16 сакавіка 2013 г. адбылася чаканая агульная сустрэча ўсіх удзельнікаў ДН – студэнтаў, ментараў, арганізатараў. У госці да нас завіталі трэнеры-калегі з Польшчы – гісторык Ёана Соцька з Варшавы і матэматык Ганна Монка з Беластоку. Цяжкім выпрабаваннем для ўсіх стаў моцны снегапад, што абрынуўся 15-16 сакавіка на Беларусь. Шмат хто з калегаў проста не змог выехаць са сваіх гарадоў і мястэчак- аўтатранспарт ў гэтыя дні быў паралізаваны. Больш пашанцавала тым, хто меў магчымасць выбрацца ў дарогу па чыгунцы, гэты від транспарту аказаўся больш устойлівы перад стыхіяй.
Сустрэча пачалася з вітання-знаёмства. Многія з нас наяве ўбачыліся і пазнаёміліся ўпершыню, дасюль мелі зносіны толькі віртуальныя. Потым госці з Польшчы далі беларускім калегам майстар-класы па методыцы АА на практыцы. Спадарыня Ганна правяла ўрок па матэматыцы па тэме “Аперацыі з мноствамі”, а Ёана па гісторыі – “Вялікі геаграфічныя адкрыцці”, беларускія ж настаўнікі на гадзіну ператварыліся ў вучняў. Пасля гэтага ўрокі былі грунтоўна абмеркаваны і прааналізаваныя. Калегі-беларусы вельмі высока ацанілі ўзровень праведзеных майстар-класаў, гаварылі, што менавіта такіх практычных заняткаў нам вельмі не хапае пры асваенні АА на дыстанцыйным курсе.
Галоўнай жа мэтай канферэнцыі было абмеркаванне праблемаў укаранення методыкі Актыўная ацэнка ў школе ў працэсе дыстанцыйнага навучання, пошук шляхоў іх развязання. Метадам мазгавога штурму былі вылучаныя восем найбольш вострых, на думку настаўнікаў, праблемаў.
- Дзе знайсці час для карэкцыі ведаў?
- Ці варта пісаць пісьмовую зваротную сувязь кожнаму вучню?
- Як і дзе знаходзіць ключавыя пытанні да ўрокаў?
- Як знайсці аднадумцаў па АА?
- Як вырашыць праблему накапляльнасці адзнакаў пры працы па АА?
- Як працаваць з бацькамі, каб зрабіць іх саюзнікамі?
- Як абменьвацца вопытам з калегамі пры ўкараненні АА?
- Як пераканаць вучняў у каштоўнасці найперш ведаў, а не адзнак?
Кожная з праблемаў абмяркоўвалася ў групах, калегі прапанавалі і ўласнае разуменне шляхоў іх вырашэння. Матэрыялы канферэнцыі размяшчаем на сайце.
Удзельнікі ДН станоўча ацанілі методыку АА – яны пераканаліся на ўласным вопыце, што гэта сістэма працуе, хаця і патрабуе ад настаўнікаў вялікіх намаганняў, змянення звыклых стэрэатыпаў. Калегі ўпэўненыя, што будучыня нашай школы немагчымая без Актыўнай ацэнкі і яны радыя, што сталі першымі ў Беларусі настаўнікамі, каму выпала шчасце вывучаць і ажыццяўляць гэтую справу.



