Надзея Жвавая: Мае вучні сталі больш разважаць, назіраць, з’явілася цікавасць да ўсяго, што адбываецца вакол

На працягу больш за 10 гадоў я працавала з вучнямі з цяжкасцямі ў навучанні. Праца настаўніка, настаўніка-дэфектолага мае свае адметнасці, якія абумоўлены асаблівасцямі развіцця вучняў. Недастатковая вучэбная матывацыя, нізкая пазнавальная актыўнасць, няўменне планаваць ход дзейнасці, цяжкасці ў ажыццяўленні кантроля і самоконтроля, ацэнкі і ўзаемаацэнкі, нізкая працаздольнасць, запаволенасць дзейнасці, хуткая стамляльнасць вучняў значна ўскладняюць працэс навучання, перашкаджаюць настаўніку адчуваць эфектыўнасць сваёй работы, атрымоўваць задавальненне ад яе вынікаў.

У маім класе навучаюцца сем вучняў. Нягледзячы на агульную катэгорыю, яны вельмі розныя, з розным вопытам навучання, тэмпам дзейнасці, рознымі здольнасцямі і рознымі цяжкасцямі. У нейкі момант я адчула бездапаможнасць у сваёй працы: працэс навучання пачаў здавацца мне баркасам, які цягне вучняў за сабой. Але цягнуць ужо было немагчыма, бо вучэбная праграма прапаноўвала для засваення вучням усё больш складаны матэрыял, а часу на яго засваенне так не хапала. Вучні былі пасіўнымі, пазяхаючы на ўроку час ад часу, ажываючы падчас фізхфлінак і перапынкаў. Па большасці, цягнуў увесь працэс навучання адзін вучань, Яўген. Я зразумела, што трэба нешта мяняць у сваёй дзейнасці і пачала шукаць адказ на свой запыт. І вось я на дыстанцыйным курсе АА.

Ці дапамагла мне Актыўная Ацэнка наладзіць навучанне вучняў з цяжкасцямі ў навучанні?

           На працягу дыстанцыйнага курса АА ў нас адбыліся змены, якія заўважыла не толькі я, але і самі вучні, іх бацькі, мае калегі. Гэтымі назіраннямі хачу падзяліцца. Па-першае, што адразу кідаецца ў вочы, змянілася атмасфера ў нашым класе. На апошнім тыдні, едучы на працу, я заўважыла свайго вучня, Вадзіма, які таксама ішоў у школу. Вадзім – занадта стараны і адказны хлопец, выхаваны і стрыманы. І вось ён ідзе ў школу ….подскакам! Мой Вадзім, скаваны і стрыманы, скача, ідучы ў школу! Сапраўды, агульны настрой у класе стаў пазітыўным. Атмасфера ў класе стала прадуктыўнай,  у вучняў з’явіліся свае выразы-памагатары: “Ошибаться полезно”, “Мы – одна команда, помогаем друг другу”, “Когда тяжело – это хорошо, значит учимся”, “Если тебе легко – это  уже задание тебя не учит”. Заўважыла, што вучні пачалі ставіцца адзін да аднаго з павагай, прыслухоўваюцца, падбадзёрваюць адзін аднаго, яны пачалі больш размаўляць паміж сабой. Мацвей Даннілу Р.: “Это сейчас тебе трудно. А через неделю легко будет. Вот увидишь!” Яўген, самы моцны вучань, наогул, лётае вакол другіх, гатовы дапамагчы ў любы момант. Вучні сталі больш упэўненымі ў сваіх сілах. Яна: “Я знаю, что справлюсь со всем. Я раньше читать, писать не умела. Мне было трудно. А теперь легко. И тут справлюсь. Я всему научусь понемногу. Каждый день я становлюсь сильнее». Змянілася матывацыя навучання, стаўленне да вучобы стала больш асэнсаваным, адказным. Яўген: «Я теперь люблю ходить в школу. Каждый день я учусь новому, тому, что раньше не знал, не умел». Марат: «Если трудиться, то обязательно научишься. И других научишь».


Мэтавызначэнне        

Мэтавызначэнне дапамагло зрабіць працэс навучання накіраваным. Калі на першым этапе на пачатку ўрока я прапаноўвала мэты вучням, а вучні іх тлумачылі адзін аднаму, то далей вучні навучыліся фармуляваць мэты, сыходзячы з прапанаванай сітуацыі, прычым робяць гэта ўжо даволі спрытна. Сфармуляваць мэту да ўрока зараз жадаюць усе, лес рук. Дапаўняюць адзін аднаго, выбіраюць найбольш удалую фармуліроўку з прапанаваных аднакласнікамі. Мне застаецца толькі накіроўваць і «усміхацца ў бараду». Урок стаў вельмі канцэнтраваным, шчыльным. Вадзім: «Раньше я не любил русский язык. Урок тянулся и тянулся. А теперь пролетает так быстро. И мне даже уже нравится». Данііл Р.: «Мы сегодня столько успели сделать! Я удивился». Мацвей: «Урок пролетает так быстро! Мне это непонятно». Вучні навучыліся падводзіць вынік урока, вызначаць дасягнутыя мэты ўрока і ацэньваць свой рух у засваенні новых уменняў. Тут нам дапамагае тэхніка малых крокаў, калі кожны вучань бачыць свае невялікія дасягненні і разумее, што яшчэ трэба зрабіць наперадзе.


НаШтоБуЗу          

Вызначэнне НаШтоБуЗу для задання, праверачнай работы вельмі дапамагае ў сітуацыі, калі вучні маюць цяжкасці ў планаванні хода дзейнасці, у ажыццяўленні кантролю і самакантролю, ацэнкі і ўзаемаацэнкі, пры нізкай працаздольнасці, запаволенасці дзейнасці. Гэта дае неверагодны эфект пры працы з вучнямі з цяжкасцямі ў навучанні. За перыяд курса АА мы з вучнямі прайшлі вялікі шлях і сёння маем вынік, якім можам ганарыцца. Мае вучні навучыліся працаваць па НаШтоБуЗУ, нават вызначаюць іх самастойна (па простым заданні), дзейнічаюць па плану (тут вельмі добра працуюць чэк-лісты), навучыліся ажыццяўляць самаацэнку і ўзаемаацэнку, кантраляваць свой час і свае дасягненні, бачыць свой прырост і радавацца поспехам, сваім і аднакласнікаў. Простыя і зразумелыя крытэрыі дапамагаюць вучням  асэнсавана падыходзіць да навучання, браць адказнасць за свой вынік. Данііл Р.: “Я точно знаю, что надо сделать, чтобы мая домашняя работа была сделана отлично! Я стараюсь, чтобы порадовать свою бабушку”. Женя: “Теперь я знаю, как заработать десятку!”. Вадзім: “Хорошо, что есть критерии. Я уже так привык к ним. Мне с ними легко”. Сапраўды, вучні прызвычаіліся да НаШтоБуЗУ вельмі хутка, тут мне было складаней. Я заўважыла, што ў вучняў змянілася стаўленне да адзнакі: зараз яны разумеюць, што адзнака не залежыць ад таго, шанцуе табе ці не, ад адносін настаўніка ці аднакласнікаў, на адзнаку можна паўплываць праз свае намаганні, і вучні дакладна ведаюць, як гэта зрабіць. Вучні сталі чэснымі ў навучанні перад самім сабой (Мацвей: “Себя не обхитришь”. Вадзім “Я рад, что пришёл на поддерживающее занятие. Сегодня я потратил время. Но я разобрался, как делить, когда в неполном делимом появляется остаток. Сегодня в домашнем задании уже будет получаться лучше”).


Зваротная сувязь

Невялікая колькасць вучняў у маім класе дазволіла наладзіць эфектыўную зваротную сувязь. Для гэтага я выкарыстала гульнявы прыём з канвертамі. Гэта знайшло водгук не толькі ў вучняў. Трэба бачыць твар дзіцяці, які чытае такі ліст. На ім усё: хваляванне, надзея, часам усмешка. Заўважыла, што ўсе мае лісты чытаюцца. Часам на іх узнікаюць нават нейкія паметкі. Яўген, які добра спраўляецца з заданнямі, таксама папрасіў пісьмовую зваротную сувязь, што дэманструе яе важнасць для кожнага. З Маратам у нас завязалася нават перапіска. Знайшло гэта водгук і ў бацькоў (Вадзім сказаў, што маці ўсе лісты захоўвае, перачытвае, бабуля Даніка заўсёды пытае, ці будзе сёння канверцік), у выхавацеляў (Юлія Мікалаеўна, выхавацель: “Гэтая ідэя ваша з канвертамі так спадабалася, трэба і нам штосьці прыдумаць”). Вельмі цікава было назіраць за сталеннем адказнасці вучняў за свой вынік. Яўген заўсёды выкарыстоўваў шанец палепшыць свой вынік, змагаўся за кожную магчымасць. Мацвей, Марат, Данііл Р. напачатку адмаўляліся ўдасканальваць работу, а потым, гледзячы на вынікі другіх вучняў, пачалі самі звяртацца за такой магчымасцю (Данніл Р. “Надежда Сергеевна, а я могу ещё отметку исправить?”). Яна, Вадзім выконвалі ўсе парады, але напачатку ініцыятывы не праяўлялі. З цягам часу і гэта змянілася. Нажаль, з Даніілам П. нам так і не ўдалося перамагчы ляноту. Мае парады выконваліся толькі пры дадатковым кантролі. Магчыма, яму патрэбна больш часу для асэнсавання і сталення.

Падчас прахожання курса заўважыла, што вялікае значэнне для вучняў мае зваротная сувязь ад аднакласнікаў. Зараз на ўроках я стараюся менш даваць звартнай сувязі, даючы перавагу меркаванням вучняў. І трэба сказаць, што іх не падманеш: калі ёсць дакладныя НаШтоБуЗУ, яны раскладуць усё па палічках. Каб палегчыць працэс ацэнкі вусных адказаў, мы кожны раз размяркоўвалі крытэрыі паміж вучнямі, і кожны адсочваў свой крытэрый. Пад канец курса мае вучні гэта выконвалі даволі спрытна. Для пісьмовай зваротнай сувязі спачатку я прапаноўвала вучням карыстацца табліцай, дзе яны пакідалі свае назіранні ў выглядзе ўмоўных знакаў. Як высветлілася, правяраць работы аднакласнікаў даволі складана. І вучні адчуваюць сваю адказнасць. Яўген: ”Мне нравится ходить в гости к другим (так мы называем момент взаимооценки), проверять, как справились мои одноклассники. Я стараюсь объяснить, что не так. У меня это хорошо получается (улыбается)». Вадзім: “Сначала я волновался, вдруг обижу кого-то из детей. Не люблю обижать никого. Но теперь мне уже не так страшно. Но всё равно немного волнуюсь”. Мацвей: “Сначала я злился, когда получал назад работу и видел исправления. Но потом решил, что это же карандаш. И я могу сам исправить ошибку. Главное, что я понял, где ошибся. Но обидно, когда исправляют, а там нет ошибки”. Яна (Яна, адзіная дзяўчынка, карыстаецца павагай у хлопцаў, разважае па-сур’ёзнаму): “Надо говорить честно, чтобы ты видел ошибки. Но так, чтобы не обидеть”. Заўважыла, што мае вучні пачалі спрачацца за выпраўленні. Раней жа проста прымалі іх як дадзенасць. Стараюся не мяшацца да крытычнай кропкі, хай разбіраюцца!) Наступным крокам пісьмовай узаемасувязі былі няпоўныя сказы, куды быў закладзены падыход 3:1 (тры дадатных моманты, адзін, які трэбы выправіць). Вучням прапаноўваўся модуль з некалькіх сказаў, які яны дапаўнялі. Гэты этап даволі складаны, але паступова вучні засвойваюць і яго.

      Яшчэ адно пытанне, якое дазволіла вырашыць АА, гэта заніжаная пазнавальная актыўнасць маіх вучняў. Падчас праходжання курса была зменена тэхніка задавання пытанняў. З’явілася больш адкрытых пытанняў. Рандомны выбар  таго, хто будзе адказваць, спрыяў таму, што разважаць над пытаннем пачаў кожны вучань. Заўважыла, што вучні крыўдуюць, калі іх меркаванне не прагучала. Марат: ”Я люблю интересные вопросы.  Мне нравится, что все по-разному отвечают”. Мацвей “Надо, чтобы все говорили. У каждого может быть своя мысль”. Раней у маіх вучняў назіралася шаблоннасць адказаў. Адной з умоў адказу стала не паўтараць тое, што ўжо казалі. А для гэтага трэба ўважліва слухаць адзін аднаго. Вучні сталі больш назіральнымі, пільнымі, пачалі знаходзіць цікавыя моманты, заканамернасці там, дзе я іх і не бачыла. Часам, гэтыя знаходкі не суадносіцца з мэтамі ўрока і забіраюць час, але я стараюся падтрымліваць кожную такую знаходку. Адным з адкрыццяў курса АА стала ключавое пытанне да ўрока, асаблівае пытанне, якое з’яўляецца ключыкам да ўрока. Не магу сказаць, што ўжо адчуваю сабе майстрам ключавых пытанняў, але мы вучымся разам з вучнямі. А значыць, рухаемся наперад!

          Такім чынам, працуючы па АА з вучнямі з цяжкасцямі ў навучанні, я атрымала вынік, які радуе не толькі мяне, як настаўніка, але і саміх вучняў, іх бацькоў. Мае вучні асэнсавалі, што змогуць уплываць на працэс навучання, сталі адказнымі за свой вынік. Зараз для іх ужо мае значэнне не адзнака, а “Чаму я навучыўся”. На ўроку ўжо няма пасіўна-пазяхаючага стану, кожны разумее, чаго павінен дасягнуць за ўрок, мае план і працуе ва ўласным тэмпе. Напрыканцы ўрока вучні ўмеюць ацаніць вынік сваёй дзейнасці, запланаваць пры неабходнасці далейшую работу па тэме, абраўшы варыянт дапамогі. Вучні навучыліся даваць зваротную сувязь адзін аднаму, падтрымліваць і дапамагаць кожнаму, з’явілася адчуванне каманды, дзе кожны адказны не толькі за свой вынік, але і за вынік суседа. Мае вучні сталі больш разважаць, назіраць, з’явілася цікавасць да ўсяго, што адбываецца вакол. Усе гэтыя змены сапраўды радуюць мяне і даюць адчуваць задавальненне не толькі ад вынікаў сваёй работы, але і ад працэсу навучання, кожнай хвіліны. Але гэтыя вынікі немагчымы без працы над сабой кожнага ўдзельніка навучальнага працэсу. І гэтая праца працягваецца…

Надзея Жвавая, удзельніца курса дыстанцыйнага навучання “Актыўная ацэнка-2022”.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: