Іна Шымко. Урок з элементамі АА па гісторыі па тэме: “Вялікія геаграфічныя адкрыцці”, 8 клас

Аўтар – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Глыбоцкай гімназіі, намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце.

Актуалізацыя папярэдніх ведаў: успомніць, якія былі ўяўленні еўрапейцаў пра навакольны свет у старажытныя і сярэднія вякі, паняцці  “ калонія”, “ імперыя”.

Мэты ўрока для настаўніка:

  1. Падвесці вучняў да разумення, чаму менавіта ў 15 стагоддзі пачынаецца актыўная экспансія еўрапейцаў  у далёкія краіны, якія вынікі і значэнне Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

2. Стварыць умовы для ўдасканалення навыкаў аналізу гістарычных падзей; стымуляваць вучняў да выказвання свайго пункту гледжання на гістарычныя факты.

Мэты ўрока моваю вучняў:

 1. Перадумовы, прычыны і вынікі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

2. Важныя адкрыцці, зробленыя ў гэты час.

3. Змогуць даць ацэнку дзеянням еўрапейцаў на заваяваных тэрыторыях з пункту гледжання гуманістычнай маралі, вызначыць адмоўныя і станоўчыя бакі еўрапейскай каланізацыі.

 НаШтоБуЗУ:

 1. Навуковыя і тэхнічныя  дасягненні, якія дазволілі еўрапейцам пачаць геаграфічныя адкрыцці.

2. Прычыны і вынікі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

3. Асноўныя падзеі: называць і паказваць на карце тры асноўныя ВГА.

 Абсталяванне ўрока: Кошалеў У.С. Сусветная гісторыя Новага часу, ХVІ- ХVІІІ ст.ст.: Вучэб. дапаможнік для 8 класа. – Мн.: Выд.цэнтр БДУ, 2010., насценная карта,  атлас,  дадатковы матэрыял.

 Методыка правядзення занятка

  Ключавое пытанне: Чаму менавіта ў к. ХV – пач. ХVІ стагоддзя пачаліся Вялікія геаграфічныя адкрыцці? Чаму яны  “ Вялікія”?

 Пасля таго, як настаўнік называе тэму ўрока, можна прапанаваць вучням самім вызначыць, на якія пытанні яны б хацелі атрымаць адказы.

Звычайна вучні задаюць пытанне: чаму пачаліся геаграфічныя адкрыцці? Хто пачаў адкрыцці?

Настаўнік можа прапанаваць падумаць самім над гэтымі пытаннямі, калі патрэбна выкарыстоўвае дадатковыя пытанні.  Вучні выказваюць свае версіі, чаму людзі маглі імкнуцца ў іншыя землі. Звычайна адказы такія- землі, багацці, цікавасць. Больш складана адказаць на пытанне, якія краіны пачалі геаграфічныя адкрыцці. У такім выпадку можна прапанаваць пералік еўрапейскіх краін і паспрабаваць вызначыць, якой краіне гэта было найбольш неабходна ў гэты час. (Англія, Францыя, Іспанія, Партугалія.) Чаму? (Вельмі складанае  становішча пасля Рэканкісты, неабходнасць папоўніць дзяржаўную казну).

 Праца ў парах ( запаўненне схемы “ Прычыны Вялікіх геаграфічных адкрыццяў”)   Вучні дапаўняюць свае версіі матэрыялам з падручніка.

 З мэтай больш рацыянальнага выкарыстання часу на ўроку, клас дзеліцца на групы па 4-5 чалавек.     Кожная група атрымлівае пытанне, над якім працуе. У групе назначаецца “ настаўнік”, які дапамагае і дае кансультацыі. Пасля работы кожная група прэзентуе сваю работу. На работу ў групах даецца 7 хвілін.

 Заданні для групаў

 І група. Што з’явілася перадумовамі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў

( аналіз навуковых і тэхнічных дасягненняў; пры прэзентацыі адказу пералік дасягненняў запісваецца на дошцы: караблі-карака і каравела, дакладныя марскія карты, компас і астралябія, мушкеты і гарматы, навуковыя веды аб тым, што Зямля круглая). Настаўніку неабходна акцэнтаваць увагу на тым, каб вучні не проста пералічылі дасягненні, а патлумачылі, чаму менавіта дадзеныя дасягненні  ў навуцы і тэхніцы абумовілі геаграфічныя адкрыцці)

 ІІ група. Скласці каляндар геаграфічных адкрыццяў. Выкажыце свае адносіны да дзеянняў еўрапейцаў на захопленых тэрыторыях.  (Работа з атласам, дадатковым матэрыялам, матэрыялам падручніка).  Перад тым, як прэзентаваць работу гэтай групы, настаўнік паказвае важнейшыя геаграфічныя адкрыцці на карце.

 ІІІ група. Адзначыць станоўчыя моманты геаграфічных адкрыццяў. Абгрунтаваць адказ.

 ІV група. Адзначыць адмоўныя вынікі геаграфічных адкрыццяў. Абгрунтаваць адказ.

 У канцы ўрока вучні спрабуюць адказаць на ключавое пытанне, пастаўленае ў пачатку ўрока. Важна, каб удзел у абмеркаванні прыняла большая частка вучняў. ( Прынцып “ неўздымання рук”)

 

Самаправерка ведаў вучняў згодна з НаШтоБуЗУ ( выкананне  заданняў па тэме; калі не хапае часу, дадзеныя заданні можна зрабіць вусна)

 І. Ці згодны вы са сцвярджэннем?

    – краіны, якія першыя пачалі Вялікія геаграфічныя адкрыцці – гэта Іспанія, Партугалія;(так)

   – адной з прычын геаграфічных адкрыццяў было жаданне Іспаніі і Партугаліі ўзяць пад свой кантроль выгадны гандаль з краінамі Усходу; ( так)

   – каталіцкая царква была супраць геаграфічных адкрыццяў; ( не)

ІІ. Дапоўніце пералік навуковых і тэхнічных дасягненняў: 1) каравела, 2) астралябія, 3) гарматы, 4)…, 5)…, 6)…( мушкеты, компас, веды, што Зямля круглая)

ІІІ. Правільна суаднясіце

Імёны Падзеі
Барталамеу Дыяш Здзейсніў першае кругасветнае падарожжа
Васка да Гама Дасягнуў поўдня Афрыкі і адкрыў мыс Добрай Надзеі
Хрыстафор Калумб Адкрыў марскі шлях у Індыю
Фернан Магелан Адкрыў новы кантынент, але не даведаўся аб гэтым

 Рэфлексія (настаўнік прапануе абмеркаваць згодна з НаШтоБузу, што даведаліся вучні на ўроку, што выклікала найбольшую цікавасць, аб чым хацелася б даведацца больш, ці спрыяла работа ў групах лепшаму засваенню матэрыяла)

 

Хатняе заданне. Падрыхтаваць дадатковую інфармацыю пра геаграфічныя адкрыцці (на выбар). Два вучні атрымліваюць заданне саставіць міні-віктарыну па тэме.  Творчае заданне ( на выбар): малюнак, верш, крыжаванка, прэзентацыя  па тэме.

 

Р.S.  З практыкі ведаю, што звычайна тэма выклікае цікавасць. Матэрыялу падручніка недастаткова, настаўніку неабходна паклапаціцца пра дадатковую інфармацыю або папрасіць дзяцей. На вывучэнне тэмы лепш аддаць увесь урок, каб паспець абмеркаваць і замацаваць матэрыял.

 

 

 


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: