Юла Вооглад: “У Эстоніі адзнакі ставяць толькі ў старэйшых класах, але яны наогул не патрэбныя”

Эстонія

osvitoria.media, пераклад Ала Лазіцкая

82-гадовы Юла Вооглайд – вядомы эстонскі сацыёлаг, сацыяльны псіхолаг, філосаф, адукацыйны эксперт, пачэсны прафесар Тартускага ўніверсітэту. А яшчэ – бацька дзесяці дзяцей. Ён заснаваў у Эстоніі тры эксперыментальныя інавацыйныя школы і працягвае працаваць над рэфармаваннем адукацыі ў краіне.

Для ўдзельнікаў “Асветніцкага дэсанту” з Украіны, спадар Вооглайд прачытаў лекцыю пра неабходнасць змен, у тым ліку – у сістэме ацэньвання.

 

“Адзнакі толькі ўводзяць у падман”.

 

У Эстоніі адзнакі ставяць толькі ў старэйшых класах. Але я лічу, што яны наогул непатрэбны – ні ў школе, ні ў ВНУ. Гэта крыніца фармалізму, канкурэнцыі і пыхлівасці. Мой вопыт сведчыць, што выдатнікамі часта імкнуцца стаць толькі  для таго, каб звысоку глядзець на іншых.

Адзнакі перашкаджаюць і вучням, і бацькам, і настаўнікам. Іх атрымліваюць за наяўнасць ведаў. Але самі па сабе веды не каштоўнасьць. Павінна быць сувязь паміж якасьцю ведаў, іх разуменнем і ўменнем выкарыстоўваць іх на практыцы.

Дзіця не заслугоўвае дрэннай адзнакі толькі з-за дрэннай памяці, якую яно атрымала ў спадчыну ад бацькоў. Навошта караць за гэта “двойкамі”?

Калі вучань дрэнна запамінае, трэба знайсці да яго іншы падыход. Настаўнікі яшчэ неяк могуць ацаніць вынік пэўнага разумовага дзеяння, але чалавека – ніколі.

 

“Фундамент развіцця дзіцяці – не ў школе, а ў сям’і”.

 

Каб змяніць сістэму адукацыі, трэба, каб грамадства зразумела, што фундамент развіцця дзіцяці і яго паспяховасьці закладаецца не ў школе, а ў сям’і. Таму няхай дарослыя ставяць адзнакі сабе, а не дзецям.

Нават сам працэс нараджэння пакідае велічэзны адбітак на далейшым жыцці. Гэта “унутрычэраўная адукацыя”. І маці падчас цяжарнасьці павінна быць эмацыянальна стабільнаю. Яе стан перадаецца дзіцяці. Немаўляці патрэбна адчуванне, што яго чакаюць і любяць. Гэта надзвычай важна для развіцця.

Да трох гадоў у дзіцяці доўжыцца так званы перыяд гнязда. Яно вучыцца размаўляць і ўсвядомліваць паняцці “я”, “мы”, “яны”. Калі на гэтым этапе бацькі нечага не дадалі, то настаўнік ужо нічога не зможа выправіць.

У 6-7-гадовым узросце дзіця ідзе ў школу, усе асновы ўжо закладзены. Магчыма толькі работа над памылкамі. Але хто раптам вырашыў, што за гэта дзіцяці трэба ставіць адзнакі?

Школа – гэта толькі аазіс развіцця дзіцяці. А адукацыя – рэсурс. Яе каштоўнасьць менавіта ў тым, каб падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця. А не ацаніць іх.

 

“Большасьць настаўнікаў ацэньваць не ўмеюць”.

 

Дзіця атрымала “тройку”. Я спытаў у настаўніка: “За што?” Адказ: “Што-нішто ведаў, але ў матэрыяле “плаваў”, вывучыў меньш паловы”. Маё наступнае пытанне: “То бок адзнака вызначае, які адсотак матэрыялу ведае вучань? 100-90% – “5”, 80-60% – “4”, каля 50% – “3”, а ўсё, што меней – “2”. Я маю рацыю?”

Ці не лепш было б вызначыць якасць ведаў, а не іх аб’ём? І што, уласна, можа ахарактарызаваць якасць?

Тое самае, ці зробіць шчаслівым выпускніка школы медаль за выдатныя поспехі? Гэта тое самае, што сказаць: найшчаслівейшы на смяротным ложы той, у каго больш рэчаў.

Мне надзвычай імпануе падыход англійскіх школ у гэтым пытанні. Калі вучань праяўляе бліскучыя здольнасьці, настаўніцкая рада выдае яму атэстат, які дае права паступіць у любы ўніверсітэт без іспытаў.

 

“Адзнакі вучаць хлусіць”

 

Прагу да ведаў дужа лёгка забіць. Напрыклад, калі дзіця жадае выказацца, а настаўнік не дае яму гэтага зрабіць. Маўляў, маўчы, няма часу на размовы. Або калі выкладчык не адказвае сур’ёзна на пытанні, што хвалююць дзяцей. Пасля некалькі грубых адказаў шкаляр ужо нічога не спытаецца. Яго погляд зробіцца пустым і абыякавым.

Таксама адзнакі забіваюць здаровую прагу да ведаў. Вучні змушаныя хітраваць. Каб атрымаць лепшую адзнаку.

Прыкладам, спісванне – гэта заўжды жаданне атрымаць вышэйшы бал. І гэта падман.

Затое варта засяродзіцца на тым, каб развіваць у дзяцей крэатыўнае мысленне. Аднак немагчыма ацаніць творчасць. А толькі яна здольная рухаць наперад: і дзяцей, і настаўнікаў, і сістэму адукацыі ў цэлым.

 

“Больш важна не запомніць, а ўпарадкаваць”

 

Я глыбока спачуваю бацькам, якія вымяраюць паспяховасьць дзіцяці адзнакамі. Адзнака можа пазначыць толькі меру паспяховасці “зубрэння”. Але нашмат важней для вучня не здольнасць запомніць матэрыял, а ўменне яго ўпарадкаваць. Вобразна кажучы, у галаве дзіцяці павінны быць “палічкі”, дзе раскладзены веды.

Няма сэнсу ўвесь час павялічваць аб’ём вывучанага матэрыялу, калі вучань не ўмее яго сістэматызаваць.

Можна ведаць надзвычай багата ўсяго, мець цудоўную памяць і не ўзгадаць важнае ў патрэбны момант. Чаму? Таму што не дастаткова “палічак” у мазгу.

Важна не проста “шпігаваць” дзяцей ведамі, а даць ім разуменне фундаментальных законаў і заканамернасцяў. І, канешне ж, навучыць выкарыстоўваць тэорыю на практыцы, у рэальным жыцці.

 

“Можна прымусіць завучыць, але прымусіць зразумець – немагчыма”.

 

Усе звыклі да стандартнай схемы ўрока: выкладчык заходзіць у клас, адзначае адсутных і пачынае выклікаць вучняў да дошкі. Тыя ад хвалявання аж трымцяць і часта не могуць узгадаць нават тое, што добра засвоілі. Атрымліваюць адзнакі. Далей настаўнік тлумачыць новы матэрыял, задае заданне на дом, і на гэтым урок заканчваецца.

Так адбывается штодня, штотыдня, штогод. Без змен, без аніводнай спробы творчага падыходу. А ўсё праз тое, што сістэма адукацыі грунтуецца на кульце адзнакі. Ацэньванне ператварае ўвесь навучальны працэс у фармальнасць.

 

Каштоўнасць мае толькі трыяда: веды – разуменне – уменне. Асобна – не.

 

Вучань паспяховы толькі тады, калі ўмее самастойна мысліць. Бо калі дзіця не зразумела матэрыял, то і вывучць яго не зможа. І ацэньванне тут не дапаможа.

 


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: