Актыўная ацэнка ў дапамогу навучанню:
- Цесна звязаная з эфектыўным планаваннем.
- Засяроджаная на тым, як навучэнцы вучацца.
- Адыгрывае важную ролю на працягу ўсяго навучальнага працэса ад планавання да ацэнкі эфектыўнасці.
- З’яўляецца адным з ключавых дыдактычных навыкаў.
- Мае эмацыйнае ўздзеянне.
- Уплывае на матывацыю навучэнца
- Накіроўвае ўвагу на крытэрыі поспеху (на што я буду звяртаць увагу?) ужо на этапе планавання.
- Дае навучэнцам канструктыўныя парады, як яны маглі б палепшыць свае вынікі і развівацца далей.
- Уплывае на самаацэнку.
- Стасуецца да ўсіх катэгорыяў дасягненняў.
Правіла 1. Актыўная ацэнка павінна быць цесна звязаная з добрым планаваннем працэсу навучання і асабістага развіцця.
Пры такім планаванні настаўнік прымае да ўвагі інфармацыю аб прагрэсе навучэнцаў і ацэнку ўзроўня дасягнення мэтаў. Настаўнік гнутка рэагуе і змяняе план у залежнасці ад атрыманай інфармацыі аб ходзе вучнёўскай працы. Вучні ведаюць аб гэтым плане, мэтах і крытэрыях, па якіх будзе ацэньвацца іхняя праца. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб распрацаваць такія спосабы інфармавання вучняў, якія б дазволілі ім зразумець пастаўленыя перад імі мэты і задачы. Акрамя таго, настаўнік мусіць прадугледзець, як вучні будуць атрымоўваць водгукі па сваёй працы, якая будзе іх роля ў праверцы іх уласных дасягненняў і на якую дапамогу яны могуць разлічваць у далейшым навучанні.
Правіла 2. Актыўная ацэнка засяроджваецца на тым, як навучэнцы вучацца.
Вучні свядомыя не толькі з-за таго, «чаму» яны вучацца, але і з-за таго, «як» яны вучацца. І настаўнік і навучэнцы канцэнтруюцца на самім працэсе, а не толькі на канчатковым выніку.
Правіла 3. Актыўная ацэнка адыгрывае важную ролю на працягу ўсяго навучальнага працэса ад планавання да ацэнкі дасягненняў.
Падчас выканання задачаў і адказаў на пытанні настаўніка навучэнцы дэманструюць, якім чынам яны думаюць, якія маюць навыкі, і чаму ўжо навучыліся. Настаўнік назірае за працай вучняў, ацэньвае іх прагрэс і на гэтай аснове плануе далейшую працу. Гэты працэс з’яўляецца неад’емнай часткай штодзённай працы на ўроках, схіляе настаўнікаў і навучэнцаў да рэфлексіі, дыялогу і прыняцця далейшых рашэнняў.
Правіла 4. Актыўная ацэнка з’яўляецца адным з ключавых дыдактычных навыкаў.
Настаўнік, які выкарыстоўвае сістэму Актыўнай ацэнкі, умее планаваць, назіраць за працэсам навучання, аналізаваць і тлумачыць атрыманую інфармацыю аб працэсе і яго выніках, карыстацца зваротнай сувяззю і перадаваць вучням тую частку сваёй ацэнкі, што мае значэнне для іх далейшага развіцця. Настаўнік дапамагае і вучыць вучняў ацэньваць саміх сябе. У рамках падрыхтоўкі да прафесіі і наступнага ўдасканалення трэба дапамагаць настаўнікам самім развіваць гэтыя навыкі.
Правіла 5. Актыўная ацэнка мусіць быць канструктыўнай і патрабуе ад настаўніка шмат такту, бо, як кожная ацэнка, яна аказвае моцнае эмацыйнае ўздзеянне.
Настаўнік усведамляе, якое ўздзеянне аказваюць яго каментары, ацэнкі і меркаванні на навучэнца, яго веру ва ўласныя сілы і на яго зацікаўленасць вучобай. Водгукі на вучнёўскую працу мусяць быць максімальна канструктыўнымі і датычыцца толькі выніка працы, а не самога чалавека.
Правіла 6. Актыўная ацэнка мусіць схіляць вучняў да навучання.
Ацэнка павінна быць засяроджанай на поспехах і дасягненнях, а не на адсутнасці прагрэсу, стымуляваць вучняў да вучобы. Параўнанне вынікаў асобных навучэнцаў з дасягненнямі іх калегаў, а таксама стварэнне разнастайных рэйтынгаў не матывуе, а часцяком і перашкаджае навучанню.
Ацэнка можа заахвоціць студэнтаў да вучобы, калі яна абараняе самастойнасць навучэнца, забяспечвае канструктыўную зваротную сувязь, дае яму магчымасць выбару і палягчае кіраванне ўласным навучаннем.
Правіла 7. Актыўная ацэнка накіроўвае ўвагу на крытэрыі поспеху (на што я буду звяртаць увагу?) ужо на этапе планавання.
Дзеля таго, каб навучанне было больш эфектыўным, настаўнік разам з навучэнцамі вызначаюць, чаго і якім чынам яны жадаюць дасягнуць. Вучні маюць уплыў на выбар мэтаў і прыняцце крытэрыяў поспеху. Крытэрыі поспеху павінны быць зразумелымі для вучняў, каб яны таксама маглі выкарыстоўваць іх для ўзаема- і самаацэнкі.
Правіла 8. Навучэнцы атрымліваюць канструктыўныя парады, як яны маглі б палепшыць свае вынікі і развівацца далей
Вучні патрабуюць інфармацыю і парады, каб яны маглі планаваць свае наступныя крокі ў працэсе навучання. Настаўнік паказвае моцныя бакі вучня і дае парады, як іх развіваць; выразна і канструктыўна паведамляе аб слабых баках і аб тым, як з імі змагацца, а таксама дае вучням магчымасць удасканальваць сваю працу.
Правіла 9. Актыўная ацэнка павінна развіваць вучнёўскую здольнасць да самаацэнкі, тым самым дапамагаючы яму самастойна кіраваць уласным навучаннем.
Самастойны студэнт умее кіраваць сваім навучальным працэсам: набываць новыя навыкі і веды, задумвацца аб тым, як ён што робіць і чаго дасягае і запланаваць далейшыя крокі па паляпшэнні сваіх вынікаў. Дарога да самастойнасці праходзіць праз развіццё здольнасці самаацэнкі. Настаўнік заахвочвае да яе і прадстаўляе навучэнцам адпаведныя навыкі.
Правіла 10. Актыўная ацэнка стасуецца да ўсіх катэгорыяў вучнёўскіх дасягненняў.
Актыўную ацэнку можна выкарыстоўваць ва ўсіх абласцях, ахопленых навучаннем. Яго мэтай павінна быць імкненне да прадстаўлення кожнаму вучню магчымасці максімальна выкарыстоўваць яго патэнцыял і дасягаць высокіх паказчыкаў. Настаўнік адзначае і прызнае дасягненні навучэнцаў.
Гэтыя правілы былі распрацаваныя на аснове матэрыялаў ангельскай Групы да рэфармавання ацэнкі (The Assessment Reform Group 2001).