У актыўнай ацэнцы задаванне пытанняў заключаецца ў інтэграцыі ўсіх вучняў у пошук рашэння вызначанай настаўнікам праблемы. З гэтай мэтай настаўнік падаўжае час чакання адказу вучня, накіроўвае свае пытанні ўсім вучням, а не толькі тым, хто цягне руку; прапаноўвае шукаць адказы на пытанні ў парах, групах і не карае за няправільныя адказы.
Для заахвочвання да працы ўсіх выкарыстоўваюцца простыя тэхнікі.
Непадыманне рукі
Калі настаўнік задае пытанне, ён дае час на абдумванне адказу (мінімум 5 секунд), ці прапануе абмеркаваць адказ у парах, а потым выклікае не тых вучняў, якія цягнуць руку, а тых, на якіх выпадае лёс. (Настаўнік папярэдне мае ўсё імёны вучняў і выцягвае таго, хто мусіць адказаць, альбо давярае гэтую справу камусьці з вучняў). Такая тэхніка дазваляе ўключыць у працу ўвесь клас, а не толькі «актыў», які цягне рукі.
Святлафор
Для атрымання зваротнай сувязі выкарыстоўваюцца карткі трох колераў. Прыкладам, пры тлумачэнні новага матэрыялу, калі вучань усё зразумеў – ён выстаўляе зялёны колер, не зразумеў – чырвоны, хоча нешта удакладніць – жоўты. Святлафор можа быць карысны пры самастойнай працы – вучні падаюць сігналы, калі выканалі заданне, ці калі патрабуюць увагі настаўніка, а таксама пры падсумаванні – ці дасягнута мэта ўрока.
Карткі з адказамі А,Б,В,Г
Дзеці выбіраюць адзін з прапанаваных адказаў і выстаўляюць картку з варыянтам.
Чыстая картка
На ёй пазначаецца адказ на пытанне настаўніка з дапамогай адмысловага маркера (whiteboard marker), які лёгка сціраецца і картку можна выкарыстоўваць наступным разам.
Паглядзіце, калі ласка ролік. Там паказаны некалькі момантаў, як настаўнікі працуюць з гэтымі тэхнікамі.