Візіт да беларускіх настаўнікаў

Мікалай Запрудскі і Данута Стэрна

Мікалай Запрудскі і Данута Стэрна

Данута Стэрна, Варшава, CEO

Фестываль АА ў Беларусі, 15-16 чэрвеня 2017

Зноў у настаўнікаў у Беларусі. Цудоўная эмацыйная сустрэча. Гэтым разам нас прымала Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, дзе працуюць выкладчыкі, якія супрацоўнічаюць з намі ў актыўнай ацэнцы…

Першы дзень канферэнцыі быў прысвечаны нашаму польскаму досведу, а другі – майстар-класам беларускіх настаўнікаў. Канферэнцыю, удзельнікамі якой сталі больш за 90 настаўнікаў, распачаў выкладчык АПА Мікалай Запрудскі, які з самага пачатку (з таго часу мінулася ўжо 7 год!) захапіўся актыўнай ацэнкай і з’яўляецца рухавіком зменаў у беларускай адукацыі.

Тут я мушу абавязкова згадаць пра метадычны летнік, які Мікалай Іванавіч праводзіць ужо больш за 25 год. На гэты летнік штогод прыязджаюць каля 50 настаўнікаў, жывуць за свае грошы ў лесе ў палатках і ўдасканальваюць педагагічнае майстэрства. І штогод ахвотных прыехаць значна больш, чым месцаў у летніку, таму М.І. Запрудскі адбірае ўдзельнікаў летніка на конкурснай аснове. Калісьці мы разам з Ёаннай Соцька думалі, што можна было б нешта падобнае арганізаваць у Польшчы, але не ўпэўненыя, што знайдуцца ахвотныя.

На канферэнцыі ў пераважнай большасці былі настаўнікі, але таксама мы сустрэлі некалькіх дырэктараў школ. Магчыма, у нас атрымаецца наладзіць супрацу?

Гэтым разам на канферэнцыю я паехала з Аляксандрай Мікульскай. Увогуле ж на працягу гэтых сямі год супрацы толькі аднойчы ў мяне не атрымалася прыехаць на Беларусь.

Нашыя заняткі датычыліся трох тэм:

·                 стратэгічныя пытанні – якія пытанні варта задаваць вучням, каб працаваць з АА. Складанне “гексаў” (шасцікутнікаў), прызначаных для працы з АА;

·                 практыкі супрацы настаўнікаў – некалькі практык супрацы настаўнікаў з мэтай удасканалення працэсу навучання;

·                 пазнаваўчыя ўзроўні адукацыйнага задання – як вызначыць узровень задання і як гэты ўзровень павысіць.

Гэтымі тэмамі мы займаліся на працягу першага дня фестываля АА. На другі дзень майстар-класы праводзілі беларускія настаўнікі. У адным з гэтых  майстар-класаў, што быў прысвечаны мэтам і крытэрыям поспеху, я прыняла актыўны ўдзел. І гэта была адна з тых рэчаў, якім я тут навучылася: рабіць майстар-клас не агульнага характару, а на вельмі вузкую тэму. Майстар-клас жа распачаўся з такога пытання: “Калі настаўнік вызначае перад урокам мэты, ён павінен канцэнтравацца на інтарэсах вучняў ці на сваіх інтарэсах?”.

Таксама я навучылася таму, што вельмі добра мець падтрымку вышэйшай навучальнай установы. Агульная – паміж настаўнікамі-практыкамі і метадыстамі – размова пра добрае навучанне дае добрыя вынікі. CEO (цэнтр грамадзянскай адукацыі) наладзіў супрацу з Акадэміяй спецыяльнай педагогікі, а таму спадзяюся, што наша супраца ў галіне АА будзе эфектыўнай і, магчыма, нават пашырыцца на Беларусь.

Яшчэ на фестывалі беларускімі настаўнікамі былі прадстаўлены іх уласныя педагагічныя ідэі, звязаныя з АА. Было шмат праектаў, сярод якіх удзельнікі выбіралі найлепшыя. Перамог праект сшытка да ўрока з практычным заданнем.

Нам гэта адразу нагадала АА-сшытак, які карыстаўся вялікім інтарэсам з боку беларускіх настаўнікаў. Тут жа ўсіх здзівіла тое, што гэты праект выканалі чатыры настаўніцы з розных школ і гарадоў, кантактуючы толькі дыстанцыйна. Іншыя ж праекты таксама былі вельмі цікавымі.

Фотаздымкі з канферэнцыі можна паглядзець тут: https://goo.gl/photos/WFoftqsKxW664yts7

Уражвае і натхняе энтузіям настаўнікаў. Фэст скончыўся чытаннем верша пра АА і спяваннем песні, прысвечанай актыўнай ацэнцы.

Матэрыялы Фестывалю педагагічных ідэй “Стратэгіі актыўнай ацэнкі” можна паглядзець тут.


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: