёмкасць гэтай задачы. Ніжэй прыведзены спіс цяжкасцяў, згаданых ўдзельнікамі першага выдання інтэрнэт курсу:

Прыгатаванне водгукаў для зваротнай сувязі займае шмат часу: “нядаўна я ўпершыню напісала доўгія каментары да самастойных працаў маіх вучняў. Гэта заняло ў мяне шмат часу. Мне яшчэ цяжка вызначыць, наколькі мае водгукі карысныя вучням для працы. Аднак, я часта бачу, што яны іх чыталі, таму што добра ведаюць, што ім трэба палепшыць.” (Люцына Паўлік, настаўнік гісторыі ў сярэдняй школе № 3 у Касцяне).

Працаёмкасць падрыхтоўкі да ўроку (мэты, крытэрыі ацэнкі, ключавыя пытанні): “увядзенне прынцыпова новага спосабу ацэнкі патрабуе шмат працы і намаганняў. Шмат часу займае выпрацаванне новых навыкаў у настаўнікаў, а да гэтага ж трэба навучыць і вучняў. Такім чынам, напачатку памылак не пазбегчы, а на ўроку не хапае часу, каб здзейсніць усе яго элементы.”(Марта Вердак-Руж, настаўнік гісторыі, ВОС і геаграфіі ў сярэдняй школе № 5 у Кросне).

Фармуляванне ключавых пытанняў: “некалі мне падавалася, што калі вучні не адказваюць на нейкае пытанне, можна задаць іншае, падказаць ім правільны адказ, ці проста адказаць за іх. Цяпер я распрацоўваю пытанні перад урокам, пішу канспекты заняткаў, зазначаю добрыя пытанні, а няўданыя скрэсліваю. Зараз я бачу, які вялікі ўплыў маюць пытанні на актыўнасць вучняў. Да мяне дайшло, што навучэнцы былі неактыўнымі таму, што мае пытанні былі кепскімі. У наступным годзе я маю намер папрацаваць над пытаннямі асабліва старанна.” (Ганна Сташак, настаўнік нямецкай мовы ў гімназіі імя Папы Рымскага Іаана Паўла II у Астрове-Велькапольскім).

Задаванне пытанняў займае шмат часу: “аднойчы я прынесла на заняткі пясочны гадзіннік майго сына, які адмяраў 55 секунд. Вучням было вельмі весела, а я толькі тады ўсведаміла сабе, як шмат гэта часу. Цяпер, калі я задаю пытанні ў класе, я чакаю на адказ значна даўжэй, чым раней.”(Рэната Хмялеўска, настаўнік біялогіі і камп’ютэрных навук у гімназіі ў Ежманках).

Скарачэнне колькасці адзнакаў: “бацькі, а таксама і вучні не могуць, аднак, так хутка змяніць свой падыход. Я казала аб скарачэнні колькасці адзнакаў, даверу да выкладчыка пры іх выстаўленні, але ж бацькі і так разгарнулі бурную дыскусію аб канчатковых адзнаках за семестр.”(Люцына Паўлік, настаўнік гісторыі СШ № 3 у Касцяне).

Схіленне бацькоў і вучняў да актыўнай ацэнкі: “патрэбна шмат часу, каб змяніць менталітэт вучняў. Але змены ў мышленні навучэнцаў залежаць ад зменаў у мышленні бацькоў. І менавіта ад гэтага трэба пачынаць працу з “АА”.” (Анетта Маеўска, настаўнік нямецкай мовы ў сярэдняй школе № 3 у Касцяне).

Прывіванне вучням навыкаў узаема- і самаацэнкі: “Я заўважыла, што выкарыстанне метада узаемаацэнкі патрабуе значных намаганняў з боку настаўніка. Вучняў трэба падрыхтаваць да пераадолення псіхалагічных бар’ераў (напрыклад, страх перад рэакцыяй сваіх таварышаў), а гэта займае шмат часу і цярпення.” (Івона Вуйлаў, настаўнік фізікі, ангельскай мовы і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 3 у Мыславіцах).

Лепшым рэзюмэ гэтага кароткага ўвядзення ў актыўную ацэнку будуць словы Івона Тарнагурскай-Азембла, настаўніцы пачатковых класаў з Легніцы, якая сказала, што яна “радая, што мы займаемся праблемай ацэнкі. Я думаю, што гэта адзін з самых вялікіх клопатаў сучаснае школы. Дзеці вучацца дзеля адзнакаў, а не для сябе. Я адчула гэта на сваім досведзе – тое, што я вывучала дзеля адзнакаў, я зусім ня памятаю. У адрозненне ад таго матэр’ялу, па якім я прайшлася грунтоўна, і які дагэтуль памятаю выдатна.

У працы з маленькімі дзецьмі я стараюся усведаміць ім, што яны вучацца толькі для сябе, а не для мяне і бацькоў. Гэта вельмі цяжка, асабліва ўлічваючы тое, што часцяком менавіта бацькі падштурхоўваюць дзяцей працаваць “на адзнаку”. Менавіта яны, чытаючы мае зваротныя водгукі, дамагаюцца выстаўлення адзнакі.”

Падбадзёрвае тое, што актыўная ацэнка робіцца ўсё больш папулярнай. Яна павінна стаць эталонам ацэнкі ва ўсіх школах. Калі мы пачнем выкарыстоўваць гэтую ацэнку на ўсіх узроўнях адукацыі, магчыма, з часам знікне “змаганні за адзнакі”, і навука будзе свядомым выбарам і пачне прыносіць задавальненне. Школы, пазбаўленае негатыўных эмоцый, якія нясуць з сабой адзнакі, зробяцца прыцягальнымі, цікавымі і спыяльнымі дзяцячаму развіццю. Няўжо ж гэта ўсяго толькі выдумкі і ўтопія?


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: