Аўтар – Павел Лічэўскі, настаўнік беларускай мовы гімназіі №1 Пінска.
Настаўнікі гімназіі №1 імя Ф.Я. Перца г. Пінска пачалі выкарыстоўваць праграму Plickers на ўроках. З дапамогай праграмы сапраўды можна лёгка і хутка вызначыць, які матэрыял добра засвоены вучнямі, а які неабходна паўтарыць. А калі сфармуляваць пытанні па некалькіх тэмах, то можна ўбачыць, якая з тэм засвоена лепш, а якая горш. Лёгка можа вызначыць настаўнік, якім чынам падаць матэрыял, калі ў двух класах адну і тую ж тэму раскажа па-рознаму, а потым правёўшы тэставанне ўбачыць, пры якім тлумачэнні вучні засвоілі матэрыял лепш. Увогуле, сцэнары выкарыстання могуць быць розныя… Калі ўзнікнуць пытанні – задавайце, абавязкова адкажам.
На гэтым відэа вы ўбачыце выкарыстанне праграмы Plickers настаўнікамі Паўлам Лічэўскім (бел. мова), Святланай Вячорка (пачатковыя класы), Наталляй Клімянковай (англійская мова).
Відэа Выкарыстанне праграмы Plickers на ўроку
Алена Палейка каментуе гэты прыём: “Па-першае, бачым аператыўную зваротную сувязь (дыягностыка цяжкасцей і прабелаў у засваенні тэмы, дае інфармацыю настаўніку і вучням па працэсу навучання, і потым – кантроль ведаў (адзнака)).
Па- другое, мы бачым як гаджэты як мабільныя прылады можна выкарыстоўваць на ўроку (смартфон у настаўніка).
Па-трэцяе, добры крок да стварэння сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі (мэта Вашага інавацыйнага праекта па медыяадукацыі).
Шчыры ДЗЯКУЙ, #гаджэты на ўроках!”
Інструкцыя аб выкарыстанні праграмы Plickers ад Паўла Лічэўскага.
Для выкарыстання ў працэсе навучання патрэбен камп’ютар, падключаны да сеткі Інтэрнэт і смартфон або планшэт, таксама падключаны да сеткі Інтэрнэт
З камп’ютара заходзім на сайт https://plickers.com рэгіструемся. На закладцы Classes +Add nev class ствараем клас: пішам назву класа, выбіраем год навучання, прадмет .
Складаем спіс вучняў (раблю гэта па спісу школьнага журнала і вучню буду даваць картку з такім нумарам, пад якім нумарам яго прозвішча ў класным журнале і ў спісе створанага класа, спіс класа запісваю па-беларуску). Адкрываем закладку Cards, выбіраем варыянт карткі і раздрукоўваем (пакуль што, мы выбралі першы варыянт з прапанаваных), папрасілі бацьку вучня, які працуе ў тыпаграфіі, і ён раздрукаваў на картоне (зручней карыстацца картоннымі, пробны варыянт можна раздрукаваць на простай паперы). Потым пераходзім на закладку Library, ствараем тэст: ствараем папку, даем назву, адкрываем папку і заносім тэст, кожнае пытанне тэста дабаўляем у чаргу (канешне, спачатку раблю на паперы, а потым пераношу на камп’ютар).
На смартфон або планшэт устанаўліваем з дапамогай Google Play праграму Plickers.
На камп’ютары адкрываем закладку Live View
На смартфоне або планшэце запускаем праграму Plickers, там з’яўляецца назва класа (класаў), націскаем на назву класа, з’яўляюцца тэставыя пытанні, націскаем на першае пытанне, на экране камп’ютара з’яўляецца гэтае пытанне і спіс вучняў класа. Наводзім фотакамеру смартфона на клас, прашу вучняў падняць картку адпаведным чынам і націскаю на значок фотакамеры (у верхнім правым кутку экрана), абводжу фотакамерай клас (нічога страшнага, калі і некалькі разоў, на экране зафіксуецца толькі адзін раз, вучні глядзяць на экран і сочаць, ці з’явіўся каля іх прозвішча значок “птушачкі”). Потым вяртаемся назад да пытанняў, выбіраем наступнае пытанне , націскаем на значок фотакамеры г.д. Калі прайшлі ўсе пытанні, на камп’ютары пераходзім на закладку Reports, адкрываем яе і аналізуем адказы.
Крыніца: суполка “Медыяадукатар” у Google+