С. Германовіч, В. Счасновіч. Свабода як усвядомленая неабходнасць

15 беларускіх настаўнікаў, якія навучаліся на дыстанцыйным курсе “Актыўная ацэнка”, адправіліся з азнаямленчым візітам у Рэспубліку Польшча ў рамках курса. Вядома, нас цікавіла не толькі сістэма работы польскіх школ з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі, але і сістэма адукацыі краіны ў цэлым. Тут аказалася шмат сюрпрызаў, але пра ўсё па парадку.

Навучыць вучыцца

Усяго ў Польшчы 33 388 школ. Агульная колькасць навучэнцаў — амаль 5 млн 100 тысяч чалавек. У школу дзеці ідуць у 6 гадоў, але пры гэтым існуюць не абавязковыя для наведвання нулявыя класы. Сістэма школьнай адукацыі ў Польшчы трохступеньчатая: 1—6 клас — пачатковая школа, 7—9 класы — гімназія (базавая адукацыя), 10—12 класы — ліцэй (сярэдняя школа). Школы рэалізоўваюць праграмы, у якіх вызначаны дзяржаўны адукацыйны мінімум. Дзяржава вызначае толькі 60% гадзін на засваенне праграмнага мінімуму, астатнія 40% часу размяркоўвае настаўнік. Ён таксама выбірае і падручнікі, якія будзе выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе.

Пасля заканчэння гімназіі навучэнцы здаюць агульнапольскі экзамен — тэст на заканчэнне базавай школы. Па яго выніках вызначаецца, ці можа вучань працягнуць навучанне ў ліцэі, дзе адкрыты агульнаадукацыйныя і профільныя класы. Толькі скончыўшы ліцэй або тэхнікум, у якім навучанне працягваецца 4 гады, і атрымаўшы атэстат сталасці, малады чалавек можа прэтэндаваць на атрыманне вышэйшай адукацыі. Калі вынікі экзамену невысокія, навучанне можна працягнуць у прафесійных школах, аналагічных нашым прафесійна-тэхнічным ліцэям, або на курсах прафесійнай кваліфікацыі.

Пасля заканчэння ліцэя навучэнцы здаюць чатыры экзамены: матэматыку, польскую і замежную мову і прадмет па выбары, які вывучаўся на паглыбленым узроўні. Мы са здзіўленнем даведаліся, што самым праблемным прадметам з’яўляецца матэматыка, паколькі тут самыя нізкія вынікі экзаменаў. Па выніках 2014 года экзамен на атэстат сталасці паспяхова здалі 70,7% выпускнікоў, не здалі, але могуць пераздаць 19,6% выпускнікоў, не здалі 9, 7% выпускнікоў.

У школе пяцідзённы вучэбны тыдзень. Субота і нядзеля — выхадныя і для навучэнцаў, і для настаўнікаў.

У дзяржаўных школах у класах 25—30 навучэнцаў, у прыватных — 18. Дзялення на падгрупы для вывучэння замежнай мовы ў школах няма. Заняткі пачынаюцца ў 8—9 гадзін раніцы, заканчваюцца ў 15.00—15.30. А далей да 17.30 дадатковая адукацыя ў гуртках, студыях і секцыях, сярод якіх ёсць платныя і бясплатныя. У навучэнцаў першага класа ў раскладзе можа быць да 9 урокаў. І пры гэтым ніхто не гаворыць пра перагрузку. Вучэбныя заняткі праводзяцца толькі ў першую змену.

Навучальны год пачынаецца 1 верасня і заканчваецца ў апошнюю пятніцу чэрвеня. Акрамя летніх канікул, навучэнцы адпачываюць на Каляды (з 21 снежня да канца месяца) і два тыдні ў перыяд са студзеня па люты (у розных ваяводствах у розны час).

У школах працуюць лагапеды, псіхолагі, адкрыты класы кампенсаторнай тэрапіі. Польскія педагогі адзначаюць, што дзяцей, якія патрабуюць педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі, з кожным годам становіцца ўсё больш. Ёсць і інтэграваныя класы. У іх падчас урока працуюць два настаўнікі адначасова.

Цікава, што падчас наведвання чатырох школ мы нідзе не бачылі, каб настаўнік тлумачыў вучэбны матэрыял. Навучанне і вывучэнне новага матэрыялу ажыццяўлялася праз эксперымент, вырашэнне праблемнай сітуацыі, гульню. Навучыць вучыцца — мэта работы польскага настаўніка.

Прыярытэт — у апісальнай ацэнкі

Падручнікі як такія ў нашым традыцыйным уяўленні ў пачатковай школе адсутнічаюць. Іх замяняюць рабочыя сшыткі на друкаванай аснове. Сюды можна ўклейваць дадатковыя матэрыялы, дапісваць і дамалёўваць, пры гэтым выкарыстоўваць чарніла ўсіх колераў вясёлкі. Наогул, колер ручкі не прынцыповы. Пісаць можна алоўкам або каляровым маркерам. Амаль усе навучэнцы пачатковай школы пішуць у сваіх сшытках простым алоўкам.

Адна з абавязковых умоў навучання — дзеці не павінны знаходзіцца за партамі ўвесь урок. Таму ва ўсіх класах ёсць дываны і дыванкі ўсіх памераў і расфарбовак. Падчас урока дзеці пастаянна перамяшчаюцца па класе: то сядзяць за партамі, то размяшчаюцца на дыване, то выконваюць заданні нават лежачы.

У пачатковай школе дамашнія заданні практычна не задаюць, ды і ў старшых класах яны не з’яўляюцца абавязковымі. Польскія настаўнікі прытрымліваюцца думкі, што асноўны вучэбны матэрыял засвойваецца на ўроках, а дома дзеці павінны мець зносіны з бацькамі і адпачываць.

Выніковая адзнака выстаўляецца ў журнал па выніках кантролю. Колькасць абавязковых адзнак вызначаецца кожнай установай самастойна. У адной са школ, якія мы наведалі, выстаўляецца ўсяго 4 абавязковыя адзнакі ў навучальным годзе, усе астатнія — апісальныя. У іншай школе на пытанне пра частату ацэньвання дырэктар адказала, што настаўнік сам вырашае, калі і колькі ставіць адзнак. Прыярытэт — у апісальнай ацэнкі, якая змяшчае ўсебаковую індывідуальную характарыстыку школьніка, заснаваную на працяглым назіранні за яго паводзінамі ў розных сітуацыях; інфармуе бацькоў пра поспехі вучня ў вучобе, праблемы і цяжкасці, з якімі ён сутыкаецца, а таксама ўзбройвае іх рэкамендацыямі аб напрамках далейшай работы з дзіцем. Прадметам ацэнкі, нараўне з ведамі, становяцца ўменні навучэнцаў, прычым прыярытэтнае значэнне набываюць уменні лагічна думаць, параўноўваць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі, абагульняць, даказваць, тлумачыць, рабіць высновы і правяраць. Настаўнік у працэсе ацэньвання, нараўне з выяўленнем недахопаў у ведах, звяртае ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці ў дасягненні лепшых паказчыкаў, улічвае ступень пазнавальнай актыўнасці, поспехі і цяжкасці, індывідуальныя здольнасці і нават асобасныя якасці. Увогуле, польскія педагогі лічаць, што дзіця павінна вучыцца не за адзнаку, а для матывацыі.

Паказальна: у школах або электронны, або звычайны журнал. Дзіўна: ніхто не задумваецца аб правілах афармлення і вядзення класнага журнала. Нават пра колер ручкі ніхто не турбуецца. Запісы ў журнале зроблены рознымі чарніламі (ад чырвонага да чорнага і зялёнага), абсалютна нікога не цікавіць, ці паставіў настаўнік кропку ў канцы тэмы або ўсё ж такі не. І ўжо зусім усё роўна, як пісаць “С.” або “Стар.”. Пытанне запаўнення журнала мы вывучалі асабліва старанна (!).

Кантроль вам у дапамогу

Кантралююць дзейнасць школы куратары адукацыі, асноўны абавязак якіх — выяўляць праблемы і аказваць дапамогу (!) у іх вырашэнні. Нагляднае права мае і адміністрацыя школы. Але, як растлумачыла дырэктар адной са школ, якія мы наведалі, адміністрацыя не столькі кантралюе, колькі рэагуе на сігналы. Дзіўна: кантроль патрэбны не для кантролю, а для дапамогі і паляпшэння вынікаў.

Класныя пакоі (кабінеты) не падобны адзін да аднаго. Парты расстаўлены ўсюды па-рознаму: і радамі, і па перыметры класа літарай “П”, і ў свабодным парадку. Ва ўсіх кабінетах ёсць шафкі для навучэнцаў, дзе школьнік можа пакінуць свае рэчы і падручнікі. Гэта праграма “Лёгкі партфель” у дзеянні! А яшчэ ніводнага падручніка або сшытка ў цвёрдай вокладцы. Гэта таксама зніжае вагу школьнага партфеля!

Дрэс-код адсутнічае як для настаўнікаў, так і для навучэнцаў. Дзеці і дарослыя апрануты ў джынсы, футболку і красоўкі.

Правы педагогаў абараняе “Хартыя настаўніка”.

У Польшчы каля 660 тысяч настаўнікаў (прыкладна 1 настаўнік на 8 навучэнцаў). Не маючы педагагічнай адукацыі, нельга працаваць у школе. Трэба адзначыць, што існуе спецыяльная сістэма кар’ернага росту настаўніка. Першыя 9 месяцаў работы ён мае катэгорыю “стажор”. Калі яго работа задавальняе адміністрацыю, настаўнік пераводзіцца на кантрактную форму на перыяд да 33 месяцаў. Далей неабходна здаваць экзамен, пасля якога прысвойваецца катэгорыя “назначаны настаўнік”. Калі экзамен не здадзены, спробу можна паўтарыць праз год. Далей яшчэ 33 месяцы работы і яшчэ адзін экзамен. Каб стаць дыпламаваным настаўнікам (аналагічна нашай вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі), трэба адпрацаваць не менш за 10 гадоў і здаць некалькі экзаменаў. На сёння каля 55% педагогаў у Польшчы з’яўляюцца дыпламаванымі настаўнікамі.

Працоўны тыдзень настаўніка доўжыцца з панядзелка па пятніцу і складае 42 гадзіны: 40 (якія аплачваюцца) і 2 (якія не аплачваюцца). 2 гадзіны, якія не аплачваюцца, адводзяцца на індывідуальную работу з навучэнцамі. Пры гэтым з крэйдай ля дошкі педагог працуе толькі 18 гадзін у дзяржаўных школах, 20—22 — у прыватных.

Класнае кіраўніцтва ёсць практычна ва ўсіх настаўнікаў. Калі камусьці не хапае класа, то настаўніка замацоўваюць за пэўным класам у якасці грамадскага класнага кіраўніка.

Норм праверкі сшыткаў няма. Настаўнік сам вырашае, калі і якія работы яму правяраць. Вядома, педагогі рыхтуюцца да ўрокаў, але абавязковых планаў няма. Іх пішуць, калі гэтага патрабуюць правяраючыя або пры правядзенні атэстацыі. Трэба сказаць, што Цэнтр развіцця адукацыі Польшчы падрыхтаваў і працягвае распрацоўваць метадычныя матэрыялы для настаўнікаў. Так, у адпаведнасці з праграмай “Электронны падручнік” падрыхтавана 18 зборнікаў метадычных матэрыялаў для настаўнікаў (сцэнарыі ўрокаў, практыкаванні, тэсты, відэа- і аўдыяматэрыялы). Таксама для настаўнікаў і навучэнцаў распрацавана 350 тысяч метадычных матэрыялаў, 11 тысяч мультымедыйных прадуктаў, якія знаходзяцца ў свабодным доступе на інтэрнэт-партале цэнтра.

У цяперашні час мяняецца сістэма павышэння кваліфікацыі. Яна становіцца адраснай і мэтавай. Школы праводзяць аналіз сваёй дзейнасці, вызначаюць праблемы і шляхі іх вырашэння. У адпаведнасці з атрыманымі вынікамі і праводзіцца павышэнне кваліфікацыі ўсяго педагагічнага калектыву. Новае ў методыцы для выкарыстання ў адукацыйным працэсе звычайна рэкамендуе педсавет, а рашэнне прымае дырэктар з улікам меркаванняў бацькоў і навучэнцаў.

Улетку настаўнікі працуюць два тыдні пасля заканчэння навучальнага года і два тыдні перад яго пачаткам. У перыяд канікул навучэнцаў яны таксама адпачываюць. Такім чынам, адпачынак настаўніка складае 5 тыдняў летам і 2 тыдні зімой, гэта значыць, яго працягласць — 42 рабочыя дні (56 каляндарных).

Ствараецца ўражанне, што ў польскай школе пануе амаль анархічная свабода. Але гэта няправільна, таму што свабода выбару і для школьнікаў, і для настаўнікаў — усвядомленая неабходнасць. Мы ўжо адзначалі, што навучанне ў гімназіі заканчваецца знешнім экзаменам, які лічыцца здадзеным, калі выканана 30% заданняў. Таму і настаўнікі, і вучні разумеюць неабходнасць добрасумленнай работы.

Ці ёсць праблемныя дзеці? Ёсць. З імі і іх бацькамі працуюць школьны псіхолаг, агульны педагог (абавязкі амаль як у педагога сацыяльнага), адміністрацыя. Калі такая работа не дае вынікаў, звяртаюцца ў суд з просьбай дазволіць наведванне сям’і. Без такога рашэння прыйсці ў сям’ю незаконна (!).

Мы назіралі на адным з урокаў двух хлопчыкаў, якія ніяк не хацелі працаваць. Настаўнік растлумачыў, што спачатку будзе заўвага, потым вучню прыйдзецца змяніць месца работы (перасесці ў іншае месца — не абавязкова за парту). Калі нічога не зменіцца, настаўнік дасць заданне лягчэй. Калі і гэта не дапаможа, то вучань адправіцца да дырэктара. Далей — глядзі папярэдні абзац.

Але дзяцей, якія нічога не робяць, мы не бачылі. Нават першакласнікі засяроджаныя і ўважлівыя.

Паказальна: ніхто не павышае голас. Ціха і мерна гучыць настаўніцкая гаворка. “Увага!” — гаворыць педагог тры разы, падымае руку ўгору і чакае. І (о, дзіва!) дзеці супакойваюцца, уважліва слухаюць і старанна выконваюць заданні.

Радасць навучання

Адправімся ў польскія школы.

Дзень 1. Першай нас сустракае прыватная пачатковая школа № 97 у Варшаве. Пры ўваходзе ва ўстанову надпіс “Радасць навучання” (назва школы).

У школьных калідорах кантэйнеры з надпісамі “Толькі для пластыкавых накрывак”, “Батарэйкі”, “Папера”, “Пластык”. Раздзельны збор смецця — з першых крокаў у самастойнае школьнае жыццё! Адзначым, што такія кантэйнеры мы бачылі і ў іншых школах.

Усе сцены абвешаны творчымі і не зусім творчымі работамі, праектамі і малюнкамі дзяцей. Вісіць усё гэта не толькі на стэндах, але і проста на сценах, прымацавана і скотчам, і кнопкамі, і проста прышчэпкамі. Прыгожа і радасна: кожны можа паглядзець на вынікі дзіцячай працы, на створанае аднакласнікамі, сябрамі. Так дзеці вучацца разумець, што іх праца каштоўная.

З дзейнасцю школы знаёміць пані дырэктар Аліна Вазняк і яе намеснік. Навучанне ў гэтай пачатковай школе вядзецца на аснове праграмы IB (міжнародны бакалаўрыят), сертыфікат якой прыняты Міністэрствам адукацыі. У аснове методыкі — стратэгія актыўнай ацэнкі.

Станоўчыя бакі праграмы — прафесійны рост настаўніка, супрацоўніцтва педагогаў, методыка даследчай дзейнасці.

У школы свая філасофія: крытычнае мысленне, даследчы падыход і ўзаемадзеянне.

У 1—4 класах прапаноўваецца дадатковая музычная, тэхналагічная і тэатральная адукацыя, з нулявога класа — англійская мова (5 гадзін на тыдзень), а з 5 класа — другая замежная мова.

Урокі пачынаюцца ў 8.30, заканчэнне ўрокаў у 15.15, афіцыйна ўрок доўжыцца 45 хвілін, але званкоў у школе няма. Настаўнік мае права вызначаць час урока: у залежнасці ад тэмпу работы на ўроку ён можа быць больш або менш чым 45 хвілін. У пачатковай школе няма размеркавання гадзін на вывучэнне таго ці іншага раздзела. Настаўнік сам рэгулюе і кантралюе працэс асваення праграмнага мінімуму.

Тэхнічнае аснашчэнне школы дазваляе праводзіць урокі з выкарыстаннем Skype, звязваючыся з рознымі людзьмі, абмяркоўваць розныя тэмы.

На кожным годзе навучання школа рэалізоўвае 6 даследчых праектаў. На кожны з іх даецца 6 тыдняў. Прычым праекты пачынаюць выконваць навучэнцы з 1 класа. Іх першы праект — “Школа”. Для 1—4 класа вызначаны абавязковыя міжпрадметныя праекты “Хто мы такія”, “Дом, у якім мы жывём”, “Як мы выказваем эмоцыі”, “Як функцыянуе планета”, “Як мы арганізаваны”, “Наша агульная планета” (экалогія).

У кожным з класаў праект рэалізоўваецца на пэўным узроўні, гэта значыць, разглядаецца адно пытанне. Для каардынацыі дзейнасці настаўнікаў па рэалізацыі праектаў распрацавана праграма, у якой распісана, якія пытанні і ў якім класе разглядаюцца. Акрамя гэтага, настаўнікі на канікулах і ў вучэбны час 1 раз на тыдзень праводзяць сумесныя сустрэчы, абмяркоўваюць і плануюць далейшую праектную дзейнасць.

Школа стварае аўтарскую праграму навучання ў 1—4 класах. У інтэрнэце ўжо сабраны матэрыялы для праектнай дзейнасці, якімі могуць карыстацца і іншыя настаўнікі.

У 5 і 6 класах толькі адзін міждысцыплінарны праект, астатнія ўнутрыпрадметныя і заснаваны на даследчым падыходзе. Вучні самастойна плануюць сваю дзейнасць і праводзяць даследаванні. Кожны праект заканчваецца выніковым заданнем і прэзентацыяй.

Праекты — гэта, вядома, добра. А як жа выкананне праграмы? (Гэтае пытанне вельмі моцна хвалявала нашы розумы!) Праграмны мінімум абавязковы і для гэтай канкрэтнай школы. Але нікога не хвалюе, як гэты праграмны мінімум школа выканае. Галоўнае — вынік. Падчас работы над праектамі дзеці атрымліваюць і праграмныя веды і ўменні, у іх фарміруюцца пэўныя кампетэнцыі.

У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы можна выкарыстоўваць гатовыя шаблоны (сцэнарыі) урокаў, але зараз школа выкарыстоўвае ўласныя напрацоўкі.

Да 4 класа выкарыстоўваюцца апісальныя ацэнкі. Педагогі школы ўпэўнены, што “адзнака — гэта ХІХ стагоддзе, а сёння — важнасць мае адказнасць за навучанне. І тут прыярытэт менавіта ў актыўнай ацэнкі!”.

Настаўнік — аснова школы. Яму безагаворачна аказваецца дапамога! Ёсць школьны педагог, асноўная функцыя якога — аказанне дапамогі іншым настаўнікам. Замест настаўніка ў яго класе праводзяць урокі яго калегі, а ён мае магчымасць паглядзець на ўвесь працэс збоку, атрымаць параду. Гэта так званыя таварыскія ўрокі.

У школе цесная ўзаемасувязь з бацькамі. Адзін раз у месяц праводзяцца класныя сустрэчы з бацькамі, шэсць разоў на год — дні адкрытых дзвярэй. Адзін раз у месяц з 16.00 да 20.00 настаўнік чакае бацькоў для індывідуальнай кансультацыі, калі ў іх ёсць такая неабходнасць.

У канцы навучальнага года праходзіць трохбаковая сустрэча “Настаўнік + бацькі + дзіця”. Дзіця расказвае, чаму навучылася за год. Настаўнік дае рэкамендацыі: на што звярнуць увагу, што падцягнуць, выправіць. Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу падпісваюць так званы кантракт, дзе пералічаны пажаданні бацькоў, абавязацельствы дзіцяці і настаўніка. Кожны дзень вучань атрымлівае для бацькоў “ліст кантрольнай ацэнкі”, у якім з дапамогай колеру ацэнены дамашняя падрыхтоўка, работа на ўроку, паводзіны. Такая ацэнка выстаўляецца настаўнікам разам з вучнямі.

А яшчэ ў кожным класе захоўваюцца партфоліа на кожнага вучня. І не фармальна. Тут сабраны ўсе (!) работы, выкананыя дзіцем на працягу года, што дазваляе адсочваць яго рух да поспеху.

Адкрываем таленты

Дзень 2. Пачатковая дзяржаўная школа № 1 у Пяставе — “Адкрываем таленты”. Невялікая з выгляду школа аказалася вялікім збудаваннем з вельмі вялікім стадыёнам, прасторнымі класамі і ўнутраным дворыкам, дзе ўсё абсталяванне прызначана для заняткаў з дзецьмі з абмежаванымі рухальнымі магчымасцямі.

Цікава: у школе толькі адна лесвіца — на балкон у спартыўнай зале. Там размешчаны кабінеты псіхолага, карэкцыі, тэрапіі. Створаны ўмовы для навучання розных дзяцей, у тым ліку і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дарэчы, адна з навучэнак перамяшчаецца ў інваліднай калясцы. Пры гэтым, як расказала нам дырэктар школы, гэтая дзяўчынка з’яўляецца лідарам і арганізатарам многіх спраў у класе.

Паказальна: з прычыны таго, што класы інтэграваныя, на ўроках працуюць два настаўнікі. Адзін вядзе ўрок, а другі аказвае дапамогу ўсім навучэнцам, хто просіць аб гэтым.

Педагогі школы ўдзельнічалі ў праекце па выкарыстанні актыўнай ацэнкі, і вось ужо больш за 3 гады ўсе настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць на ўроку “НаШтоБуЗу”, мэтапаляганне і зваротную сувязь. Іншыя элементы актыўнай ацэнкі выкарыстоўваюцца па жаданні настаўніка. У школе праводзілася ўнутранае даследаванне аб эфектыўнасці выкарыстання актыўнай ацэнкі. Асноўны плюс, на думку настаўнікаў, — паляпшэнне ўзаемаадносін з бацькамі, лепшае разуменне імі адукацыйнага працэсу.

Тут у школе нас чакаў сюрпрыз — казка пра сустрэчу вясны. Глядзельнай залай стала фае школы, а крэсламі для дзяцей — невялікія лавачкі і проста падлога.

Увогуле, дзяцей, якія сядзяць на падлозе, мы бачылі ва ўсіх школах. На перапынках на падлозе вучні рыхтаваліся да ўрокаў, мелі зносіны, гулялі, абедалі. На ўроку падлога часта замяняла парту. І часам побач з дзіцем на падлозе быў настаўнік.

Памятайце: апусціцца на ўзровень дзіцяці, вочы ў вочы… Мы ўбачылі, як гэта бывае! Таленты не ўпушчаны. З імі працуюць. Іх развіваюць. Шыкоўна!

Акадэмія актыўнай адукацыі

Дзень 3. Візіт у “Акадэмію актыўнай адукацыі” — прыватную школу з дзяржаўным сертыфікатам у гарадку Канстанцін-Язёрна, прыгарадзе Варшавы. Тут суседнічаюць дзіцячы сад, пачатковая школа і гімназія.

Асаблівасць школы: актыўная ацэнка і праектная дзейнасць узаемадзейнічаюць з навучаннем па сістэме Марыі Мантэсоры. Сістэма Мантэсоры заснавана на ідэі свабоднага выхавання: дзеці самастойна выбіраюць сабе занятак на ўрок, але выконваюць яго так, як гэта задумаў настаўнік, як прадугледжвае дыдактычны матэрыял.

Нечаканасць: у класе рознаўзроставыя дзеці! Справа ў тым, што навучэнцы 0—1 і 4—5 класаў вучацца разам. Працуе прынцып узаеманавучання: старэйшыя вучаць малодшых. У такіх класах працуюць два настаўнікі.

На думку вучоных, асноўнае развіццё дзіцяці адбываецца да васьмі гадоў. Нуда — гэта тое, што забівае цікаўнасць. Менавіта таму вялікая ўвага ў гэтай школе ўдзяляецца задавальненню цікаўнасці вучняў. Для гэтага па сістэме Марыі Мантэсоры для дзяцей арганізавана адукацыйная прастора. Цэнтр класа свабодны, парты (пластыкавыя, лёгкія, пераварочваюцца і ператвараюцца ў качалкі) лёгка перасоўваюцца, на падлозе — дывановае пакрыццё. Крэслаў няма, замест іх шары, якія спружыняць, зробленыя з тканіны. Вялікая карысць ад такога сядзення — напружваюцца мышцы спіны, а гэта ў першую чаргу прафілактыка скаліёзу. Брава!

Яшчэ адзін аб’ект для захаплення: сцены кабінета намагнічаны. Што за фокус? Аказалася, фарба на сценах са спецыяльнымі дабаўкамі, якія магніцяць. Зручна!

Па перыметры кабінета размешчаны розныя дыдактычныя матэрыялы для дзяцей. Дыдактычны матэрыял — гэта знаёмае са штодзённага жыцця, прадметы штодзённага ўжытку, штучна створаных аб’ектаў няма. Вучні самі выбіраюць той матэрыял, з якім хочуць сёння працаваць. Педагогі назіраюць, своечасова прапаноўваюць заданні.

У пачатковай школе 3 рабочыя сшыткі на друкаванай аснове на год, няма падручнікаў. Увесь дыдактычны матэрыял настаўнікі рыхтуюць да ўрока. Гэта 5—7 заданняў рознага ўзроўню складанасці, з якіх вучань выбірае сабе заданне сам. Такая самастойнасць павышае адказнасць навучэнцаў: сам выбраў, значыць, настаўнік можа патрабаваць выканання задання.

Дзіўна: навучэнцы працуюць седзячы на дыване, на падаконніку, які мае мяккую абіўку, пад сталом настаўніка, у спецыяльным закрытым доміку, у вуглу на мяккіх кубіках і нават лежачы. Пры гэтым настаўнік пераходзіць ад аднаго да другога, ад адной групы да другой, прысаджваецца да дзяцей на падлогу або лажыцца побач. У канцы ўрока выслухоўвае па парадку справаздачу кожнага аб зробленай рабоце. Вынікі заносяцца ў электронны журнал. Менавіта такі ўрок матэматыкі мы бачылі.

У 1—4 класах выніковых адзнак няма. Ставяцца толькі 4 ацэнкі за навучальны год + працэнтнае выражэнне ўзроўню ведаў і абавязковая апісальная ацэнка.

Наведванне ўрокаў. Здзіўленне разам з захапленнем і разуменнем. Сапраўды, акадэмія актыўнай адукацыі. Брава!

Урок гісторыі. 4 клас. Тэма: “Грэка-персідскія войны. Бітва пры Саламіне”. Перавернутыя парты імітуюць вузкі праліў, дзе засяродзіўся грэчаскі флот, а ўпакоўкі ад тварагу — караблі праціўнікаў. Амаль 20 хвілін урока вучні спрабавалі зразумець, як і чаму грэкам удалося атрымаць перамогу. Потым запісвалі свае высновы і адказвалі на пытанні. Думаецца, што гэтую “бітву” дзеці наўрад ці забудуць, як і саму гістарычную падзею. Але значна важней, што гэта было не механічнае завучванне падзей і дат, а разуменне, якое нарадзілася ў працэсе гульні.

Сістэма працуе. Дзеці задаволены. Настаўнікі атрымліваюць задавальненне ад сваёй работы. Праграма выконваецца.

Багацце творчасці

Дзень 4. Дзяржаўная школа № 1 у гарадку Канстанцін-Язёрна.

Класы — пачатковая школа і гімназічныя. Школа на выгляд невялікая, але падчас перапынку разумеем: колькасць навучэнцаў вялікая! Сапраўды, вучыцца каля 500 дзяцей. Установа ўражвае багаццем дзіцячых работ і праектаў, хаця гэта можна сказаць пра кожную са школ, якія мы наведалі. Аднак тут яшчэ і са столі звісаюць то матылькі, то ластаўкі, то птушкі-невялічкі. Так дзеці сустракаюць вясну…

Надзвычайная бібліятэка. Менавіта тут праходзіла наша сустрэча з адміністрацыяй школы. Адкрытыя і цікавыя настаўнікі. Сістэма работы ўрочная з прымяненнем тэхналогіі актыўнай ацэнкі.

Урок у 1 класе. Інтэграваны. Чаму? Аказалася (на 4 дзень толькі даведаліся!), што ў 1—3 класах усе ўрокі, акрамя англійскай мовы, з’яўляюцца інтэграванымі. На гэтых занятках дзеці працавалі над разуменнем тэксту, правільным пісьмом. Тэма “Дыназаўры”. У пачатку ўрока — “НаШтоБуЗу”. Ключавое пытанне: “Што агульнага ў смаўжа і дыназаўра?”. Пошук адказу, параўнанне вядомых фактаў, работа са словам “палеантолаг”, чытанне невялікага тэксту, работа па высвятленні разумення прачытанага (прыём непаднімання рукі), работа з наклейкамі (размеркаваць дыназаўраў па асяроддзі пражывання), праверка настаўніка з каментарыем, на што звярнуць увагу. Падвядзенне вынікаў урока, ступень дасягнення мэты, рэфлексія (лесвіца дасягненняў). Тэмп, цікавасць і поўнае паглыбленне дзяцей…

Шмат пытанняў ад нашай групы. Пані дырэктар добрасумленна спрабуе расказаць пра ўсё, што нас цікавіць. Сустрэча з настаўнікамі. Абмеркаванне. Здорава! Дзякуй за работу!

Пытанне да сябе

Чаму наша школа ўсё менш становіцца школай для дзяцей? Чаму на першы план выходзяць колькасць клетачак і лінеек, пастаўленыя і непастаўленыя кропкі, стандартныя сумныя стэнды, нейкія незразумелыя патрабаванні да аднолькавасці шрыфтоў і тэкстаў да стэндаў? На першы план чамусьці выйшла знешняе, што не аказвае ніякага ўплыву на засваенне ведаў і фарміраванне навыкаў, на развіццё і выхаванне асобы. Можа, проста звяртаем увагу не на тое? І не пра тое турбуемся?

Святлана ГЕРМАНОВІЧ,
Вольга СЧАСНОВІЧ,
выпускнікі дыстанцыйнага курса “Актыўная ацэнка”,
члены клуба “Крыштальны журавель”.
Фота аўтараў.

nastgaz.by


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: