Аўтар – настаўнік гісторыі СШ№175 Мінска, студэнт дыстанцыйных курсаў па актыўнай ацэнцы ў 2017-18 навуч. годзе.
Ментар Алена Палейка пра ўрок арцёма Курыцына: ” У другой чвэрці Ваш урок будзе вельмі дарэчы настаўнікам грамадазнаўства. Ваш урок метадычна дасканалы – яго можна паказваць у якасці ўзору інтэграцыі актыўнай ацэнкі ў навучанне нашым настаўнікам і чыноўнікам ад адукацыі. Асабліва чыноўнікам, якія слаба разумеюць, што ядром эфектыўнага навучання з’яўляецца менавіта зваротная сувязь, а не ўдасканаленая дзесяцібалка. Дзякуй вялікі Вам за гэта.
Калега! Асобны рэспект за беларускамоўны варыянт. Дзякуй, што клапоціцеся. Беларускае – перад усім! “
Тэма: “Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі”
Грамадазнаўства, 10 клас
Мэты ўрока:
1) сфармаваць веды навучэнцаў пра сацыяльна-эканамічныя функцыі дзяржавы, а таксама аб механізмах дзяржаўнага рэгулявання эканомікі;
2) развіваць крытычнае мысленне, уменне ўсталёўваць прычынна-следчыя сувязі, перапрацоўваць і структураваць інфармацыю, фармуляваць і аргументаваць сваё меркаванне;
3) павысiць узровень эканамічнай адукаванасці.
Мэты ўрока мовай вучня:
Я даведаюся:
1) Якія эканамічныя функцыі дзяржавы лічацца ў грамадстве найбольш важнымі.
2) Што такое падаткі і навошта яны патрэбныя.
3) Якія метады дзяржаўнага рэгулявання з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі.
НаШтоБуЗУ:
1) Буду правільна выкарыстоўваць паняцці “дзяржаўны бюджэт”, “падаткі”;
2) Змагу распазнаваць віды падаткаў і характарызаваць эканамічныя функцыі дзяржавы;
3) Пазнаёмлюся з метадамі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу
Абсталяванне: вучэб.-метад. дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з беларус. і рус. мовай навучання / В. Н. Гірына, Е. І. Снапкова, Е. І. Шалашкевіч. – Мінск: Народная асвета, 2012.
План
І. Арганізацыйна-матывацыйны этап.
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
1.Эканамічныя функцыі дзяржавы.
2.Падатковая сістэма. Дзяржаўны бюджэт.
3.Метады рэгулявання дзяржавай эканомікі.
ІІІ. Кантрольна-ацэначны этап.
IV.Рэфлексія
- Дамашняе заданне
Ход урока
І. Арганізацыйна-матывацыйны этап.
Сувязь з папярэднімі ведамі: дзеці ведаюць, што такое эканоміка, эканамічная сістэма, рынкавая эканоміка; могуць назваць асноўныя тыпы эканамічных сістэм, разумеюць эканамічны цыкл і сутнасць рынкавай эканомікі. Выкарыстанне прыёму трох пытанняў.
Настаўнік пытае “Пра што пойдзе гаворка на сённяшнім уроку?” Дзеці называюць тэму, і сумесна распрацоўваюць мэту ўрока на мове вучняў.
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
На дошцы пішацца ключавое пытанне, дзецям прапануецца на працягу ўсяго ўрока рабіць пазнакі для адказу на гэтае пытанне.
“Ці можа дзяржава адмовіцца ад рэгулявання эканомікі?”. Выкарыстанне прыёму “Доказ таго, што я вучуся”.
Настаўнік. Арганізоўваем сваю працу ў адпаведнасці са складзеным алгарытмам. Першае пытанне – “Эканамічныя функцыі дзяржавы”. Выкарыстанне прыёму “малых крокаў”.
Праца з падручнікам на с. 103-105. Складанне табліцы “Функцыі дзяржавы ў рынкавай эканоміцы”.
У якасці прамежкавага кантролю разумення навучэнцамі матэрыялу выкарыстоўваецца прыём “Святлафор”.
Адкрытае пытанне “Адной з галоўных функцый дзяржаўнай эканамічнай палітыкі з’яўляецца рашэнне сацыяльных праблем. Чаму дадзеная праблематыка мае такое вялікае значэнне? Чаму вы так думаеце?”
Другое пытанне тэмы – “Падатковая сістэма. Дзяржаўны бюджэт”.
Праца з другім пунктам параграфа § 12.
Праца навучэнцаў у групах з тэкстам навучальнага дапаможніка на с. 106-107, складанне схемы крыніц паступлення сродкаў у дзяржаўны бюджэт.
Абмеркаванне магчымага стану бюджэту – прафіцыту і дэфіцыту. Размежаванне дадзеных паняццяў на аснове этымалогіі дадзеных тэрмінаў (дэфіцыт паходзіць ад лацінскай прыстаўкі de- і дзеяслова “facere”, а прафіцыт ад прыстаўкі pro- і таксама дзеяслова “facere”. Слова “facere” выкарыстоўвалася ў сэнсе “рабіць”, прыстаўка de- заўсёды азначае недахоп чаго-небудзь, прыстаўка pro- азначае “рух наперад”, іншымі словамі перавышэнне чаго-небудзь над чымсьці).
Адкрытае пытанне “Як вы лічыце, чаму ўскосныя падаткі выклікаюць у людзей нашмат менш незадаволенасці чым прамыя?”
У якасці прамежкавага кантролю разумення навучэнцамі матэрыялу выкарыстоўваецца прыём “Святлафор”.
Трэцяе пытанне тэмы – “Метады рэгулявання дзяржавай эканомікі“.
Міні-даклад аднаго з навучэнцаў на тэму “Віды дзяржаўнага рэгулявання эканомікі”.
Абмеркаванне асноўных высноў даклада ў парах. Агульная дыскусія на тэму “Ці ўсё меры дзяржаўнага рэгулявання эканомікі аднолькава эфектыўныя”.
Дзецям задаецца пытанне: “Ці ўсё мэты і задачы мы выканалі на ўроку?”
Калі так, дзеці павінны ўстаць і папляскаць у далоні, калі не, дзеці ўстаюць, і тупаюць нагамі. “Калі ўсё выканалі, то давайце паспрабуем адказаць на пытанне, якое змешчана на дошцы”.
Ключавое пытанне:
Ці можа дзяржава адмовіцца ад рэгулявання эканомікі?
Адказы навучэнцаў
ІІІ. Кантрольна-ацэначны этап. Прыём “Святлафор”
Мэта: выяўленне, як дзеці засвоілі новы матэрыял.
Тэст для замацавання.
Дзеці абменьваюцца сшыткамі са сваім суседам па парце, правяраюць і дапаўняюць адказы (зялёнай ручкай) – абменьваюцца зноў сшыткамі.
Прыём ацэньвания цяжкасцей.
- Рэфлексія.
Задаецца пытанне: “Па якой тэме мы працавалі сёння на ўроку?”
Дзецям прапаноўваецца ацаніць сваю працу па НаШтоБуЗу сігнальнымі карткамі “святлафора”.
Зялёны – зразумеў добра, жоўты – ёсць невялікія цяжкасці, чырвоны – шмат незразумелага.
Навучэнцы працягваюць фразу па выпадковым выбары са скрыначкі з прозвішчамі.
- Мне больш за ўсё запомнілася…
- Гэта асабліва мяне зацікавіла…
- Мяне здзівіла….
- Мне было складана…
Дамашняе заданне § 12, пытанні і заданні (с. 109).
План-канспект урока на рускай мове: