Вераніка Гутарава: эсэ “АА у маёй прафесійнай дзейнасці: ад праблем да эфектыўнай практыкі”

Аўтар – настаўніца гісторыі Дукорскай СШ Пухавіцкага раёна, выпускніца дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы ў 2018-19 навучальным годзе.

“Кожны чалавек ў сваім жыцці сутыкаецца з нейкімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Яны навокал нас: у паўсядзённым жыцці, у зносінах з людзьмі, у сям’і, і, канечне, на працы. Чалавек любой прафесіі штодзённа сутыкаецца з нейкімі праблемамі.

У сённяшні час, на мой погляд, дзейнасць педагога найбольш складаная: шмат справаздач, абмежаванасць часу, бесперапынныя рэформы, змены праграм, недахоп падручнікаў… Гэты ланцужок можна працягваць бясконца. І я, як педагог, не выключэнне: кожны дзень, нават гадзіну паўстаюць нейкія прафесійныя пытанні, якія патрабуюць рашэння, а знайсці іх не вельмі проста. Рыхтуючыся да ўрокаў, сутыкаешся з цяжкасцямі: як падаць вучням новы матэрыял, каб зацікавіць іх і мець вынікі? Як зрабіць навучанне асэнсаваным і матываваным? Якую тэхналогію альбо методыку выкладання выкарыстаць каб дасягнуць усіх пастаўленых мэт? Як наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі і прывесці іх да разумення таго, што дзецям неабходна іх дапамога і падтрымка? Як выбраць “тую самую” методыку, якая будзе эфектыўнай, і не згубіцца ў іх мностве? Я з’яўляюся сучасным настаўнікам, працую па разнастайных методыках, але толькі прымяненне ў маёй практыцы Актыўнай ацэнкі дазволіла вырашыць усе мае пытанні і цяжкасці.

Працу з АА пачала ў 5 і 10 класах на ўроках гісторыі і грамадазнаўства. Спачатку было складана, бо не хапала часу: трэба было фармуляваць мэты, НаШтоБуЗу, знайсці час на сувязь з бацькамі, пераканаць іх, наладзіць з імі ўзаемадзеянне, а пасля засваення метадычнага блока, прысвечанага зваротнай сувязі, увогуле паўстала пытанне: чаму ў сутках толькі 24 гадзіны? Адкуль браць час на каментары для вучняў? Як быць? Усё было цяжкім і складаным, бо неабходна было засвоіць новую мадэль навучання, навучыць дзяцей працаваць па-новаму.

І ведаеце, я не шкадую, што столькі часу было затрачана, бо мы маем станоўчыя вынікі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Вучні:

  • засвоілі новую мадэль навучання і нават пачалі “пераносіць” яе на іншыя ўрокі;
  • прыйшлі да разумення таго, што вучыцца патрэбна не дзеля адзнакі, а дзеля ведаў;
  • не баяцца памыліцца, бо ведаюць, што любая памылка – гэта крок да эфектыўнага навучання, бо яны маюць магчымасць дапрацаваць;
  • “уцягнуліся” у працу з АА і самастойна вызначаюць для сябе мэты ўрока, фармуліруюць НаШтоБуЗу, вучацца аб’ектыўна ацэньваць работы адзін аднаго (што вельмі палягчае працу настаўніка);
  • ведаюць, што ім неабходна засвоіць або зрабіць на ўроку і гэта паляпшае іх узровень ведаў (і адзнакі таксама).

Бацькі:

  • пачалі разумець, што з’яўляюцца неад’емнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, а самае галоўнае пачалі актыўна ўцягвацца ў яго, удзельнічаць у ім;
  • палепшылі адносіны і сувязі адзін з адным і з дзецьмі;
  • наладзілі супрацоўніцтва з настаўнікам;
  • пераканаліся ў эфектыўнасці прымянення АА.

А самае галоўнае, што прымяненне АА мае станоўчыя вынікі для маёй педагагічнай дзейнасці:

  • дзякуючы АА я зрабіла бацькоў сваімі памочнікамі, што палегчыла разуменне адзін аднаго і патрэб адукацыйнага працэсу;
  • я дасягнула тых мэт, якія з’яўляюцца ключавымі ў маёй педагагічнай дзейнасці: навучанне стала для дзяцей цікавым (назіраецца актывізацыя пазнавальнай і даследчай дзейнасці), матываваным (яны разумеюць, што за вынікі працы адказнасць ляжыць на іх, а не на настаўніку), якасным (вучні больш сур’ёзна падыходзяць да засваення матэрыяла), узаемным (дзеці вучацца разам, саперніцтва поўнасцю выкаранена), самаадданым (раней яны не жадалі заставацца пасля ўрокаў, давучваць і дапрацоўваць, а цяпер, наадварот, ведаюць, што маюць абежаваны тэрмін на выпраўленне работ і карыстаюцца кожнай вольнай хвілінкай), выніковым (кожны бачыць вынік сваёй працы, імкнецца да  лепшых вынікаў);
  • прымяненне АА паўплывала на асобу кожнага вучня (назіраецца з’яўленне такіх якасцей, як: самастойнасць, крытычнасць, сур’ёзнасць, адказнасць, жаданне дамагаць слабейшаму і інш.), прывяло да фарміравання новых навыкаў і ўменняў (самааналіз і самаацэнка, узаемааналіз і ўзаемаацэнка, супрацоўніцтва і інш.);
  • павысіліся вынікі вучэбнай дзейнасці (5 клас: у першай чвэрці сярэдні бал 6,8, у другой – 7,0, у трэцяй прагназуецца каля 7,2-7,5. Назіраецца рост вынікаў вучэбнай дзейнасці і ў 10 класе).

Усё гэта разам прывяло да разумення таго, што АА дапамагае школьнікам вучыцца. Самае галоўнае, з пункту гледжання настаўніка – мая праца стала для мяне больш цікавай, кожную раніцу іду на працу з усмешкай на вуснах, бо ведаю, што там мяне сустрэнуць мае любімыя вучні, якія будуць з нецярпеннем чакаць званка на ўрок. Дзякуючы прымяненню АА я адчула сябе сапраўдным настаўнікам і я ганаруся гэтым!

Можа маё эсэ і не зусім адпавядае патрабаванням, але гэта ўсё ад душы. Я імкнулася выказаць свае думкі наконт выкарыстання АА. Буду спадзявацца, што вы мяне зразумееце.

Самае галоўнае для мяне – я знайшла сваю методыку работы. Раней не адчувала аддачы ад вучняў, адукацыйны працэс быў вельмі манатонным, нават узнікалі думкі кінуць выкладчыцкую дзейнасць і шукаць новую працу. Прымяненне АА адкрыла для мяне новыя гарызонты: з’явіўся сэнс працы, пачуццё задаволенасці.

Шчыры дзякуй вам за такі цудоўны курс!”

 


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Увядзіце лічбу: