Аўтар – Алена Макуцэвіч, настаўніца гісторыі Астрашыцкай сярэдняй школы, выпускніца дыстанцыйных курсаў па актыўнай ацэнцы ў 2023-24 навучальным годзе.
Канспект урока згодна з прынцыпамі АА
| Урок: Гісторыя Беларусі | Дата: 06.10 2023 | Клас: 7 |
| Тэма: Развіццё культуры ў ВКЛ у першай палове 16 ст. |
| Узаемасувязь з атрыманымі раней ведамі: Гутарка па пытаннях з апорай на веды з сусветнай гісторыі: 1.Дзе і калі ўзнікла Адраджэнне? 2.Што азначае дадзенае паняцце? Чаму эпоха ў развіцці культуры атрымала такую назву? 3. Прыгадайце найбольш вядомых прадстаўнікоў эпохі Адраджэння ў Заходняй Еўропе? |
| Мэты заняткаў: – вучні будуць ведаць перадумовы распаўсюджвання эпохі Адраджэння на Беларусі; – характарызаваць асаблівасці беларускай культуры дадзенага перыяду, дзейнасць Ф.Скарыны – беларускага першадрукара, гуманіста, асветніка; М.Гусоўскага, з апорай на медыятэкст; працаваць з гістарычнай картай, тлумачыць паняцці; Задача: стварыць умовы для выхавання паважлівых адносін вучняў да культурнай спадчыны. свайго народа. Мэты мовай вучняў: даведаюся пра праявы Адраджэння ў культуры Беларусі, значэнне дзейнасці Ф.Скарыны, беларускага першадрукара, гуманіста і асветніка, пра помнікі архітэктуры і мастацтва |
| НаШтоБуЗУ: 1. Змагу параўнаць праявы Адраджэння ў культуры Беларусі і Заходняй Еўропе 2. Растлумачу, чаму Ф.Скарыну лічаць гуманістам, асветнікам, вызначу яго ролю як першадрукара 3. Змагу назваць дзеячаў літаратуры Адражэння і іх творы 4. Буду ведаць новыя рысы ў архітэктуры эпохі Адраджэння, канкрэтызую прыкладамі 5. Вызначу новыя напрамкі ў развіцці выяўленчага мастацтва перыяду Адраджэння |
Як маюць прайсці заняткі:
І. Планаванне дзейнасці
Прыём “Паркоўка ідэй”
На сцяне (блізка ад дзвярэй) размяшчаецца вялікі ліст паперы, на які можна прымацоўваць стыкеры. Ліст дзеліцца на 4 часткі, на кожнай частцы запісана пытанне.
1. Што ў мяне зараз атрымліваецца добра?
2. Што хацелася б змяніць і зрабіць інакш?
3. Якія ў мяне ёсць пытанні?
4. Што я сёння даведаўся дзіўнага?
Можна прыдумаць знакі для кожнага пытання і візуалізаваць іх.
У канцы ўрока навучэнцы запісваюць адказы на пытанні на стыкерах і прымацоўваюць іх на адпаведныя палі паркоўкі. Перад падрыхтоўкай наступнага ўрока настаўнік праглядае адказы навучэнцаў на паркоўцы і выкарыстоўвае іх для карэкціроўкі праграмы і расстаноўкі акцэнтаў на наступным уроку.
Асаблівая ўвага навучэнцаў звяртаецца на трэцюю частку паркоўкі: вучням прапануецца на працягу ўрока фіксаваць пытанні, якія няма магчымасці або часу разабраць адразу.
Чаканы вынік:
Паркоўка ідэй дазваляе вучням ананімна выказаць сваё меркаванне, а настаўніку атрымаць зваротную сувязь, адкарэктаваць выкладанне ў адпаведнасці з атрыманай ад вучняў інфармацыяй.
( “Канструктар урока”(Адукаванка)
ІІ. Настаўнік прапануе вучням працу з прыёмам “Што я бачу”
Праца з выявай “Ф. Скарына” Гравюра 1517 г.
Вучням неабходна разглядзець бачную частку выявы і падумаць, што можа быць схавана на схаванай частцы, прывесці свае аргументы, абмеркаваць варыянты. Пасля агульнага абмеркавання выява адкрываецца цалкам, вучні тлумачаць сувязь выявы з тэмай заняткаў.
На ўроку вучні разглядаюць бачную частку выявы:
__________________________________________
Ім трэба абмеркаваць і прапанаваць адказы на пытанні (дадаць):
____________________________________? ____________________________________ ?
____________________________________ ?
( “Канструктар урока”(Адукаванка)
ІІІ.Гутарка па пытаннях з апорай на веды з сусветнай гісторыі: 1.Дзе і калі ўзнікла Адраджэнне? 2.Што азначае дадзенае паняцце? Чаму эпоха ў развіцці культуры атрымала такую назву? 3.Прыгадайце найбольш вядомых прадстаўнікоў эпохі Адраджэння ў Заходняй Еўропе?
Настаўнік прапануе вучням параўнаць праявы Адраджэння ў культуры Беларусі і Заходняй Еўропе
Вучні запаўняюць табліцу, фармулююць вывад аб адрозненнях успрымання ідэй Адраджэння і іх рэалізацыі.
Узаемаапытанне ў парах. ЗС з дапамогай прыёма “Святлафор”
ІV.Настаўнік прапануе вучням ахарактарызаваць дзейнасць Ф.Скарыны з апорай на відэасюжэт
Відэа “Скарынаўская Біблія” (youtube.com)
Пытанні для працы: 1.На якой мове напісана Біблія? 2. Якія асаблівасці Скарынаўскай Бібліі вы можаце назваць? 3. У чым вы бачыце станоўчае значэнне выдавецкай дзейнасці Скарыны? *4.Калі б вы здымалі фільм пра Скарыну, на якія моманты жыцця звярнулі ўвагу?
V. Праца ў групах з тэкстам падручніка стар. 42-45:
1 група – развіццё жывапісу; ( назавуць напрамкі ў развіцці беларускага жывапісу, канкрэтызуюць прыкладамі з падручніка)
2 група – развіццё літаратуры; (назавуць дзечаў літаратуры і іх творы, аналіз паэмы “Песня пра зубра” ) Мікола Гусоўскі – Урывак з паэмы “Песня пра зубра” (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы…) (karotkizmest.by)
3 група – развіццё архітэктуры. (назавуць новыя рысы ў развіцці архітэктуры, канкрэтызуюць прыкладамі з падручніка)
Групы абменьваюцца інфармацыяй. Ствараецца тэзісны канспект.(дапамога настаўніка)
VI Першаснае замацаванне набытых ведаў і ўменняў вучням (на выбар настаўніка)
І варыянт: выканаць заданні тэста электроннага рэсурса
Рэлігія і культура ў Вялікім Княстве Літоўскім у першай палове XVI ст. (eior.by)
Першыя тры пытанні тэста на замацаванне папярэдняй тэмы. У вучняў з’яўляецца магчымасць зрабіць работу над памылкамі дома, яшчэ раз звярнуцца да тэста.
ІІ варыянт: тэкст з пропускамі.
1.У першай палове XVI ст. на беларускія землі прыйшла эпоха______________. Першымі яе ідэі ўспрынялі магнаты і_______________,_____________. Сваёй папулярнасцю яна была абавязана новаму тэхнічнаму вынаходніцтву____________________. Цэнтральнай асобай гэтай эпохі з’яўляўся _________________. У _______годзе пачаў друкаваць свае кнігі ў Празе. Першай кнігай, якая выйшла ў Вільні ў_______ годзе, стала “Малая падарожная кніжка”. Пазней у ____годзе выйшла кніга” Апостал”. Прапануе вучням адказаць на пытанне: *Як вы лічыце, якімі дасягненнямі Адраджэння могуць ганарыцца беларусы?
Абавязкова прадастаўляюцца правільныя варыянты адказаў.
Зварот вучняў да прыёма “Паркоўка ідэй”
| Ключавыя пытанні да вучняў: 1.Як вы лічыце, ці актуальныя для нас сёння ідэі Ф.Скарыны, дайце абгрунтаваны адказ. 2.Якія дасягненні Адраджэння, на вашу думку, могуць выклікаць гонар у сучаснага пакалення? |
| Хатняе заданне: §6, заданні карткі “НаШтоБуЗУ”пытанні да абагульнення Спасылка на электронную версію ўрока https://helena1.netboard.me/ll6lba4h7gtbhoc/?link=EkJtLmBF-02TqiC9w-Zl7hwULn |