У свеце вельмі запатрабаваны інструментарый для ацэньвання ўзроўню сфармаванасці кампетэнцый. Актыўная ацэнка ў трэндзе!

За апошняе дзесяцігоддзе многія краіны свету правялі  рэфармаванне школьных адукацыйных стандартаў і навучальных  праграм з мэтай павышэння ўзроўню развіцця ключавых кампетэнцый. Кожная краіна распрацоўвае ўласную нацыянальную мадэль кампетэнцый, якая апісвае мэты і вынікі адукацыі. Змест кампетэнтнаснай мадэлі вызначаецца нацыянальнымі прыярытэтамі краіны, сацыяльным, культурным і эканамічным кантэкстам і адукацыйнымі традыцыямі. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі, якія сведчаць аб духоўнай, інтэлектуальнай і фізічнай сталасці асобы.  

Аналіз дзейных міжнародных і нацыянальных рамак ключавых кампетэнцый дазваляе прасачыць, якая рамка кампетэнцый была ўзята за аснову ў кожнай краіне, як праяўляецца і чым абумоўлена яе нацыянальная спецыфіка, як суадносяцца і як сфармуляваны ключавыя і прадметныя кампетэнцыі.

Азнаёміцца з аглядамі міжнародных рамачных адукацыйных дакументаў і апісаннем нацыянальных рамак кампетэнцый і рэформавання школы ў розных краінах можна па наступных спасылках:

  • Стварэнне “новай нормы” у адукацыі: што сабой уяўляе мадэль навучання XXI стагоддзя? (агляд рамачных дакументаў, у якіх апісваюцца тэндэнцыі развіцця адукацыі і  рэкамендацыі для настаўнікаў, метадыстаў, палітыкаў у адукацыі) тут 
  • Прычыны і асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі Літвы (рэформа UTA, новая рамка кампетэнцый, навучальныя праграмы) тут 
  • Польшча: Асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі. Агляд 2024 (рэформа школы, рамка кампетэнцый і асаблівасці навучальных праграм) тут 
  • У фокусе ўвагі нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі Беларусі (мадэль кампетэнцый, мэтавыя паказчыкі і чаканыя вынікі рэалізацыя канцэпцыі) тут 
  • Асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі Ўкраіны 2023 (рэформа НУШ, рамка кампетэнцый, структура навучальных праграм) тут 

Пры размежаванні ключавых кампетэнцый у Беларусі (праект рамкі) і суседніх краінах (дзейныя рамкі) улічваліся даследаванні стану адукацыі, тэндэнцыі развіцця школы, перадавыя ідэі педагагічнай навукі, рэкамендацыі міжнародных арганізацый, магчымасці забеспячэння развіцця  кампетэнцый у  навучальных праграмах і іншае. Таб.1 дазваляе праілюстраваць розныя падыходы да вылучэння ключавых кампетэнцый і іх кампаноўкі ў нацыянальныя рамкі.

Агульнае для розных краін: 

  • складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці;
  • усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі і ўзаемазвязанымі  – складнікі адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю іншай;
  • ключавыя кампетэнцыі развіваюцца праз змест,  які прадстаўлены ў навучальных праграмах вучэбных прадметаў з улікам акадэмічнай логікі і метадалогіі адпаведнай навукі, актуальнасці для школьнікаў і адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў;
  • вынікі навучання на розных ступенях і ўзроўнях адукацыі паказваюцца ў апісаннях дасягненняў навучэнцаў (адукацыйныя стандарты, навучальныя праграмы па вучэбных прадметах);
  • азначэнні ключавых кампетэнцый і іх дэталёвы перавод у структурныя мадэлі вынікаў навучання (напрыклад, такіх як кампетэнцыі прадпрымальніцтва, лічбавай кампетэнтнасці)  спалучаюцца з дыягнастычным, фарміруючым і выніковым ацэньваннем. 
  • вельмі запатрабаваны інструментарый для розных  падыходаў, якія будуць ацэньваць узровень развіцця тых ці іншых кампетэнцый;

Адрознае ў рамках ключавых кампетэнцый: 

У краінах, якія выкарыстоўваюць агульнаеўрапейскую рамку ключавых кампетэнцый (Польшча (2018), Украіна (2006)) такія базавыя навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, аналітычныя і міжкультурныя навыкі заяўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый (але, напрыклад,  пры гэтым падыходзе ў асобную кампетэнцыю вылучана прадпрымальніцкая). 

У той жа час некаторыя краіны (Літва (2022), Беларусь (2023)) некаторыя  базавыя/скразныя  навыкі разглядаюць менавіта як ключавыя кампетэнцыі (напрыклад, у нацыянальных рамках гэтых краін ёсць кагнітыўная і камунікатыўная кампетэнцыі). Лічбавая і культурная як асобныя ключавыя кампетэнцыі прысутнічаюць у нацыянальных рамках усіх пералічаных краін, акрамя Беларусі, у якой у асобную ключавую кампетэнцыю вылучана кааперацыя  (якая з’яўляецца базавым навыкам і неад’емным складнікам ключавых кампетэнцый у іншых краінах). Таксама неабходна разумець, што наяўнасць у нацыянальных рамках усіх краін аднолькавай ключавой кампетэнцыі – грамадзянскай – не азначае яе аднолькавага напаўнення (веды, навыкі і асабліва каштоўнасці/стаўленні ў розных краінах істотна адрозніваюцца). 

Адзначым заўважныя намаганні краін па вылучэнні ў асобную ключавую кампетэнцыю сукупнасці ведаў, навыкаў і каштоўнасцяў рэгуляцыі і развіцця сацыяльна-эмацыйнай сферы навучэнцаў (у рамках прысутнічаюць розныя канструкцыі кампетэнцыі: сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця (Літва), персанальная, сацыяльная і навучальная (Польшча), экалогія, здароўезберажэнне, уменне вучыцца (Украіна), устойлівае персанальнае развіццё і эмацыйная рэгуляцыя (Беларусь).  Каб належным чынам ацаніць мадэлі нацыянальных рамак  ключавых кампетэнцый неабходна параўнаць іх складнікі, напаўненне тут.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: